У сельгасарганізацыях Кіраўшчыны распачалася касавіца. Работы арганізаваны і ў КСУП «Ніва-Барсукі»

Механізатары Алег Стальмакоў і Рыгор Прусянкоў
“Рыхтуй сані летам” — гэтую прымаўку і яе сэнс, думаецца, ведае кожны. Сапраўды, рыхтавацца да будучага патрэбна загадзя, каб потым задуманае атрымалася, а планы спраўдзіліся. Для сельгасвытворцаў выраз мае асабліва актуальны сэнс. Любы працэс трэба прадумаць загадзя, падрыхтаваць як мае быць, тады можна разлічваць на добры рэзультат.
Якой будзе зімоўка грамадскага пагалоўя жывёлы, якімі будуць надоі і прывагі — гэта залежыць ужо ад сённяшняга дня. Для сяльчан надышоў адзін з найбольш адказных перыядаў — корманарыхтоўка. Да яе прыступілі ў сельгасарганізацыях раёна. Пачалі назапашваць кармы і ў КСУП “Ніва-Барсукі”, дзе мы пабывалі ў мінулую сераду.

Вадзіцель Васіль Марозаў
Шлях адвозчыкаў ляжаў да фермы “Ізабеліна”, дзе закладвалася першая сянажная траншэя. Адна за адной згружалася ў месца для кансервацыі чарговая прывезеная порцыя духмянай масы. За яе ўкладку тут жа прыступалі трамбоўшчыкі. Гэты ўчастак даручаны Генадзю Кайданау на пагрузчыку “Маніту” і Юрыю Сямёнаву на “Амкадоры”. За выкананнем усіх тэхналагічных патрабаванняў пры закладванні сенажу уважліва сочыць галоўны заатэхнік сельгапрадпрыемства Аляксандр Дастанка.
Дарэчы, паралельна з закладкай сенажу ў траншэі, ужо вядзецца яго нарыхтоўка па сучаснай тэхналогіі — у стрэйч-плёнку. Скатвае ў рулоны і запакоўвае масу Сяргей Гушчын. Адносна новы метад добра прыжыўся, дзякуючы выдатнаму захоўванню масы і яе паядамасці жывёлай.
Механізатар Генадзь Кайданаў
Аб ходзе корманарыхтроўкі, планах ніваўцаў на гэты перыяд мы пагутарылі з галоўным аграномам гаспадаркі Аляксеем Семашкевічам і галоўным эканамістам Сяргеем Гур’янавым. Як паведамілі яны, аб’ёмы работ прадстаяць значныя. У “Ніве-Барсуках” утрымліваецца 3900 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 1331 — дойны статак, які сканцэнтраваны на трох МТФ — “Барсукі”, “Ізабеліна” і “Капусціна”. Плюс тры больш дробныя фермы — у Лешчанцы, Скрыпліцы і Камерава. Так што кармоў патрэбна шмат, каб зімоўка была сытнай, а жывёлагадоўля прыносіла прыбытак. Але спецыялісты адназначна выказалі ўпэўненасць, што так яно і будзе. Травастой выдаўся добрым, хоць і не на ўсіх участках дажджы палівалі пасевы. Тым не менш, іх выгляд дазваляе меркаваць, што наяўных траў павінна хапіць, каб атрымаць акрамя патрэбных для зімы кармоў яшчэ і добры запас на будучае. А ён павінен быць абавязкова, і ў такім накірунку ніваўцы працуюць штогод. Асноўныя плошчы — 70% — сёлета займаюць бабовыя і бабова-злакавыя травы, 20% — лугавыя злакавыя, яшчэ 10% пасеваў адведзена на насенне.

P.S. І нібыта прырода пачула пажаданне. Пасля працяглай сонечнай паўзы, ўвечары таго ж дня шчодны дождж прайшоўся па Кіраўшчыне, наліваючы расліны сілай вільгаці. Выдатна ён прыйшоўся і на травастой, а, значыць, добра паспрыяў і корманарыхтоўцам.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.

