Темы

Натхнення творчага жыццёвая крыніца…

Натхнення творчага жыццёвая крыніца…

Днямі 70-гадовы юбілей адзначыў былы дырэктар Жыліцкай дзіцячай школы мастацтваў Уладзімір Татарынаў. Ёсць што ўспомніць, асэнсаваць, ёсць чым быць задаволеным. Уладзімір Рыгоравіч на працягу 40 год узначальваў названую ўстанову адукацыі. Адным з першых у Беларусі стварыў дзіцячы ўзорны хор, паралельна — акадэмічны хор выкладчыкаў і навучэнцаў Жыліцкага саўгаса-тэхнікума. Абодва калектывы станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі прэстыжных конкурсаў і фестываляў. Але нельга спыняцца на дасягнутым — так лічыць юбіляр…

Кіраўшчына па праву можа ганарыцца многімі сваімі людзь­мі, якія пакінулі яркі след у самых розных сферах дзейнасці, праслаўлялі наш край. І гэта не толькі карэнныя выхадцы з раёна, але і тыя, хто ў свой час прыехаў сюды працаваць і для каго Кіраўшчына стала другой радзімай назаўсёды. Адзін з такой кагорты — Уладзімір Татарынаў, якога цяпер па праву можна называць карэнным жылічанінам, бо за 46 гадоў тутэйшага жыцця ён глыбока пусціў у Жылічах і сямейныя, і прафесійныя карані.
…Мы сустрэліся з Ула­дзімірам Рыгоравічам каля яго новага “захаплення” (аб усіх іншых — крыху пазней), нават, так сказаць, новага дзецішча. Ёсць чарговая мара: адкрыць у Жылічах утульнае кафэ — з сучасным інтэр’ерам, смачнай кухняй, каб у аграгарадку можна было адпачыць людзям рознага ўзросту і пакаштаваць страў на любы густ. Вось тут на яго ўзвядзенні і праводзіць штодня герой гэтых радкоў. І зусім не скажаш, што гэтаму чалавеку нядаўна “стукнула” 70 — такі ж бадзёры, жвавы, стройны, энергічны, поўны жыццёвага аптымізму і задум, якім быў, калі маладым спецыялістам прыехаў працаваць у Жылічы. Толькі хіба што галаву “пасерабрыла”…
Аднак галоўным захапленнем Уладзіміра Рыгоравіча, якое накрэпка звязалася з жыццёвым, прафесійным шляхам, была і застаецца музыка, яе чароўны свет. І менавіта ў музычнай, культурнай і педагагічнай дзейнасці ён праявіў сябе за 40 год працы на жыліцкай зямлі.
Сям’я Татарынавых пражывала ў Оршы. Музычны слых у Валодзі выявіўся з дзяцінства. Хаця ні маці, ні баць­ка не былі музыкантамі, не ва-
ло­далі музычнай граматай. Праўда, Рыгор Сцяпанавіч, які быў родам з Луганшчыны, ведаў шмат народных песень, спяваў. Але сам быў сур’ёзным спартсменам, выкладаў у школе фізічную культуру, меў званне заслужанага настаўніка Беларусі. І быў, як кажуць, фанатам сваёй справы, вялікім
аптымістам. Вось гэты жыццёвы аптымізм, разам з любоўю да спорту перадаліся і Ула­дзіміру — як адна з асноўных рысаў характару і здаровага вобразу жыцця. А яшчэ бацька быў у свой час вядомым у Беларусі футбольным варатаром. Па роду дзейнасці часта выязджаў з камандай у розныя гарады Савецкага Саюза і прывозіў адтуль шмат грампласцінак з запісамі песень. Іх з чарговай паездкі бацькі вельмі чакаў Валодзя, а потым з захапленнем слухаў і падпяваў. Так пачаўся шлях у музыку.
Дарога крыху пазней прывяла ў Магілёўскае музычнае вучылішча, якое Уладзімір паспяхова скончыў у 1972 годзе. Праўда, да заканчэння была і армейскай загартоўка. І тут варта прыгадаць цікавы факт з біяграфіі. Служыць давялося ва Уруччы пад Мінскам у ваенным ансамблі “Алыя пагоны”. Праходзілі тут службу многія музыканты, шмат хто з якіх станавіўся потым і вядомым. Дык вось Татарынаў трапіў менавіта ў тую роту, у якой за паўтара года да яго служыў Уладзімір Мулявін…
У Татарынава, які выдатна вучыўся ў музвучылішчы, было права выбару пры размеркавані: працаваць выкладчыкам у Магілёўскім дзяржпедінстытуце або застацца ў Доме піянераў кіраўніком аркестра баянаў, дзе ён без адрыву ад вучобы на 3-м курсе ўжо меў пэўны вопыт работы. Але, праявіўшы камсамольскі запал, Уладзімір вырашыў пае­хаць туды, куды накі­руюць. Прапанавалі Кіраўскі раён. Тут на выбар аказалася два месцы: або Любонічы, дзе музычную школу трэба было адкрываць, або Жылічы, дзе школа працавала толькі адзін год. У Жылічах, як успамінае Уладзімір Рыгоравіч, па прыездзе спыніўся каля знакамітага палаца Булгака, і сэрца замёрла: усё тут дыхала старажытнай культурай, гісторыяй. І выбар быў відавочным. Так пачаўся 40-гадовы дырэктарскі шлях Уладзіміра Татарынава.
Умовы для працы былі, мякка кажучы, не з лепшых: усяго 2 класы займаліся ў старым будынку. Гэта была на той час вячэрняя музычная школа. Ужо пазней яна ператварылася ў дзіцячую школу мастацтваў. А пакуль даводзілася і самому дырэктару прымяняць якіясь будаўнічыя навыкі, раманта­ваць памяшканні.
Творчых задум, энтузіязму маладому амбіцыёзнаму музыканту і педагогу было не займаць. Але патрэбны былі побач творчыя аднадумцы, з якімі можна было б увасобіць планы ў жыццё. І першым такім аднадумцам стала будучая жонка. З Людмілай Мацвееўнай, якая на той момант працавала ў Кіраўскай школе мастацтваў, пазнаёміўся на адной з нарад у Бабруйску. Дзяўчына адразу ж пакарыла сэрца не толькі знешнімі дадзенымі, але і адукаванасцю, сціпласцю, тактоўнасцю. А неўзабаве маладыя ажаніліся і, забягаючы наперад, адзначу, што і ў прафесійнай дзейнасці былі ўвесь час побач, і па жыцці ідуць разам у згодзе і глыбокай павазе. Дарэчы, разам і вышэйшую адукацыю атрымлівалі без адрыву ад вытворчасці ў Мінскім дзяржпедінстытуце імя Леніна.
А затым школу мастацтваў папаўнялі ўсё новыя высока­кваліфікаваныя выкладчыкі, якія захаплялі дзяцей мастац­твам. З цеплынёй Уладзімір Рыгоравіч успамінае тых, з кім творча працаваў. У іх ліку Міхаіл Забелаў, Інэса Грудзіна, Галіна Пракапенка, Наталля Лямцава, Вольга Сімановіч, Кацярына Кісялёва і многія іншыя. Некаторыя самі ў свой час пачыналі першыя крокі ў музыцы менавіта ў Жылічах, іншых дырэктар выбіраў у спецыялізаваных установах з ліку лепшых навучэнцаў і запрашаў на працу ў Жылічы.

