Галасаванне па месцы знаходжання


Пэўная колькасць грамадзян у сельскай мясцовасці і горадзе па стане здароўя не змаглі прыйсці ў дзень выбараў у памяшканні для галасавання. Яны мелі права пісьмова альбо вусна звярнуцца ў адпаведную ўчастковую выбарчую камісію з просьбай аб арганізацыі галасавання па месцы знаходжання. Іх пажаданні былі задаволены: члены ўчастковых выбарчых камісій наведалі такіх выбаршчыкаў з бюлетэнямі для галасавання і ўрнамі для галасавання.
Аб’ектыў фотакамеры заспеў адзін з такіх момантаў. Члены Кіраўскай участковай выбарчай камісіі №1 Дзмітрый Іваніцкі і Канстанцін Новікаў завіталі да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Галіны Васільеўны Каранкевіч.

Як адзначыла пенсіянерка, слабы зрок і фізічны стан не дазваляюць пайсці на ўчастак для галасавання, але аддаць свой голас за кандыдатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў — адзін з галоўных абавязкаў грамадзяніна і патрыёта — чалавека, неабыякавага да таго, што адбываецца ў жыцці раёна. Таму гэта вельмі зручна — галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыка.