Вітаем на Кіраўшчыне!

На першае рабочае месца ў арганізацыі, установы і на прадпрыемствы раёна прыбылі 65 маладых спецыялістаў. Дзейнічае комплекс мер, накіраваных на дапамогу навічкам у адаптацыі да новага асяроддзя, прафесійнага станаўлення і вырашэння сацыяльна-бытавых пытанняў.

У Жыліцкім палацава-паркавым ансамблі адбылася сустрэча маладых спецыялістаў, якія прыбылі ў раён, са старшынёй райвыканкама Галінай Слабоднікавай, старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аленай Сакадынец, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Багелем, намеснікамі старшыні райвыканкама.

55 чалавек з ліку маладых спецыялістаў – іншагароднія. Для іх менавіта Кіраўшчына стала стартам у прафесійнае станаўленне. Галіна Слабоднікава падкрэсліла, што галоўная мэта прадстаўнікоў органаў улады, кіраўніцтва арганізацый – не толькі забяспечыць моладзь рабочымі месцамі, але і дапамагчы ім адаптавацца на першых парах, уладкаваць быт на новым месцы жыхарства.
«Мы хочам, каб у працэсе адаптацыі ў вас узнікла шчырае жаданне не проста адпрацаваць належны тэрмін, а застацца тут, у Кіраўскім раёне, пусціць карані і прыносіць карысць рэгіёну, роднай краіне сваёй сумленнай працай», – звярнулася да моладзі старшыня райвыканкама.
Кіраўскі раён – самы малады ў вобласці, валодае добрым патэнцыялам. Наш рэгіён з высокаразвітай сельскагаспадарчай галіной, неаднаразова выходзіў у лідары па многіх вытворчых напрамках. Акрамя таго Кіраўшчына багатая культурна-гістарычнай спадчынай, што стварае высокі турыстычны патэнцыял. Дзякуючы блізкасці да буйных гарадоў, такіх як Бабруйск і Магілёў, заўсёды можна знайсці дадатковыя магчымасці для вольнага часу і прафесійна-асобаснага развіцця.
Пра тое, як развіваецца раён у розных сферах, маладым людзям расказалі намеснікі старшыні райвыканкама Таццяна Русецкая, Таццяна Бяляўская і Яўген Грышчанкоў. Асаблівая ўвага была нададзена прафесійнаму станаўленню. Таццяна Бяляўская адзначыла важнасць інстытута настаўніцтва. За кожным маладым спецыялістам замацоўваецца вопытны калега, які дапамагае ліквідаваць дысбаланс паміж тэорыяй, атрыманай у сцен навучальных устаноў, і рэальнай практыкай.


Яўген Грышчанкоў адзначыў, што для камфортнага жыцця ў раёне створаны неабходныя ўмовы. Напрацягу пяці гадоў вядзецца будаўніцтва жылля. У гэтым годзе ўведзены
ў эксплуатацыю 20-кватэрны жылы дом, сфарміраваны план будаўніцтва жылля на наступны год. Маладыя спецыялісты могуць разлічваць на арэндныя кватэры.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пятроўская падрабязна патлумачыла нюансы заканадаўства, якія тычацца сацыяльных гарантый, выплат і падтрымкі маладых кадраў.

Дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг №709 у г.Кіраўску ААТ «Беларусбанк» Алена Лявіцкая распавяла аб спецыяльных банкаўскіх прадуктах і паслугах, умовах атрымання льготных крэдытаў для маладых спецыялістаў. Спыніліся і на пытаннях фінансавай граматнасці і бяспекі: маладым людзям нагадалі аб распаўсюджаных ашуканскіх схемах і правілах лічбавай гігіены.
Адбыўся канструктыўны дыялог і абмен думкамі. Маладыя спецыялісты адзначылі, што ў калектывах іх прынялі ветліва, кіраўніцтва і старэйшыя калегі ставяцца ўважліва, дапамагаюць наладзіць быт і ўліцца ў працоўны працэс.

Гэты дзень для маладых медыкаў, педагогаў, аграрыяў, будаўнікоў і прадстаўнікоў іншых прафесій завяршыўся на творчай ноце. Адбылася экскурсія па залах палаца, якую, да слова, правяла малады спецыліст кіраўчанка Маргарыта Фірагіна. Затым прайшоў майстар-клас па бальнаму танцу і сумеснае чаяванне.
Даючы наказ моладзі, Галіна Слабоднікава пажадала кожнаму знайсці сябе ў прафесіі. Яна запэўніла: кіраўніцтва раёна заўсёды гатова падтрымаць кожнага, асабліва тых, хто ставіць перад сабой дастойныя мэты, імкнецца развівацца і добрасумленна шчыруе на карысць роднай зямлі.

Артур Сімакоў, ураджэнец Рагачоўскага раёна, выпускнік Бабруйскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа (фельчар-акушэр, памочнік урача), прыехаў працаваць у Кіраўскую ЦРБ. Яго назначылі загадчыкам Паўлавіцкага ФАПа.
«Кіраўніцтва бальніцы падказала, накіравала, дапамагло ва ўсім разабрацца. Мне выдзелены пакой у інтэрнаце, умовы для пражывання добрыя, – падзяліўся ўражаннямі Артур. – Сустрэча з кіраўніцтвам раёна прайшла цікава. Сабраліся прадстаўнікі розных прафесій, мы пагутарылі, маглі задаваць пытанні, якія цікавяць нас. Мне спадабалася і экскурсія, і майстар-клас па танцах. Вядома, палац уразіў сваёй прыгажосцю.
Настрой на старце прафесійнага шляху выдатны, думаю, у таго, хто імкнецца рэалізаваць сябе ў жыцці, сапраўды чагосьці дасягнуць, усё атрымаецца. Было б жаданне».

Не разрывае сувязь з малой радзімай кіраўчанін Ігар Урбановіч. Пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў ён вярнуўся працаваць выкладчыкам у дзіцячую школу мастацтваў г.Кіраўска, туды, дзе пачынаў свой шлях таленавітага музыканта. Ігар пажадаў маладым спецыялістам больш сіл, ініцыятыўнасці і ўнутранага стрыжня для далейшых дасягненняў.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара і Галіны РУСЕЦКАЙ.