Темы

Радуецца кожнаму новаму дню

Радуецца  кожнаму новаму дню

stolett

Чуласць, любоў да людзей, дабрыня і працавітасць — асноўныя рысы характару Марыі Арцёмаўны Салановіч з а/г Любонічы, якая нядаўна адзначыла свой стогадовы юбілей.

Павіншаваць Марыю Арцёмаўну з такой знамянальнай датай сабралася шмат родных і гасцей. Шчырыя словы ў адрас юбіляршы выказала, а таксама ўручыла падарункі ад імя кіраўніцтва раёна начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Свяцецкая. З падарункамі завіталі старшыня Любоніцкага сельскага Савета дэпутатаў Таццяна Вербінава, начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарчу Таццяна Русецкая, прадстаўнікі моладзі на чале з першым сакратаром райкама ГА “БРСМ” Аленай Осіпавай. Шчырую ўдзячнасць за шматгадовую плённую працу выказалі ў адрас юбіляршы старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер і прадстаўнікі РАПТЗ: яны таксама ўручылі Марыі Арцёмаўне кветкі і падарункі.
А якое ж свята без песень? Свае музычныя віншаванні падарылі народны фальклорны калектыў “Спадчына” і су-працоўніцы раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Песні юбілярша слухала з задавальненнем, бо і сама, нягледзячы ні на якія жыццёвыя цяжкасці, у маладосці любіла спяваць.
Лёс ніколі не песціў М.А.Салановіч. Нарадзілася і вырасла яна ў Любонічах. У сям’і, акрамя Марыі, гадавалася яшчэ пяцёра дзяцей. Таму да цяжкай сялянскай працы яна прывучылася з дзяцінства.
За доўгія гады жыцця ёй давялося зведаць нямала цяжкасцей. Першы муж Марыі Арцёмаўны трагічна загінуў, маладыя пражылі разам зусім нядоўга. Не склалася сумеснае жыццё ў жанчыны і з другім мужам, адной давялося падымаць “на ногі” дачку. Шмат гадоў адпрацавала ў тагачасным калгасе “Радзіма”, хадзіла на палявыя работы, трымала хатнюю жывёлу і апрацоўвала вялікі агарод. Дапамогі ёй чакаць не даводзілася, у любой справе Марыя Салановіч спадзявалася толькі на сябе.
Яе дачка Ганна Крыскавец успамінае, што, калі ёй споўнілася 5 гадоў, матуля часта брала яе з сабой у лес нарыхтоўваць дровы, з маленства дзяўчынка навучылася сеяць, палоць агарод, жаць збажыну, убіраць сена.
У сваю чаргу Ганна Андрэеўна вельмі ўдзячная сваёй матулі за падтрымку: яна дапамагла дачцы падняць на ногі чацвёра дзяцей (асабліва складана было, калі загінуў зяць М.А.Салановіч). А хатняя гаспадарка і ўвогуле заўсёды былі за Марыяй Арцёмаўнай. Яна і зараз, адзначыла дачка, не можа сядзець “склаўшы рукі”, заўсёды імкнецца штосьці дапамагчы па гаспадарцы, улетку абавязкова выходзіць на агарод, каб палюбавацца вырашчаным.
Былі ў жыцці М.А.Салановіч справы, якія, як кажуць, для душы. Вельмі любіла жанчына ткаць і вышываць. Як толькі выдавалася вольная хвіліна, Марыя Арцёмаўна станавілася за кросны і ткала прасціны, ручнікі, дываны. І сёння ў доме жанчыны паўсюль на рэчах “цвітуць” кветкі, вышытыя яе рукамі.
У людзей шаноўнага ўзросту заўжды хочацца спытаць пра сакрэты даўгалецця. У Марыі Арцёмаўны яны простыя: павага і дабрыня да людзей, любоў да працы, якую рабіла, а самае галоўнае — уменне радавацца кожнаму новаму дню.
Свой стогадовы юбілей Марыя Арцёмаўна Салановіч адзначыла разам са сваёй вялікай і дружнай раднёй, а самымі дарагімі для яе гасцямі былі, канешне ж, дачка і чацвёра ўнукаў з сем’ямі. Шмат станоўчых эмоцый і шчырую радасць дораць бабулі Марыі і шасцёра яе праўнукаў.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.
На здымках: М.А.Салановіч са сваёй праўнучкай Насцяй; юбіляршу віншуе начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Свяцецкая.

Последние новости

Актуально

Бойцы студенческого отряда «Молодая гвардия» посетили музей ОАО «Рассвет им. К.П. Орловского»

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

На базе Кировского РЦСОН состоялся обучающий тренинг «Безопасное сопровождение»

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

На полях СХФ «Чигиринка» активно ведётся уборка урожая озимого ячменя

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Антикоррупционные механизмы

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Уборочная страда в КСУП «Нива-Барсуки» Кировского района

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Дни Союзного государства и молодежный праздник стартуют сегодня в фестивальном Витебске

17 июля 2026
Читать новость

Рекомендуем