Жніво славіць герояў

У мінулы аўторак, 11 жніўня, на збожжатоку ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» адбылося ўрачыстае ўшанаванне лідараў Жніва-2026. Прадстаўнікі органаў улады і прафсаюзныя лідары павіншавалі галоўных герояў страды, чыя праца напаўняе засекі збожжам: старшага камбайнера Андрэя Дразда, вадзіцеляў-чатырохтысячнікаў Сяргея Іваніцкага і Міхаіла Семянкова.


Старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава адзначыла, што Кіраўскі раён уносіць важкі ўклад у абласны намалот, а добрасумленная праца, дасягненні і поспехі аграрыяў Кіраўшчыны – падстава для агульнага гонару.
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Багель падзякаваў працаўнікам палёў: «Кожная тона збожжа – вынік вашай нястомнай працы. У адным шэрагу з вопытнымі аграрыямі стаіць моладзь. За плячыма Андрэя – моцны тыл, ён патомны хлебароб. Сёння мы ганарымся не проста лічбамі, мы ганарымся нашай зменай. Дарэчы, гістарычная планка «Рассвета», закладзеная яшчэ Кірылам Пракопавічам Арлоўскім, заўсёды патрабавала выкладвацца на ўсе сто. Радуе, што гэтая патрабавальнасць да працы перадаецца ў нас з пакалення ў пакаленне».
Да віншаванняў далучыліся прафсаюзныя лідары. Падарункавы сертыфікат Беларускага прафсаюза работнікаў АПК быў уручаны старшаму камбайнеру Леаніду Багамолаву, чыя праца адрозніваецца асаблівай стараннасцю.

Па стане на 17.40 10 жніўня старшы камбайнер ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» Андрэй Дрозд перасягнуў адзнаку ў 3006 тон намалочанага збожжа. Такім чынам, малады хлебароб стаў першым на Магілёўшчыне і ў Кіраўскім раёне камбайнерам-трохтысячнікам. Гэты рубеж не проста так скарыўся менавіта Андрэю – з дзяцінства ён ведае цану хлебаробскай справе, цяперашняя уборачная для яго юбілейная – дзясятая. Да стараннасці і вопыту перадавіка дададзена яго майстэрства, выпрацаванае гадамі практыкі. Працоўныя поспехі, якія Андрэй ставіць жніво за жнівом, – магутны стымул для тых маладых хлопцаў, хто яшчэ сумняваецца, ці варта ісці працаваць у АПК. Сучасныя рэаліі даказваюць: сфера сельскай гаспадаркі дае магчымасць зарабляць, расці прафесійна і адчуваць сябе гаспадаром на сваёй зямлі.

Увечары мінулай нядзелі, 9 жніўня, вадзіцелі Дзмітрый Мендзелеў з КСУП «Ніва-Барсукі» і Сяргей Іваніцкі з ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» паставілі чарговыя рэкорды на жніве – абласныя, раённыя і асабістыя. Адначасова яны пераадолелі мяжу ў чатыры тысячы тон перавезенага ад камбайнаў збожжа, сталі першымі вадзіцелямі-чатырохтысячнікамі ў вобласці. Гэты двайны рэкорд стаў лепшым доказам таго, што Жніво-2026 ідзе па ўсім раёне адзіным магутным фронтам, а харчовая бяспека рэгіёна трымаецца на плячах надзейных людзей.
На наступны дзень адбылося традыцыйнае ўшанаванне лідараў працоўнага спаборніцтва.
«Чатыры тысячы перавезеных тон – гэта значны рэзультат і для вас асабіста, і для раёна, і для вобласці, – звярнулася да вадзіцеляў старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава. – Але галоўнае ў гэтым дасягненні не толькі танаж. Сёння мы бачым вынік каласальнай працы кожнага, хто шчыруе на ўраджай. Убраны з палёў хлеб – аснова стабільнасці нашага раёна і ўсёй краіны. Пакуль нашы людзі ўмеюць так працаваць, мы можам быць спакойныя за заўтрашні дзень».
Да віншаванняў перадавікоў далучыліся член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» Аляксандр Багель, першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксей Арцёмчык, дырэктар КСУП «Ніва-Барсукі» Іван Рыняк, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер і іншыя. У рамках рэспубліканскай акцыі «Прафсаюзы дзякуюць аграрыям за хлеб» шэрагу ўдзельнікаў уборачнай кампаніі ў Кіраўскім раёне ўручаны Падарункавыя сертыфікаты Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

З гэтай ганаровай місіяй раён наведалі намеснік старшыні Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Талайка і старшыня Магілёўскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Пятровіч.
Падзякі прафсаюзаў за высокі прафесіяналізм, вернасць выбранай прафесіі, уклад у станаўленне і развіццё АПК удастоены вадзіцель Юрый Кітоў, збожжаўборачны экіпаж Дзяніса Казанцава і Аркадзя Цяніцкага з КСУП «Чырвоны баец»; вадзіцель Дзмітрый Мендзелеў з КСУП «Ніва-Барсукі»; вадзіцель Вадзім Ульзутуеў з КСУП «Жылічы»; вадзіцель Сяргей Комар з ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне»; старшы камбайнер Джыкіа Джанелі з ААТ «Дабаснянскае».
«Хлеб немагчыма вырасціць і сабраць без каласальных укладанняў. Гэта пот, пыл, раннія ўздымы, напружаная праца ад світання да заходу, – адзначыў Уладзімір Талайка падчас сустрэч з хлебаробамі. – Наша задача ўсебакова падтрымліваць людзей працы, забяспечыць ім своечасовую выплату заработнай платы, гарачае харчаванне ў полі і ўпэўненасць у заўтрашнім дні».
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара і Алесі ПРЫГАЖАЕВАЙ.