Калектыў КСУП «Чырвоны баец» падчас справаздачнага сходу падвёў вынікі мінулага сельскагаспадарчага года

Ёсць рэзервы для развіцця
Калектыў КСУП «Чырвоны баец» падчас справаздачнага сходу падвёў вынікі мінулага сельскагаспадарчага года: былі агучаны дасягнутыя поспехі, абмеркаваны пралікі
і недапрацоўкі, а таксама вызначаны задачы на год бягучы.

Удзел у справаздачы прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Сакадынец і старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Віктар Ставер.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў сходу, Алена Сакадынец адзначыла, што дзякуючы неабыякавым і ўлюбёным у сваю зямлю людзям, гаспадарка захавала станоўчую дынаміку эканамічнага развіцця, па многіх паказчыках дасягнула дастойных вынікаў. Так, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг склала на аднаго працуючага каля 131 тыс. рублёў (+16,1% да 2024 года). Ад рэалізацыі прадукцыі атрымана 1,5 млн рублёў прыбытку, а на 1 балагектар прыбытак склаў 16,7 тыс. рублёў. На 244 галавы павялічана пагалоўе БРЖ, а ў цэлым па раёне гэтая лічба склала 1000 галоў.
Летась раслінаводамі сельгасарганізацыі атрымана 5,1 тыс. т (+983 т) збожжавых і зернебабовых у вазе пасля дапрацоўкі. Атрымалі 10,4 тыс. т цукровых буракоў і 749 т масланасення рапсу.

Па словах Алены Аляксандраўны, дасягненню такіх вынікаў пасадзейнічала зладжаная і адказная праца ўсіх працаўнікой гаспадаркі. Значны ўклад у агульную справу ўнеслі Сяргей Барадзін, Дзмітрый Аляксееў, Алена Цяніцкая, Ірына Гукава, Галіна Здункевіч, Алена Макаронак і многія іншыя. Яна адзначыла, што наперадзе ў аграрыяў КСУП «Чырвоны баец» нямала адказных і важных задач, якія пры агульнай зацікаўленасці абавязкова будуць увасоблены ў жыццё.
– Галоўнае, на што трэба звярнуць увагу, – адзначыла старшыня райсавета дэпутатаў, – павелічэнне рэнтабельнасці вытворчасці. Менавіта на гэтым эканамічным паказчыку акцэнтуецца ўвага, а яго выкананне будзе садзейнічаць павелічэнню выручкі, а значыць – і заработнай платы. Таму кожны павінен прыкладаць усе намаганні для таго, каб вытворчасць сельгаспрадукцыі была самаакупнай. Першы і важны этап для гэтага – захаванне працоўнай і асабістай дысцыпліны, нацэленасць на высокія вынікі.
Адрасуючы працаўнікам падзяку за добрасумленную працу, яна выказала ўпэўненасць, што ўсе задачы, пастаўленыя перад імі, будуць паспяхова выкананы.

Алена Сакадынец уручыла Падзяку райвыканкама аператару машыннага даення Валянціне Марцючэнка, Падзяку райсавета дэпутатаў – трактарысту-машыністу Аляксандру Сіндараву. Ганаровай граматай упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні быў адзначаны слесар-рамонтнік Сяргей Гукаў.
У сваю чаргу кіраўнік гаспадаркі Сяргей Лянкевіч звярнуў увагу на тое, што ў бягучым годзе ў гаспадарцы плануецца зрабіць акцэнт на вырошчванне культур, рэалізацыя якіх дасць магчымасць атрымліваць прыбытак. Для гэтага будзе зменена структура пасяўных плошчаў, пасевы некаторых культур будуць павялічаны. Агучыў кіраўнік гаспадаркі і дапушчаныя пралікі, якія не дазволілі дабіцца па некаторых пазіцыях лепшых паказчыкаў.
Што тычыцца бягучага года, то па словах кіраўніка сельгаспрадпрыемства, асаблівую ўвагу неабходна будзе ўдзяліць забеспячэнню кармамі грамадскага статка і паляпшэнню іх якасці. Таму перад інжынернай службай гаспадаркі стаяць важныя задачы па падрыхтоўцы тэхнікі, своечасовай уборцы зялёнай масы са строгім захоўваннем тэхналогіі вытворчасці кармоў. Увогуле ж, асноўнымі задачамі на бягучы год у галіне раслінаводства Сяргей Мікалаевіч назваў строгае захаванне тэхналогіі вырошчвання і таварнасць прадукцыі.

Для таго, каб своечасова і якасна выконваліся палявыя работы, машынна-трактарны парк гаспадаркі летась папоўніўся новай тэхнікай. У планах на бягучы год у галіне жывёлагадоўлі кіраўнік назваў увядзенне ў эксплуатацыю хлява для грамадскага статка.
Затым адбылася цырымонія ўзнагароджання лепшых працаўнікоў сельгаспрадпрыемства. Словы віншаванняў напярэдадні Дня жанчын прагучалі ў адрас цудоўнай паловы чалавецтва, кожная з прысутных у зале атрымала кветкі.
Добры настрой падарылі ўдзельнікам справаздачнага сходу ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці і работнікі культуры раёна.





Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.