Вучань – адлюстраванне свайго настаўніка

Вучань – адлюстраванне  свайго настаўніка

Першая нядзеля кастрычніка. Дзень настаўніка. Для многіх ён мае асаблівае значэнне, падштурхоўвае акунуцца ва ўспаміны з дзяцінства і прыгадаць свайго педагога. Свайго – гэта значыць такога, які пакінуў у душы след дабрыні і святла, з якім заўсёды прыемна сустракацца, якому з радасцю расказваеш пра свае ўзлёты і падзенні, якога ставіш у прыклад іншым.

Пра сваіх любімых настаўнікаў нам расказалі выпускнікі навучальных устаноў раёна розных год.
Напрыклад, школьнае жыццё Таццяны Яўсеевай з Мышкавіч падарыла ёй педагога, які ў выніку стаў сапраўдным сябрам, – Лілію Царанок. Таццяна расказала: “Лілія Генадзьеўна вучыла дзяцей беларускай граматыцы і адкрывала свет айчыннай літаратуры, калі я была вучаніцай Мышкавіцкай СШ. Яна на ўсё жыццё застаецца для мяне прыкладам для пераймання як педагог, чалавек, жанчына, маці. Менавіта Л.Г.Царанок прывіла мне любоў да роднай мовы і літаратуры. Гледзячы на яе, я марыла таксама стаць настаўнікам. Аднак Лілія Генадзьеўна разгледзела ў ва мне задаткі журналіста і параіла паспрабаваць сябе ў гэтым накірунку. Дзякуючы яе парадам, зараз я займаюся любімай справай, творчасцю. Часта сустракаюся з ёй па рабоце, і гэтыя сустрэчы для мяне заўсёды радасныя і доўгачаканыя. Дзякую ёй за веру ў мае здольнасці і падтрымку!”.
На працягу апошніх 13-ці год Л.Г.Царанок працуе ў СШ №1, займае пасаду намесніка дырэктара па навучальнай рабоце, выкладае рускую мову і літаратуру. Дарэчы, у сценах СШ№1 прайшлі школьныя часіны і самой Ліліі Царанок, выпускнікамі гэтай жа навучальнай установы былі і яе дзеці.

Педагагічную адукацыю Л.Г.Ца­ранок атрымала ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова. Першыя свае ўрокі праводзіла для вучняў пачатковых класаў Хвайніцкай школы. Лілія Генадзьеўна прыгадвае, што ў пачатку настаўніцкага шляху самым складаным і хвалюючым для ее было наладжваць зносіны з бацькамі вучняў. Да слова, і зараз, калі за плячыма значны працоўны вопыт, гэта па-ранейшаму няпроста. А вось з дзецьмі ёй заўсёды было цікава і лёгка. “Я люблю сваю прафесію за тое, што маю магчымасць кожны дзень акунацца ў дзіцячы свет. Агеньчыкі ў вачах хлопчыкаў і дзяўчынак, іх імкненне спасцігаць новае, жаданне рабіць адкрыцці напаўняюць мяне энергіяй, аптымізмам і падштурхоўваюць рухацца наперад”, – прызналася настаўніца.
Л.Г.Царанок лічыць, каб вучні, якія пакінуць сцены роднай школы і выйдуць у дарослае плаванне, не згубіліся ў хвалях жыццёвага мора, трэба не толькі вучыць асновам прадмету, а размаўляць з рабятамі па-даросламу, на роўных, каб яны ўмелі самастойна прымаць рашэнні і адказваць за свае ўчынкі.
Напярэдадні Дня настаўніка ў Ліліі Царанок таксама ёсць пра каго ўспомніць. Дагэтуль яна сябруе са сваёй першай выкладчыцай А.А.Бераснёвай, удзячная былым калегам па рабоце ў Мышкавіцкай СШ В.У.Гаршковай і А.У.Таранавай.
Л.Г.Царанок натхняе на дасягненні не толькі сваіх вучняў, але і калег. Навучэнцы СШ №1 – пастаянныя ўдзельнікі і пераможцы разнастайных конкурсаў, алімпіяд, іспытаў, праектаў. Гэта дзякуючы таму, што ў навучальнай установе ў тым ліку і пад яе кіраўніцтвам на высокім узроўні наладжана работа з таленавітымі, адоранымі дзецьмі, створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця іх здольнасцей. На базе школы працуе цэнтр па рабоце з таленавітымі вучнямі. На першых этапах педагог-псіхолаг Наталля Краўчанка праводзіць дыягностыку рабят, пачынаючы з малодшага школьнага ўзросту, з мэтай выяўлення і ацэнкі іх здольнасцей. Па яе выніках педагогі працуюць над развіццём дзіцячых талентаў. Распрацавана і дзейнічае стымуляцыя і падтрымка адораных вучняў і іх педагогаў.
А, галоўнае, як адзначыла Л.Г.Царанок, у калектыве СШ №1 – таленавітыя педагогі – іх 58, якія жадаюць і могуць працаваць з дзецьмі, укладаючы ў сваю дзейнасць максімум ведаў, сіл і частку душы.
З кагорты такіх – выкладчык гісторыі Ігар Лукашоў. На заклік расказаць пра любімага педагога адгукнулася шмат яго вучняў розных год. З-пад настаўніцкага “крыла” Ігара Іванавіча выпырхнула некалькі пакаленняў кіраўчан. На працягу 24-х год ён узначальвае інтэлектуальны рух на Кіраўшчыне – кіруе клубам інтэлектуальных гульняў “Эрудыт”, які дзейнічае на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Ігар Іванавіч не проста дае рабятам веды, ён вучыць іх думаць, разважаць, працаваць у камандзе, праз дыялог шукаць эфектыўныя спосабы вырашэння розных задач.
Выпускнік СШ №1 2007 года Віктар Шкрадзюк, былы ўдзельнік клуба “Эрудыт”, расказаў: “І.І.Лукашоў выкладаў у мяне эканоміку ў профільным класе. Першы раз на трэніроўку інтэлектуальнага клуба пад яго кіраўніцтвам я прыйшоў у 7 класе, аднакласніцы запрасілі мяне паспрабаваць свае сілы. Ігар Іванавіч так умее наладзіць гульнявы працэс, што ён не можа ні зацікавіць. Так задыралася і са мной.
Аб уплыве Ігара Лукашова на мяне ў жыццёвым аспекце ды і, упэўнены, на ўсіх, хто займаўся і займаецца ў яго клубе, можна гаварыць доўга. На мой погляд, усе шчырыя фанаты яго інтэлектуальнага руху становяцца ўнікальнымі ў любых справах. Падыход І.І.Лукашова да дзяцей можна зразумець толькі пабыўшы ў якасці яго вучня, гэта складана апісаць словамі. Як педагог і трэнер, ён фарміраваў і развіваў у нас усё самае лепшае, а, галоўнае, – імкненне да перамогі заўсёды і ва ўсім.
Я ўдзячны лёсу за тое, што быў вучнем Ігара Лукашова не толькі на школьнай лаве, але і ў жыцці. Той узровень адукацыі і выхавання, які ён дае сваім вучням, лічу, складана перасягнуць.
Шкада, што дарослае жыццё не дазваляе нам часта сустракацца з любімым настаўнікам. Здараецца, што зараз мне не хапае яго бацькоўскай парады, размовы па душах”.