Разам калектыў Жыліцкай школы мастацтваў шліфаваў уменні юных музыкантаў, якія ўсё больш папаўнялі класы. Ідэя стварыць дзіцячы хор у Татарынава ўзнікла літаральна на першых жа кроках працы. І з 1974 года пачаліся першыя выступленні юных харавікоў. Кіраваў хорам, зразумела ж, Ула­дзімір Татарынаў, яго жонка была канцэртмайстрам. І вось праз 8 гадоў, у 1982-м, дзіцячаму хору Жыліцкай школы мастацтваў прысвойваюць высокае званне ўзорнага. Калектыў з поспехам выступае на самых розных канцэртных пляцоўках не толькі раёна, але і вобласці, рэспублікі і нават за яе межамі. З аглядаў-конкурсаў і фестываляў, як правіла, прывозіліся шматлікія дыпломы пераможцаў і прызёраў. Адно з найвышэйшых дасягненняў — званне лаўрэата Рэс­публіканскага агляду сама­дзейнай мастацкай творчасці школьнікаў у 1979 годзе. А яшчэ асабліва адметным для хора, пэўна, стала выступленне на І-м фестывалі харавога мастац­тва ў Мінску ў 2000 годзе, дзе дзіцячы хор з Жыліч заваяваў Дыплом 3-й ступені сярод навучальных устаноў. Высокую ацэнку калектыву даў тады знакаміты савецкі беларускі дзеяч культуры, харавы дырыжор, народны артыст СССР Віктар Роўда. “Я і не ведаў, што такі ўзровень можа быць на сяле!..” — гэтыя словы мэтра назаўсёды засталіся ў памяці Уладзіміра Рыгоравіча.
Але поспех мелі не толькі дзеці з Жыліцкай школы мастацтваў. Музычнай творчасцю было ахоплена і шмат дарослых. Паралельна быў створаны акадэмічны хор выкладчыкаў і навучэнцаў Жыліцкага саўгаса-тэхнікума, у які ўваходзілі таксама і рабочыя мясцовай гаспадаркі, усяго — каля 60 чалавек! Выступаў калектыў пад аркестр народных інструментаў. Прычым Татарынаў шмат эксперыментаваў: былі салісты, дуэты, трыо, мужчынскі ансамбль. З ліку найбольш актыўных самадзейных артыстаў Уладзімір Рыгоравіч успамінае Анатоля Ванзіндо, Сяргея Лапянка, Анатоля Пенязя, Ганну Фігурэнка, Васіля Міхалёнка, Уладзіміра Стальмашка. Дарэчы, сын апошняга з названых Алег Стальмашок зараз узначальвае ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама. І, безумоўна,
удзельнічала ў хоры шмат іншых таленавітых выканаўцаў і музыкантаў.

