Задача мясцовых органаў улады пры рэалізацыі Дэкрэта №1 — дапамагчы людзям з працаўладкаваннем
Мы папрасілі выказаць свае думкі наконт дэкрэта №1 начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алену ЛЯНКЕВІЧ:
— Асноўная мэта дэкрэта №1 — садзейнічанне занятасці насельніцтва. Зыходзячы з гэтага, вызначаюцца і дзве асноўныя задачы. Першая — максімальнае стварэнне на месцах найбольш спрыяльных умоў для занятасці насельніцтва: гэта і падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы, і стымуляванне самазанятасці, і, безумоўна, індывідуальная работа з тымі грамадзянамі, якія сёння не працуюць, але хочуць і могуць зарабляць сабе на жыццё легальным спосабам. Па сутнасці, заня-
тасць насельніцтва становіцца адным з найважнейшых крытэрыяў ацэнкі работы мясцовай улады. Другая — стымуляваць грамадзян да занятасці, у тым ліку і праз “рубель”. Плануецца, што з 1 студзеня 2019 года працаздольныя непрацуючыя грамадзяне абавязаны аплачваць субсідыруемыя дзяржавай паслугі, сярод якіх — транспарт, адукацыя, ахова здароўя, паслугі ЖКГ, па іх поўным кошце. Канкрэтны пералік такіх паслуг будзе вызначаны ўрадам Беларусі.
Ключавая роля ў арганізацыі работы па выкананні норм дэкрэта адведзена мясцовым органам улады, на якія ўскладаюцца абавязкі па забеспячэнні індывідуальнай работы з грамадзянамі на месцах пры вырашэнні пытанняў з працаўладкаваннем. Прадугледжваецца таксама стварэнне мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі пастаянна дзеючых камісій, у састаў якіх будуць уключацца дэпутаты ўсіх узроўняў, спецыялісты мясцовых органаў улады, а таксама прадстаўнікі ЖКГ, грамадскіх аб’яднанняў і іншыя. Узначальваць камісіі, якія плануецца стварыць на раённым узроўні, як правіла, будуць старшыні Саветаў дэпутатаў.
Дэкрэт прадастаўляе камісіям шырокія паўнамоцтвы, у тым ліку па прыняцці рашэнняў аб вызваленні на пэўны час працаздольных грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы, ад абавязку аплачваць паслугі па поўным кошце пры наяўнасцi ў iх цяжкай жыццёвай сітуацыі. Зразумела, кожны канкрэтны выпадак будзе разглядацца індывідуальна і дасканала.
У нашым раёне ўжо ў мінулым годзе работа па аказанні грамадзянам садзейнічання ў працаўладкаванні была пабудавана ў новым фармаце: праводзіліся кірмашы вакансій, дзейнічала раённая камісія па працаўладкаванні не занятых у эканоміцы грамадзян. Да работы па вырашэнні праблем занятасці насельніцтва раёна актыўна падключаліся дэпутаты ўсіх узроўняў. Усяго ж у 2017 годзе ў раёне было працаўладкавана праз службу занятасці 947 чалавек (172,2% у параўнанні з 2016 г.), 288 грамадзян (160% да 2016 г.) прынялі ўдзел у грамадскіх аплачваемых работах, 35 — прайшлі прафесійнае абучэнне (145,8% да ўзроўню 2016 г.).
Задача мясцовых органаў улады пры рэалізацыі дэкрэта №1 — дайсці да кожнага чалавека, разгледзець яго сітуацыю з працаўладкаваннем і дапамагчы, а таксама пры фарміраванні спісаў не занятых у эканоміцы грамадзян дзейнічаць на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці і з індывідуальным падыходам.