Яблычны Спас нам яблыкаў прыпас


19 жніўня прайшоў штогадовы раённы фестываль «Яблычны Спас». Прыгожа аформленая ручнікамі, яблыкамі і каласамі пляцоўка разгарнулася ў зоне адпачынку «Крынічка» на тэрыторыі вадасвятнага комплексу Святога Аляксандра Неўскага ў в.Пацава Слабада.
Гэты дзень – Ператварэнне Гасподняе – у народзе называюць Яблычным Спасам, дзе слова «Спас» сімвалізуе Хрыста-Збавіцеля. Традыцыйна ў храмах праводзяцца богаслужэнні, пасля іх праходзіць асвячэнне яблыкаў і іншых пладоў у знак падзякі Богу за ўраджай.

Садавіну на фестывалі асвяціў настаяцель храма Покрыва Ператварэнне Гасподняе іерэй Уладзімір Леановіч: «Хочацца пажадаць, каб у дні святкавання Праабражэння Збавіцеля мы акцэнтавалі сваю ўвагу больш не на плёне зямным, а на плёне духоўным і дзякавалі Хрысту, які любіць нас».
Існуе павер’е: асвячоны яблычак, з’едзены ў гэты дзень, а таксама ўпрыгожанае стужачкай яблыневае дрэва могуць выканаць загаданае жаданне. На фестывалі даверыць свае жаданні можна было інсталяцыі ў выглядзе яблыні, павязаўшы на яе рознакаляровыя стужкі. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах частавалі ўдзельнікаў свята садавінай, выпечкай і гарбатай. Усе жадаючыя маглі купіць агародніну і садавіну, якую прапаноўвалі арганізацыі і сельгаспрадпрыемствы раёна.

Час Яблычнага Спасу – гэта яшчэ і развітанне з летам. Завяршыўся раённы фестываль канцэртнай праграмай, падрыхтаванай работнікамі сферы культуры.





















Анастасія Алейнікава.
Фота аўтара.