Галіне Міхайлаўне Бураковай уручаны памятны знак

Больш за 75 год таму, 27 студзеня 1944 года, была поўнасцю знята блакада Ленінграда. Напярэдадні гэтага слаўнага юбілею гарадскі ўрад цяперашняга Санкт-Пецярбурга заснаваў памятны знак «У гонар 75-годдзя поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады».
Улады нязломленага горада вырашылі ўручыць яго як грамадзянам Расійскай Федэрацыі, так і грамадзянам, якія пражываюць у далёкім і блізкім замежжы і ўзнагароджаны медалём «За абарону Ленінграда», знакам «Жыхару блакаднага Ленінграда». Такія людзі ёсць і на Кіраўшчыне. Жыхарка в.Букіно Галіна Міхайлаўна Буракова ўдастоена знака “Жыхар блакаднага Ленінграда”.
Днямі памятны знак для былой блакадніцы быў дастаўлены ў наш раён. З віншаваннямі і кветкамі ў мінулую сераду да Галіны Міхайлаўны, якая на той момант знаходзілася на лячэнні ў райбальніцы, завіталі начальнік адасобленай групы (па Кіраўскім раёне) ваеннага камісарыята г.Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў Андрэй Гайдукевіч, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Алег Бойка, старшыня раённага савета ветэранаў Эма Карпук.
Уручаючы памятны знак «У гонар 75-годдзя поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады», Андрэй Гайдукевіч адзначыў, што блакаднікам у гады Вялікай Айчыннай вайны давялося прайсці праз нечалавечныя выпрабаванні, праявіць неймаверныя стойкасць і мужнасць. Сучаснае пакаленне павінна памятаць гісторыю свайго народа, берагчы мір на зямлі.
Галіна Міхайлаўна прыгадала некаторыя моманты свайго цяжкага блакаднага дзяцінства, тыя пакуты, холад і голад, якія давялося перажыць жыхарам Ленінграда. Гэтыя ўспаміны заўсёды выклікаюць у яе слёзы…
У сваю чаргу, жанчына шчыра падзякавала за праяўляемыя ўвагу і клопат, за тую нязгасную памяць аб гераічным мінулым народа-барацьбіта.
Фота Людмілы СЯМЁНАВАЙ.