Работнікі цяплічнага камбіната ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» нацэлены на новы ўраджай







Работы зараз вядуцца поўным ходам. Як расказала галоўны тэхнолаг камбіната Марыя Бяляўская, першая партыя агуркоў і таматаў была высаджана напрыканцы мінулага года — 30 снежня. А на працягу наступнага месяца агуркі занялі 2 га. Таматаў, як звычайна, значна больш — 8 га. Нават ноччу вырошчванне раслін кантралюецца: за працэсам назіраюць дзяжурныя аператары. А з самага ранку да вечара на зялёных радках завіхаюцца агароднінаводы. 24 чалавекі працуюць на секцыі ў 3,2 га. На астатніх гектарах задзейнічаны яшчэ 51 працаўнік. На ўсіх “таматных” плошчах было высаджана насенне гатунку Ф-1 “тарэра”. Гэты буйнаплодны гібрыд даўно сябе зарэкамендаваў на рассветаўскім цяплічным камбінаце. Зараз агароднінаводы даглядаюць расліны, якія штодня набіраюць сілу: пасынкуюць, падкручваюць, фарміруюць гронкі. А хутка ўжо з’явіцца і першая завязь будучых пладоў.
Работнікі добра спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. Летась з кожнага гектара цяплічнай гаспадаркі было атрымана па 40,6 кг таматаў. Сёлета пакуль пра будучы ўраджай гаварыць рана, але пры тым, што цяплічнікі строга выконваюць усе тэхналагічныя патрабаванні, ён павінен быць не меншым. Найбольшай ураджайнасці ў мінулым сезоне дабіліся Валянціна Белакурская і Наталля Карпенка, якія з кожнага з квадратнага метра атрымалі па 43,6 кг, таматаў, Любоў Белакурская (43,3 кг), Еўдакія Паўлава (42,4 кг). На належным узроўні выконваюць абавязкі іншыя работніцы, у ліку якіх Святлана Бяляўская, Таццяна Лешчык, Таццяна Манько.
Прыжыўся ў “Рассвеце” і гатунак агуркоў Ф-1 “яні”. З кожнага квадратнага метра летась было сабрана па 54,1 кг пладоў. На агурэчнай секцыі шчыруюць 26 работнікаў. Зоя Храпко сабрала найбольшую колькасць агуркоў — 55,3 кг на круг. Высокай ура-джайнасці таксама дабілася Любоў Кавалеўская. Старанна працуюць Людміла Гукава, Вольга Бяляўская, Святлана Іванова, Наталля Пячонка і іншыя.
Шмат залежыць у агульнай рабоце камбіната і ад мясцовых слесараў Мікалая Цішкова і Астапа Астроўскага. Яны на належным узроўні абслугоўваюць абсталяванне, пры неабходнасці хутка праводзяць рамонт.
Першыя плады таматаў на цяплічным камбінаце чакаецца атрымаць у першых чыслах красавіка. А вось агуркі будуць раней. Ужо традыцыйна рассветаўскія агароднінаводы закрытага грунту пастаўляюць першую партыю ў продаж да святочнага стала ў Дзень жанчын.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.