Характар гартуецца ў полі

На палях Магілёўшчыны працягваецца гарачая пара ўборачнай кампаніі. Жніво ўжо падарыла свой яркі прыклад працоўнага майстэрства: маладзёжны экіпаж у саставе Сяргея Дразда і Эдуарда Фаміна з ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» дасягнуў па-сапраўднаму ўражлівага выніку: узяў планку ў 3000 тон!
Працуючы на палях роднай гаспадаркі, механізатары намалацілі 2851,6 тоны збожжа. Да запаветнай адзнакі ў 3000 тон заставалася зусім мала. Завяршыўшы ўборку дома, яны накіраваліся на дапамогу калегам з ААТ «Александрыйскае» Шклоўскага раёна. І там праявіліся сапраўдны прафесіяналізм і камандны дух маладых механізатараў. Не губляючы тэмпу, Сяргей і Эдуард працягваюць працаваць на жніве, дапамагаючы хлебаробам Шклоўшчыны хутчэй справіцца з уборачнымі работамі.
Вопыт маладых хлебаробаў, іх майстэрства і адказнае стаўленне да справы дазволілі дамагчыся яшчэ лепшых паказчыкаў. Па стане на ўчарашнюю раніцу агульны намалот экіпажа склаў 3578,9 тоны збожжа! Такім вынікам сапраўды можна ганарыцца. За гэтымі лічбамі – напружаныя дні на полі, раннія ўздымы, гадзіны за штурвалам камбайна, пастаянная ўвага да тэхнікі і вялікая любоў да сваёй справы.
Прыклад рассветаўцаў паказвае, што сучасная моладзь умее працаваць, ставіць перад сабой высокія мэты і дамагацца іх. Сёння Сяргей і Эдуард – сапраўдныя героі жніва. Іх працоўны вынік натхняе іншых і становіцца прыкладам для пераймання.
Віншуем маладых людзей з выдатным вынікам на жніве і жадаем ім новых працоўных перамог і шчодрага ўраджаю!
Беларускі каравай – у надзейных руках!
Галіна РУСЕЦКАЯ.