Важкі ўклад у падрыхтоўку кадраў
Чарговае пасяджэнне райвыканкама пачалося з урачыстага моманту: уручэння кіраўніком раёна Аляксандрам Бутаравым Ганаровай граматы райвыканкама дырэктару Жыліцкага сельгаскаледжа Уладзіміру Беламу за шматгадовую добрасумленную працу, вялікі асабісты ўклад у падрыхтоўку і выхаванне кваліфікаваных кадраў рабочых і спецыялістаў аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь.
Знаходзячыся з 2011 года на пенсіі, У.У.Белы працягваў працаваць, а зараз вырашыў пайсці на заслужаны адпачынак.
Кіраўнік раёна Аляксандр Бутараў, выказваючы словы ўдзячнасці, адзначыў, што У.У.Белы ўнёс важкі ўклад у стабільную работу і развіццё Жыліцкага сельгаскаледжа, які ўзначальваў 16 гадоў. Дзякуючы ў тым ліку і яго граматнаму кіраўніцтву сельгаскаледжам выконваецца адна з важнейшых задач для краіны, нашай вобласці і раёна — падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў для АПК.
Старшыня райвыканкама заклікаў Уладзіміра Уладзіміравіча пасля выхаду на заслужаны адпачынак працягваць актыўны ўдзел у мерапрыемствах па выхаванні моладзі, перадаць свой бясцэнны вопыт маладым калегам.
У.У.Белы нарадзіўся ў в.Стары Востраў Клічаўскага раёна. У 1994 г. закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне ў галінах АПК”. З 49 гадоў агульнага працоўнага стажу больш за 29 гадоў ён працаваў на розных пасадах у арганізацыях аграпрамысловага комплексу.
У 2002 годзе Уладзімір Уладзіміравіч быў назначаны дырэктарам Жыліцкага сельгаскаледжа. Менавіта ён з’явіўся ініцыятарам укаранення шэрагу новых распрацовак, стварэння сістэмы кантролю за якасцю падрыхтоўкі спецыялістаў. У сельгаскаледжы праводзіцца знешні міжнародны сертыфікацыйны аудыт сістэмы менеджмента якасці на адпавяданне патрабавання стандарта ISO 9001:2008 і ISO 9001:2009. У кастрычніку 2016 года ўстанове выдадзены сертыфікат адпаведнасці.
Пад кіраўніцтвам У.У.Белага было наладжана цеснае супрацоўніцтва з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў, что дапамагае працаўладкаванню выпускнікоў. Больш за 86% юнакоў і дзяўчат замацоўваюцца на сваіх першых рабочых месцах.
На належным узроўні ў сельгаскаледжы і работа па атрыманні сродкаў ад дзейнасці, якая прыносіць прыбытак: за 9 месяцаў бягучага года тэмп росту склаў 122,6% да аналагічнага перыяду 2017 г.; тэмп росту платных адукацыйных паслуг — 158,8%.
Дзякуючы высокапрафесійнаму кіраўніцтву Уладзіміра Уладзіміравіча за 2016-2018 г.г. у сельгаскаледжы праведзена значная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Так, за кошт сродкаў ад дзейнасці, якая прыносіць прыбытак, сельгаскаледж набыў 11 адзінак камп’ютарнай тэхнікі, машыну для перапрацоўкі агародніны, плугі, вымяральнае і лабараторнае абсталяванне, касавыя апараты. З падтрымкай бюджэтных асігнаванняў набыты легкавы аўтамабіль, інтэрактыўная дошка, сельскагаспадарчы агрэгат — ачышчальнік вораха.
Важкую ўвагу надаваў Уладзімір Белы вядзенню навучэнцамі здаровага ладу жыцця. Сельгаскаледжаўцы — пастаянныя ўдзельнікі і частыя пераможцы ўсіх спартыўных раённых мерапрыемстваў. Цесна супрацоўнічаў дырэктар па пытаннях папулярызацыі спорту з райкамам прафсаюза работнікаў АПК.
Менавіта дырэктар сельгаскаледжа быў ініцыятарам работ па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, прылягаючай да ўстановы адукацыі. З яго непасрэдным удзелам работнікамі і навучэнцамі сельгаскаледжа ў 2015 г. высаджана яблыневая і рабінавая алеі ў гонар чарговай гадавіны Вялікай Перамогі, Дня Назалежнасці Рэспублікі Беларусь. Сёлета сельгаскаледжаўцамі ў аг.Жылічы высаджана 30 туй.
Самаадданая і добрасумленная праца Уладзіміра Белага адзначана Ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, Прэзідыума абкама прафсаюзаў, ён удастоены Падзякі Міністра сельскай гаспадарцы і харчавання, а таксама абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК.
Учора скарбонка заслужаных узнагарод У.У.Белага папоўнілася: старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гейдэль уручыў Уладзіміру Уладзіміравічу Ганаровую грамату прэзідыума абкама прафсаюза работнікаў АПК за шматгадовую і добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё АПК, выхаванне і падрыхтоўку спецыялістаў сельскай гаспадаркі, стварэнне належных умоў для вучэбна-вытворчага працэсу. Была ўручана таксама Ганаровая грамата камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама за шматгадовую і бездакорную работу ў сістэме аграпрамысловай адукацыі, значны асабісты ўклад у справу падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў для народнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.