На Кіраўшчыне хутка зноў адчыняць дзверы абноўленыя школы


Традыцыйна ў жніўні спецыяльна створаная камісія, на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Таццянай Бяляўскай праводзіць прыёмку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. У састаў камісіі ўваходзяць прадстаўнікі аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, аддзела па надзвычайных сітуацыях, энерганагляду, аддзялення ДАІ РАУС і іншыя.
Кіраўніцтва школ заўсёды з хваляваннем чакае прыёмную камісію, бо спецыялісты не толькі адзначаюць, што зроблена на належным узроўні, але і заўважаюць недапрацоўкі, якія неабходна тэрмінова ўхіліць.
Варта адразу адзначыць, што ўсе ўстановы адукацыі раёна да падрыхтоўкі да новага навучальнага года падышлі грунтоўна, з адказнасцю. Значных заўваг у адрас кіраўнікоў школ і дзіцячых садкоў не прагучала.

Яшчэ не заходзячы ў будынак Баравіцкай школы, члены камісіі са станоўчага боку адзначылі праведзеныя тут работы па добраўпарадкаванні прылягаючай тэрыторыі, а яна даволі вялізная. Значныя аб’ёмы былі праведзены і ўнутры будынку школы: дзесьці заменена электраправодка, зроблены касметычны рамонт у класах, на калідорах, са сцен выдалены шпалеры. Апошняе робіцца ў мэтах выканання патрабаванняў да ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, згодна Санітарных норм і правілаў. Так, у адпаведнасці з п.п. 49, 141 “Патрабаванні для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі” аздабленне сцен навучальных памяшканняў павінна дапускаць апрацоўку вільготным спосабам і быць здольным штомесяц вытрымліваць апрацоўку з ужываннем мыйных сродкаў і сродкаў дэзінфекцыі.

Добрыя ўражанні засталіся ў членаў камісіі ад наведвання Чыгірынскай школы. Акрамя належнага адукацыйнага працэсу тут надаюць увагу здароваму ладу жыцця школьнікаў. Нездарма чыгірынскія школьнікі — пастаянныя
ўдзельнікі раённых спартыўных мерапрыемстваў, а часта і іх пераможцы. Каб і надалей умацоўваць здароўе рабят, развіваць у іх фізкультурныя навыкі, на прылягаючай тэрыторыі вядзецца ўладкаванне дадатковых спартыўных пляцовак для заняткаў рознымі відамі спорту.
Шмат было зроблена дзякуючы ініцыятыўнасці дырэктара і педагогаў, стараннасці тэхнічных работнікаў, неабыякавасці бацькоў. І ў класы прыемна зайсці, і над афармленнем стэндаў у кабінетах добра папрацавалі.

Штогод падчас прыёмкі ўстаноў адукацыі са станоўчага боку адзначаецца работа калектыву НПК “Стайкаўскі ДС — БШ”. Знешні і ўнутраны выгляд комплексу, нягледзячы на тое, што ён быў адкрыты пасля рэканструкцыі 10 гадоў таму, адпавядае новаму аб’екту. Немалая заслуга ў гэтым калектыву работнікаў, а таксама вучняў і дашкалят, якія беражліва ставяцца да захавання дзяржаўнай маёмасці.
Першае, што кінулася ў вочы пры пад’ездзе да будынка Скрыпліцкага ясляў-садка, гэта вялікая колькасць рознакаляровых кветак на клумбах і казачных персанажаў на прылягаючай тэрыторыі, вырабленых з розных спадручных матэрыялаў. Як адзначылі члены камісіі, гэтая дашкольная ўстанова заўсёды вызначаецца чысцінёй і добраўпарадкаванасцю прылягаючай тэрыторыі.
Апошнім аб’ектам наведвання ў гэты дзень стаў Барчыцкі НПК ДС — СШ. Па 5-бальнай шкале калектыву гэтай установы можна смела ставіць вышэйшую адзнаку. Гарманічна падабраны колер фарбы на сценах як у кабінетах, так і ў калідорах, вялікая колькасць пазнавальных і інфармацыйных стэндаў, большасць з іх тычыцца бяспекі дзяцей. Педагогі, за якімі замацаваны кабінеты, з выдумкай падыйшлі да іх афармлення.

