Працаўнікі ААТ “Дабаснянскае” актыўна нарыхтоўваюць кармы для будучай зімоўкі
У раёне працягваецца кампанія па нарыхтоўцы кармоў для грамадскага пагалоўя жывёлы. Завяршылі нарыхтоўку сенажу земляробы ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага», райаграпрамтэхзабеспячэння, КСУП «Чырвоны баец». У астатніх гаспадарках раёна працягваецца закладка сакавітых кармоў.
“Ніва” галоўнага агранома ААТ “Дабаснянскае” Андрэя Голубева імкліва рухаецца па палях гаспадаркі. Цікавімся, якім чынам вядзецца ў сельгаспрадпрыемстве корманарыхтоўка.
— Работы вядуцца поўным ходам, — расказвае тэхнолаг палёў. — Надвор’е спрыяе, травастой выдаўся добры. Імкнемся выкарыстаць кожную хвіліну, каб назапасіць больш кармоў. Грамадскага пагалоўя ў нас — звыш за 2600 жывёлін, з якіх дойнага статка — каля тысячы. Адпаведна толькі сенажу неабходна закласці 11400 тон і яшчэ 800 тон — сена. Таму на “зялёнае жніво” накіраваны зараз усе сілы. Два апошнія летнія сезоны выдаліся вельмі спякотнымі, травы паспальвала сонца. Асабліва пацярпела канюшына. Цяпер даводзіцца шмат участкаў перазалужваць. Працуем па схеме “скасілі — зааралі — пасеялі”. Плануем увесці ў севазварот новую культуру — сорга. Спажыўныя яе якасці абумоўлены значным утрыманнем цукру. Пад яе ўжо рыхтуецца глеба.
На розных участках, дзе мы пабывалі, актыўна працуюць работнікі сельгаставарыства. Міхаіл Галомзік на “Атлесе” ў гэты дзень падкошваў адну з пашаў, паралельна ён скашвае травы для далейшай закладкі на сянаж. Іван Панталонаў на айчынным КЗР пачынае кожную раніцу з касьбы «зялёнкі» на падкормку жывёле. Пасля — косіць на сянаж. На падборцы і здрабненні зялёнай масы заняты Міхаіл Куліновіч.
Механізаваны атрад задзейнічаны на адвозцы. Імкліва дастаўляюць масу да месцаў закладкі Аляксандр Міхлюк, Станіслаў Хвясько, Алег Бычкоў, Аляксей Шыбко, Рыгор Шэлегаў, Яўген Кавалёў.
Сянажную траншэю зараз закладваюць на МТК “Пясцова”. А дагэтуль запас сакавітага корму быў зроблены ў Дабрыцы. Уважліва сочаць за тэхналагічным працэсам кансервавання галоўны заатэхнік Аляксей Саковіч, загадчык МТК Таццяна Галафаст, учотчык Святлана Палякова. Трамбоўка сянажнай масы вядзецца кругласутачна: удзень вядзе работу Уладзімір Скрыганаў, уноч — Аляксей Зубаў. Агульнымі намаганнямі па стане на ўчарашні дзень дабаснянцы заклалі 3461 тону сенажу.
Паралельна вядзецца нарыхтоўка сена. Скошаную траву на МТЗ-921 з граблямі падварочвае Канстанцін Бязумаў. Скатвае сена ў рулоны прэс-падборшчыкам Віталь Палякоў. Работу выконваюць механізатары якасна, без нараканняў. Духмянага корму для жывёлы назапашана ў гаспадарцы 227 тон.
Як адзначалася, адначасова з корманарыхтоўкай, сеюць дабаснянцы новыя травы. Рыхтуюць глебу пад іх Сяргей Сямёнаў і Канстанцін Калаткоў, засявае — Сяргей Сосаў.
Не за гарамі яшчэ адзін важны экзамен для сяльчан — жніво. Збожжавыя даспяваюць, і, як адзначыў Андрэй Голубеў, у “Дабаснянскім” яны радуюць. Для гэтага ў тэхналагічным плане было зроблена ўсё неабходнае. Зараз даводзіцца да ладу тэхніка. У гаспадарцы ўпэўнены: уборачная кампанія пройдзе належным чынам.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.