Урачысты мітынг, прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі, адбыўся ў г.Кіраўску

Урачысты мітынг, прысвечаны 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, адбыўся каля брацкай магілы загінуўшых воінаў і партызан, размешчанай па вул.Гагарына г.Кіраўска.
У мітынгу прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Міхаіл Гулы, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава, члены раённага выканаўчага камітэта, кіраўнікі сілавых структур.
Дзень Перамогі – адметны дзень у гісторыі нашага народа, адзначылі вядучыя. Ён прасякнуты пачуццём гонару і ўдзячнасці тым, хто адстаяў мір і свабоду ў баях з ворагам падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэта свята Доблесці і Славы загінуўшых герояў і жывых былых байцоў і камандзіраў, партызан і падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу, салдацкіх удоў і ўсіх тых, хто абараніў сваю зямлю ад фашысцкай навалы.
Загучаў “Рэквіем”: дзяўчыны ўстанавілі лампадкі памяці да брацкай магілы.
Вспомним павших мы, молча и стоя,
Всех защитников нашей страны!
Слава, вечная Слава героям,
Память вечная жертвам войны!
Метраном адбівае хвіліны, прысутныя застылі ў мінуце маўчання.
Кіраўнік раёна Міхаіл Гулы і старшыня райсавета дэпутатаў Галіна Слабоднікава ўсклалі да брацкай магілы кошык з кветкамі памяці, удзельнікі ўрачыстага мітынгу – кветкі – з паклонам тым, хто аддаў жыццё за мірнае неба і светлую будучыню. 




Наталля ХАДАКОВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.