Нямногія ўстановы адукацыі раёна могуць пахваліцца наяўнасцю ўласных музеяў, барчыцкім рабятам у гэтым сэнсе пашанцавала: вялікая колькасць экспанатаў дазваляе ім дасканала пазнаёміцца з жыццём і побытам продкаў, культурнай і нацыянальнай спадчынай беларусаў.
Асаблівы кантроль адказных службаў падчас прыёмкі ўстаноў адукацыі надаваўся пажарнай і электрабяспецы рабят. Супрацоўнік ДАІ правяраў захаванне патрабаванняў аб забароне заезду на прылягаючую тэрыторыю школ і дзіцячых садкоў транспарту, акрамя спецыяльнага.
Падрыхтавала Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.
Пракаменціраваць праведзеныя рамонтныя і падрыхтоўчыя работы мы папрасілі начальніка аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталлю Траццякову:
— Праверкі прайшлі ва ўсіх 25 установах адукацыі раёна. Адразу скажу, што іх калектывы творча і з адказнасцю падышлі да падрыхтоўкі аб’ектаў да новага навучальнага года, пастараліся стварыць максімальна камфортныя ўмовы для знаходжання рабят у школах і дзіцячых садках.
У 2018/2019 навучальным годзе ў раёне будзе функцыянаваць: 10 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 5 вучэбна-педагагічных комплексаў, 10 устаноў дашкольнай адукацыі, 1 установа спецыяльнай адукацыі, 1 — дадатковай, сацыяльна-педагагічны цэнтр, а таксама СДЮШАР.
З 1 верасня бягучага года аптымізуецца сетка ўстаноў адукацыі раёна шляхам стварэння яшчэ аднаго навучальна-педагагічнага комплекса: “Жыліцкі НПК дзіцячы садок — сярэдняя школа”.
На правядзенне бягучага рамонту ўстаноў адукацыі са сродкаў раённага бюджэту выдзелена 205 тыс. руб., у тым ліку 155 тыс. руб. — на рамонт устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
За кошт сродкаў мясцовага бюджэту выкананы работы па рамонце сістэмы вадаправода і каналізацыі ў Жыліцкім НПК ДС — СШ, а таксама санітарна-тэхнічных вузлоў і душавых пры спартыўных залах у СШ №1 і СШ №2 імя К.П.Арлоўскага. У яслях-садку №2 адрамантавана каналізацыя. Значныя работы праведзены ў яслях-садку “Вясёлка” аг.Мышкавічы. Праведзены рамонт даху на Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці. У Барчыцкім НПК ДС — СШ праведзена замена 37 свяцільняў. І гэта далёка не ўвесь пералік праведзеных рамонтных работ.
Пры падрыхтоўцы кабінетаў, службовых памяшканняў, спартыўных залаў, харчблокаў і абедзенных залаў выкарыстоўваліся таксама сродкі папячыцельскіх саветаў (4,9 тыс. руб.); шэфская дапамога (1,8 тыс. руб.); сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў адукацыі (26,5 тыс. руб.).
На кантролі — пытанне забеспячэння педагагічнымі кадрамі. Сёлета ў наш аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама прыбудзе 10 маладых спецыялістаў. 1 верасня за парты сядуць 1984 вучні, з якіх 253 “першаклашкі”.
Спадзяюся, нашы вучні, пераступіўшы парог сваіх школ 1 верасня, будуць рады абноўленым класам, а настаўнікі задаволены камфортнымі ўмовамі для вядзення адукацыйнага працэсу.
Выказваю шчырыя словы падзякі за своечасовае і якаснае правядзенне рамонтных і падрыхтоўчых работ педагогам, тэхнічнаму персаналу ўстаноў адукацыі, кіраўнікам шэфскіх арганізацый, бацькам рабят.