Темы

Зорны россып Мемарыялу-2013:

Зорны россып Мемарыялу-2013:

У Мышкавічах у чарговы раз спрачаліся за званне мацнейшых адны з лепшых веласіпедыстаў краіны.У імёнах славутых удзельнікаў-веласіпедыстаў можна было нават заблытацца — іх было зашмат, і гэта было цудоўна!..
…Ім, як сапраўдным байцам, вядомыя ўсе капрызы надвор’я — і знясільваючая спёка, і парывісты вецер, і пранізлівы дождж-імжак, і нават лівень. У ліпені спартсменам-веласіпедыстам не хапае, бадай што, толькі снегу… Але і яго, пэўна, яны растапілі б сваім тэмпераментам барацьбы з сапернікамі на традыцыйным, юбілейным, ужо 45-м (!) Мемарыяле Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы К.П.Арлоўскага, які па добрай традыцыі праводзіўся ў мінулыя выхадныя ў Мышкавічах — у гонар памяці нашага славутага земляка. Час няўмольна бяжыць. І 45 год гэтых прэстыжнейшых беларускіх спаборніцтваў велашасейнікаў можна беражліва пералістваць, нібыта вялізную кнігу, у якой, што ні старонка, то — гісторыя. Колькі барацьбы было на шасейных трасах Кіраўшчыны, колькі імёнаў за амаль паўстагоддзя ўпісана ў гэтыя старонкі! Ад проста таленавітай моладзі да Алімпійскіх чэмпіёнаў…
Сёлетні Мемарыял быў, бадай, адным з асабліва ўрачыстых: на юбілейных гонках у адзіным парыве сабраліся і спартсмены-аматары, і алімпійцы — эліта беларускага веласпорту, і будучыя яго надзеі…
А гэтым надзеям па яшчэ адной дрбрай традыцыі зноў даваўся шанц праявіць сябе перад афіцыйным адкрыццём свята веласпорту ў Мышкавічах. На так званых дзіцячых заездах, няхай і на непрацяглай дыстанцыі, спрачаліся самыя юныя веласіпедысты. Азарт барацьбы, тым не менш, быў зусім не жартоўны. І нядзіўна. Апладзіравалі юным спартсменам многія з тых, хто сам пачынаў колісь з дзіцячых веласіпедаў, а потым дабіваўся высокіх рэспубліканскіх і міжнародных узнагарод. Лепшы час у заездах паказалі Уладзіслаў Бяляўскі, Іван Арлоўскі і Іван Сазонаў. Але без прызоў, прадастаўленых праўленнем СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага не застаўся ніводны з удзельнікаў. Уручалі іх, да слова, не хто-небудзь, а алімпійскія чэмпіёны Алег Логвін і Валерый Моўчан, якія не толькі прысутнічалі ў якасці ганаровых гасцей Мемарыялу, а і выступалі ў якасці арбітраў спаборніцтваў. Нельга не сказаць і пра самую юную ўдзельніцу дзіцячых заездаў — унучку знакамітай беларускай велагоншчыцы Зінаіды Стагурскай, якая не раз выйгравала гонкі на Мемарыяле К.П.Арлоўскага. Маці дзяўчынкі, між тым, падчас старту дзяцей рыхтавалася да дарослых спаборніцтваў. Вось яна — пераемнасць пакаленняў!..
Асноўныя ж падзеі Мемарыялу пачаліся з урачыстага пастраення велагоншчыкаў з усіх абласцей Беларусі і горада Мінска. Аб іх гатоўнасці да старту далажыў галоўны суддзя спаборніцтваў, суддзя вышэйшай катэгорыі, майстар спорту СССР Уладзімір Бяляўскі. Мемарыял па веласпорце на Кіраўшчыне — гэта сапраўднае дзецішча Уладзіміра Сцяпанавіча. Менавіта ён стаяў ля вытокаў зараджэння гэтых унікальных спаборніцтваў у Беларусі. Ён жа з уласцівай яму няўрымслівасцю і адказнасцю працягвае не толькі быць арганізатарам Мемарыялу, але і штогод уносіць у яго новыя фарбы. Удачы і спартыўнага запалу пажадалі велагоншчыкам