Урачыстае мерапрыемства з нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь прайшло ў Кіраўску
Урачыстае мерапрыемства з нагоды святкавання Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь прайшло ў раённым Доме культуры.
Дружнымі апладысментамі гледачы, якія сабраліся ў зале, віталі ўдзельнікаў духавога аркестра “Фанфары Кіраўска”, які пад суправаджэнне кадраў ваеннай кінахронікі адкрыў праграму святочнага канцэрта.
“Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь — свята асаблівае. Гэта свайго роду магчымасць чарговы раз нагадаць, што такое смеласць, адвага, высакароднасць, мужнасць, гонар, — падкрэсліў у сваім выступленні начальнік адасобленай групы па Кіраўскім раёне ваеннага камісарыята Андрэй Гайдукевіч. — Мужчыны па праву лічацца абаронцамі — і для сваёй сям’і, блізкіх, і для Радзімы наогул. Нездарма словы “бацька” і “Бацькаўшчына” — блізкія па сэнсе і маюць адзін корань. 23 лютага — гэта таксама дзень, калі мы чарговы раз успамінаем тых, хто не шкадаваў сябе ў імя Радзімы, мужна станавіўся на яе абарону, заставаўся верным вайсковаму абавязку. Сёлета гэтае свята мае асаблівы статус: споўнілася 100 год з моманту ўтварэння Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Рэспубліка Беларусь — незалежная дзяржава, у якім забяспечаны найвялікшыя каштоўнасці — мір і стабільнасць, дзякуючы чаму мы можам будаваць жыццёвыя планы і рэалізоўваць іх, ствараць сем’і, выхоўваць дзяцей. Але для таго, каб гэтыя каштоўнасці захоўваць і абараняць, у нашай краіне створаны надзейны гарант бяспекі — эфектыўныя, добра падрыхтаваныя, аснашчаныя сучасным узбраеннем і ваеннай тэхнікай Узброеныя Сілы”.
Андрэй Гайдукевіч нагадаў прысутным асноўныя старонкі гісторыі зараджэння нашай арміі, яе ўдасканалення, гераічнага супрацьстаяння ворагам у войнах і лакальных канфліктах, аб слаўных армейскіх традыцыях. Сёння Узброеныя Сілы Беларусі складаюць аснову ваеннай арганізацыі дзяржавы і прадназначаны для забеспячэння ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны нашай краіны, яе суверынітэта і тэрытарыяльнай цэласнасці, падкрэсліў Андрэй Гайдукевіч.
Кульмінацыяй урачыстага мерапрыемства стала ўручэнне юбілейнага медаля “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь” прысутным ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Андрэй Гайдукевіч пад шчырыя апладысменты гледачоў прымацаваў узнагароды да святочных пінжакоў Васіля Антонавіча Буслава, Галіны Васільеўны Каранкевіч, Івана Ягоравіча Касалапава. Усяго юбілейны медаль уручаны ў раёне 15 заслужаным людзям, у ліку якіх ветэраны, удзельнікі, інваліды, партызаны Вялікай Айчыннай вайны, жыхарка блакаднага Ленінграда.
Падарункамі гледачам сталі музычныя нумары ў выкананні самадзейных артыстаў з Кіраўскай і Жыліцкай дзіцячых школ мастацтваў, раённага Дома культуры.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.