Моладзь Кіраўшчыны — разам супраць СНІДу
Згодна рашэння Сусветнай арганізацыі аховы здароўя 1 снежня праводзіцца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. З гэтай нагоды ў райцэнтры прайшлі мерапрыемствы з удзелам вучняў СШ №1 і гімназіі.
Удзельнікі сабраліся на пляцоўцы перад раённым Домам культуры, дзе быў праведзены флэш-моб. У знак пратэсту супраць адной з самых страшных хвароб чалавецтва ХХ і ХХІ стагоддзяў прадстаўнікі маладога пакалення разам увасобілі сімвал барацьбы са СНІДам, прыдуманы яшчэ ў 1991 годзе мастаком Франкам Мурам: вялікая перакрыжаваная чырвоная стужка стала сімвалам спагады, падтрымкі і надзеі на будучае без СНІДу.
Затым вучні гімназіі накіраваліся ў Цэнтр вольнага часу, дзе для іх была арганізавана інфармацыйная гадзіна, а таксама паказ кінафільма на тэму дня.
Тым часам у фае РДК праходзіла выстава плакатаў школьнікаў на тэму барацьбы са СНІДам. А для вучняў СШ №1 на другім паверсе прайшло пазакласнае мерапрыемства з удзелам урача-педыятра цэнтральнай райбальніцы Ганны Двараковай, на якім рабяты маглі атрымаць адказы на хвалюючыя іх пытанні, якія датычацца тэмы СНІДу. Школьнікі і самі прынялі актыўны ўдзел у віктарыне, адказвалі на пытанні, чым адрозніваюцца СНІД і ВІЧ-інфекцыя, каго адносяць да групы рызыкі, якімі шляхамі можна атрымаць заражэнне і інш.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.