шматлікія ганаровыя госці. Акрамя вышэй названых алімпійцаў-чэмпіёнаў віталі ўдзельнікаў намеснік старшыні райвыканкама Галіна Слабод-нікава, старшыня СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Аляксандр Багель. У ліку ганаровых гасцей спаборніцтваў былі заслужаны трэнер СССР і Рэспублікі Беларусь Леанід Корбут, які выхаваў алімпійскага чэмпіёна Уладзіміра Камінскага, дзяржаўныя трэнеры БССР Альберт Васільеў і Анатоль Міклашэвіч, а таксама многія іншыя, хто яскрава ўпісаў свае імёны ў гісторыю веласпорту нашай краіны. Апладысментамі віталі ўдзельнікі фэсту Міхаіла Кожухава, які выступаў на першым Мемарыяле К.П.Арлоўскага ў далёкім 1969-м, і першы, хто пасля гэтых спаборніцтваў заваяваў тытул чэмпіёна СССР. Прагучалі цёплыя словы ў адрас трэнераў Кіраўскай ДЮСШ Сяргея Клімовіча і Юрыя Цішкова, якія выхавалі цэлую пляяду выдатных спартсменаў. Трое з іх — Вольга Масюковіч, Яўген Шамсонаў і Раман Цішкоў — трывала замацаваліся ў эліце айчыннага веласпорту: зараз яны абараняюць гонар Рэспублікі Беларусь у саставе галоўнай нацыянальнай каманды. Ёсць каму трымаць гэты сцяг: адразу некалькі прадстаўнікоў кіраўскай спартыўнай школы шліфуюць сваё майстэрства ў вышэйшых спартыўных звеннях. Яны таксама ўдзельнічалі ў велагонках. Іх імёны, мы верым, яшчэ не раз загучаць…
А пакуль — старты сённяшнія!.. Вызначыліся на іх як умудроныя вопытам спартсмены, так і навічкі. У гэты спякотны суботні дзень першымі на старт выйшли жанчыны. Дваццаць спартсменак аспрэчвалі званне мацнейшай у групавой гонцы. Акрамя спёкі і сапернікаў ім трэба было пераадолець працягласць у 80 (!) кіламетраў… Траса на гэты раз пралягала ад Мышкавіч праз Кіраўск, Капусціна, Барчыцы, Добасну, Паўлавічы з фінішам у Мышкавічах. Насуперак палячаму сонцу і лёгкаму ветрыку дзяўчаты развілі на дыстанцыі сярэднюю скорасць У 34,8 км/гадз. Вопытнейшая Алена Азаркевіч з Мінска, неаднаразовая пераможца Мемарыялу, зноў пакінула за спіной усіх апанентак. Не менш вядомая ў краіне веласіпедыстка Таццяна Скурат, якая прадстаўляла Брэсцкую вобласць, фінішавала другой. Трэцяй на флажку была яшчэ адна прадстаўніца Мінскай вобласці Настасся Сліж.
Мужчынам было яшчэ цяжэй — 56 гоншчыкаў пераадольвалі 120 кіламетраў па трасе пры той жа спёцы. Барацьба разгарэлася ўжо на першым крузе, калі (як гэта часта бывае ў веласпорце) здарыўся недарэчны “завал” з удзелам цэлай групы веласіпедыстаў. Хутка спрацавалі нашы медыкі, якія, як, дарэчы, і прадстаўнікі аддзялення дзяржаўтаінспекцыі, заслужылі ў чарговы раз словы ўдзячнасці за сваю прафесійную работу.
Гонка, між тым, абароты не спыніла. Сярэдняя скорасць на дыстанцыі была вельмі высокая: 43,1 км/гадз. У адрыве ад асноўнай групы аказаліся два фаварыты — майстры спорту між-народнага класа Яўген Гутаровіч і Канстанцін Клімянкоў. У іх за плячамі — гонкі “Тур дэ Франс”, чэмпіянаты свету і Алімпійскія гульні. Што тут казаць… Мена-віта яны і падзялілі паміж сабой “золата” і “срэбра”. Вяршыню ўзяў Яўген, Канстанцін быў у гэты раз другім. На “бронзавую” прыступку ўдалося ўварвацца прадстаўніку Брэсцкай вобласці Аляксандру Антонаву. Такім быў дзень першы.
