Перамаглі валейбалісты Кіраўскай ДЮСШ
На базе спартыўнай залы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прайшлі раённыя спаборніцтвы па валейболе сярод мужчын у залік круглагадовай спартакіяды калектываў фізічнай культуры. Аб гэтым паведаміў старшыня фізкультурна-спартыўнага клуба раёна Віктар БЯЛЯНАЎ.
У “спрэчку” за перамогу ўключыліся 5 мацнейшых каманд па выніках спаборніцтваў апошніх гадоў, якія выяўлялі лепшых па кругавой сістэме. Усе праявілі сябе з лепшага боку і аказалі дастойнае супрацьстаянне адна адной. Гаспадары — зборная ДЮСШ — змаглі, тым не менш, стаць лепшымі, дабіўшыся найбольшай колькасці перамог сярод каманд-удзельніц. Другое месца заваявала дружына ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, на трэцяй пазіцыі зафіксаваліся прадстаўнікі Жыліцкага сельгаскаледжа. Чацвёртае і пятае месцы занялі адпаведна каманды аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і райаддзела па надзвычайных сітуацыях.