Шлях друкаванага слова


Родная мова, такая знаёмая кожнаму з маленства, застаецца самай загадкавай і дзівоснай з’явай. Без мовы не было б чалавека, яго дапытлівай думкі. Пакуль ён ствараў мову, яна будавала ягоную душу, вучыла адчуваць і думаць вобразамі. Са звычайных, будзённых слоў, сагрэтых душэўным цяплом, высвечаных фантазіяй, ствараўся неад’емны скарб народа. Мы – багатыя нашчадкі, бо маем больш за сорак тамоў сабраных і выдадзеных твораў беларускага фальклору.
З пажаўцелых старонак летапісаў паўстаюць перад намі велічныя постаці сыноў і дачок беларускага народа, якія пакінулі значны след у гісторыі і культуры. Сваімі справамі ўслаўлялі яны наш край. Гэта былі дзяржаўныя і культурныя дзеячы Беларусі: Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі і шмат іншых выдатных асоб. Яны пракладвалі дарогу кнізе, слову.
Да Дня беларускага пісьменства ўстановы Кіраўскай сеткі бібліятэк падрыхтавалі тэматычныя выставы: “Асветнікі зямлі беларускай”, “У шэрагу вялікіх імёнаў”, “Крыніца культуры і духоўнасці”, “Да нас прыйшла новая кніга”, “Роднага слова гук чароўны”, “Сэрцам табе прысягаю”, “Адданы сын сваёй зямлі”, “Край мой любы, добры, даверлівы” і іншыя.
Дзіцячая бібліятэка-філіял правядзе гістарычныя віражы “Мудрасць друкаванага слова”, усім жадаючым прадаставіцца магчымасць прымерыць на сябе роль фотамайстра і камандай зрабіць тэматычны калаж.
Цэнтральная бібліятэка запрашае на гістарычнае знаёмства “Святое імя Ефрасіння” і прагляд электроннай прэзентацыі “Шлях праз стагоддзі”.
Жыліцкая сельская біблятэка-філіял правядзе экскурс у даўніну “Дарога да святыняў друкаванага слова”, пазнаёміць са складаным шляхам, які прайшла кніга ад вытокаў да нашых дзён, ад папіруса да электроннай кнігі. Кожны можа паказаць свае веды пра выдатных асветнікаў Беларусі.
У Мышкавіцкай сельскай бібліятэцы-філіяле пройдзе свята беларускай кнігі “На хвалі беларускай літаратуры”. Да ўвагі чытачоў будуць прадстаўлены зборнікі сучаснай беларускай прозы.
Паўлавіцкая сельская бібліятэка запрашае наведвальнікаў на час беларускай кнігі “Свет разумення кніжнага”.
У межах свята наведвальнікі могуць пазнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі “На хвалі беларускай літаратуры”.
Наталля Чаранкевіч, загадчык дзіцячай бібліятэкі-філіяла г.Кіраўска.