Сама па сабе дзейнасць хору, зразумела, патрабуе значных фінансавых затрат. А тут яшчэ і два… Касцюмы, музычныя інструменты, арганізацыя паездак і шмат чаго іншага. І як тут не абысціся без спонсараў? Такім чалавекам у Жылічах для школы мастацтваў стаў у свой час былы дырэктар Жыліцкага саўгаса-тэхнікума Валянцін Адамавіч Герасімовіч, якому герой гэтых радкоў бязмежна ўдзячны. Працуючы і жывучы на сваёй малой радзіме, Валянцін Адамавіч вельмі клапаціўся пра яе і сваіх землякоў, дапамагаў ім. Не выключэннем былі і дзеці. Гэта з дапамогай тагачаснага кіраўніцтва саўгаса-тэхнікума ў асноўным і была створана тая трывалая матэрыяльная база школы мастацтваў: пашыты арыгінальныя касцюмы, закуплены музычныя інструменты, а аркестр баянаў, якім кіраваў Міхаіл Забелаў, быў адзіны ў сваім родзе не толькі ў нашым раёне.
Дарэчы, шмат каму з навучэнцаў Жыліцкая школа мастацтваў дала пуцёўку ў жыццё. Многія сталі самі выкладчыкамі, а хтосьці дабіўся высокіх дасягненняў рэспубліканскага і нават міжнароднага маштабу. Тут можна ў якасці прыкладаў прыгадаць Веру Каштальян, кандыдата мастацтвазнаўства. Трое сыноў названага вышэй Міхаіла Забелава — прафесійныя музыканты, працуюць на міжнародным узроўні.
Дзеці Уладзіміра Рыгоравіча і Людмілы Мацвееўны ў жыцці таксама дабіліся высот. Сын Алег, праўда, хоць і прайшоў праз музычную школу, знайшоў сябе ў медыцыне. Прычым “з адзнакай” скончыў і медвучылішча ў Оршы, і Мінскі медуніверсітэт. А вось дачка Ксенія звязала жыццё з музыкай, прычым на прафесійнай аснове. Пасля Магілёўскага музычнага вучылішча, на “выдатна” скончыла ўніверсітэт культуры і мастацтва ў Санкт-Пецярбургу па класу ака­дэмічнага вакалу. Была выкладчыкам, працавала ў Тэатры музычнай камедыі, салісткай шоў-балета “Прэм’ер”. А цяпер яе захапіла песенная твор­часць. У нашай зямлячкі зараз заказваюць песні знакамітыя расійскія выканаўцы. Як вам імёны — Таццяна Буланава ці Рыгор Лепс?..
Уладзімір Татарынаў сёння, як, дарэчы, і раней, не лічыць уласныя гады. І на месцы ся­дзець не прывык. Калі чалавек у душы малады, то і пройдзены шлях не стварае цяжкасцей. “Галоўнае, што я любіў заўсёды, — кажа юбіляр, — працаваць з людзьмі. А калі ты адчуваеш, што патрэбны ім, то ёсць і сэнс у жыцці!..”.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара і з сямейнага архіву У.Р.Татарынава.

Последние новости

Актуально

В Кировске прошел районный выпускной вечер — большой фоторепортаж

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Пётр Яцкевич — ветеран труда ОАО «Рассвет им. К.П.Орловского» даёт совет молодым аграриям

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

«Беларусь помнит. Помним каждого». Как реализуют проект школьники Кировского района

12 июня 2026
Читать новость
Сельское хозяйство

Сенокосная страда в СХФ «Чигиринка»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Юные кировчане приняли участие в III региональном художественном конкурсе «РЭХА ПЕРАМОГІ. Ажыўшыя лісты вайны»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Конкурс для молодых семей «Властелин села-2026» состоится 16 июня

12 июня 2026
Читать новость