Назаўтра барацьба разгарнулася не менш напружаная. У гонцы-крытэрыуме разыгрывалася званне чэмпіёна Рэспублікі Беларусь. Па вуліцах Мышкавіч жанчыны праехалі 18 кругоў агульнай працягласцю ў 40 кіламетраў. Кожны другі круг прыносіў гоншчыцам заліковыя ачкі. Больш за ўсіх удалося іх набраць Ілоне Шчурко з каманды Брэсцкай вобласці. Другая сума балаў была ў прадстаўніцы Віцебшчыны Аляксандры Смірновай, трэці рэзультат паказала Марына Занеўская з Гродзенскай вобласці.
Формула выступлення ў мужчын была тая ж, толькі ім патрэбна было пераадолець 26 кругоў працягласцю ў 60 кіламетраў. Лепш за іншых справіўся з задачай вопытны Мікіта Жаравень з Мінскай вобласці. Яго таварыш па камандзе Аляксей Ціханаў набраў другую суму балаў. Замкнуў тройку прызёраў Браніслаў Самойлаў з Віцебшчыны.
У агульнакамандным заліку па суме двух дзён перамогу святкавала каманда Мінскай вобласці. Ёй дастаўся ганаровы трафей — пераходны кубак пераможцы. З гэтага года ён мае новае аблічча, выглядае больш велічна. Былы ж кубак з выявай партрэта К.П.Арлоўскага, які ажно 44 разы ўздымалі над галавой каманды-перможцы, стане цяпер дастаяннем гісторыі і будзе беражліва захоўвацца ў музеі славы “Рассвета”.
Яркай адметнасцю юбілейнага Мемарыялу стаў заезд ветэранаў веласпорту. На старт выйшлі тыя, хто ў былыя гады быў удзельнікам і пераможцам разнастайных веласпаборніцтваў, у тым ліку і ў Мышкавічах. Самы “сталы” з іх быў ва ўзросце 67-мі (!) гадоў. “Аксакалы” свой клас пацвердзілі, разгарнуўшы на трасе сапраўдную барацьбу. У ліку лепшых былі і нашы землякі. Уладзімір Бяляўскі, Уладзімір Скудны і Анатоль Бяляўскі яшчэ раз паказалі, што трымаюць порах у парахаўніцах сухім…
І, вядома ж, яшчэ адна добрая рассветаўская традыцыя — шматлікія каштоўныя прызы ад праўлення гаспадаркі пераможцам і прызёрам. Уручаў іх разам з медалямі старшыня праўлення Аляксандр Багель. Былі сюрпрызы для асобных удзельнікаў спартыўнага свята. Так, спецыяльныя прызы атрымалі Марына Кобазава як лепшая прадстаўніца Кіраўшчыны на гонках, арбітр Мікалай Камінскі — самы ўзроставы, 70-гадовы ўдзельнік Мемарыялу. Зноў не застаўся ў баку велааматар, у мінулым удзельнік спаборніцтваў індывідуальны прадпрымальнік Уладзімір Іваніцкі. Разам з жонкай Наталляй яны прадаставілі спецыяльныя прызы для самых актыўных балельшчыкаў. Імі сталі Леанід Баршчоў, Міхаіл Костка і Мікалай Рудак.
У чарговы раз усе госці высока ацанілі гасціннасць мышкавіцкай зямлі, высокую арганізаванасць гэтых унікальных у нашай краіне спаборніцтваў. Нездарма на Меамарыяле штогод сустракаюцца не толькі сапернікі, а і даўнія сябры, бо той, хто пабываў тут хоць раз, імкнецца прыехаць зноў…
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара
і Яўгена
Пішчаліна.

Последние новости

Актуально

Августовская педагогическая конференция

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Опасный макияж: шаг до трагедии

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Скрыжавалі ракеткі

28 августа 2026
Читать новость
Физкультура и спорт

Триумф на велотрассе

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Прафесія, ад якой залежыць жыццё

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Как защитить телефон?

28 августа 2026
Читать новость