А вось што расказала Галіна Смірнова (у дзявоцтве – Шчэрбіч), выпускніца СШ №1 2003 года: “Маё знаёмства з І.І.Лукашовым пачалося з таго дня, калі ён прыйшоў да нас у 7 клас на замену настаўніка гісторыі. На гэтым першым уроку Ігар Іванавіч так захапіў цікавай тактыкай выкладання, інтэлектуальным гумарам, што я адразу адгукнулася на прапанову займацца ў клубе “Эрудыт”. Сабралі каманду з ліку нашых аднакласнікаў, якую назвалі “Сфінкс”, і рушылі пакараць інтэлектуальны алімп.
У клубе я займалася 5 год, гуляла ў розных камандах, удзельнічала ў шматлікіх турнірах. Памятаю, калі Ігар Іванавіч гаварыў нам пасля гульні “Усе за мной!” да абвяшчэння вынікаў, то мы ведалі, што ў аўтобусе, па дарозе дадому, ён будзе абмяркоўваць нашы памылкі і няўдачы. А калі мы займалі прызавыя месцы, то настаўнік шчыра радаваўся разам з намі і называў нас інтэлектуальнымі монстрамі.
Хочацца пажадаць Ігару Іванавічу і далей “гарэць” сваёй справай, памятаць, што за ім – цэлае пакаленне “інтэлектуальных монстраў”, якім ёсць за што сказаць гэтаму педагогу дзякуй!”.
Сёлетні выпускнік СШ№1 Віктар Будніцкі, у якога Ігар Лукашоў выкладаў гісторыю, паказаў высокі рэзультат падчас цэнтралізаванага тэставання: “Гісторыю Беларусі” здаў на 99 балаў, “Сусветную гісторыю” – на 100 балаў. Зараз Віктар вучыцца на гістарычным факультэце БДУ. Юнак расказаў: “Вядома, значная частка майго поспеху – заслуга І.І.Лукашова. Ён дапамагаў мне, падтрымліваў у пачынаннях на гістарычнай ніве. Значны набор маіх ведаў атрыманы дзякуючы Ігару Іванавічу, а таксама кнігам, якія ён раіў чытаць.
І.І.Лукашоў – першакласны спецыяліст у сваёй справе, на яго ўроках заўсёды цікава.
Хочацца ад усяго сэрца падзякаваць яму не толькі за трывалыя веды, але і цярплівасць, уменне слухаць, самааддачу. Яго талент – знаходзіць з вучнямі агульную мову і зацікаўліваць іх выкладаемым прадметам – уражвае! ”.


Яшчэ адным таленавітым прадстаўніком педагагічнага калектыву СШ №1 з’яўляецца настаўнік прадмета “Працоўнае навучанне. Абслугоўваючая праца” Алена Пархамовіч. Яна неаднаразова станавілася гераіняй нашых публікацый. У настаўніцкай дзейнасці Алена Уладзіміраўна – 21 год. Падрыхтавала 3-х пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне. Абслугоўваючая праца”. У 2013 годзе яе вучаніцы Марына Заркевіч і Юлія Багданава былі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Добрасумленная праца А.У.Пархамовіч адзначана прэміяй фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных вучняў.
Марына Заркевіч, якая закончыла школу ў 2014 годзе, таксама захацела падзяліцца ўспамінамі аб сваёй любімай настаўніцы: “Удзельнічаць у алімпіядзе па працоўным навучанні я пачала з 7 класа. Алена Уладзіміраўна заўсёды прыкмячае зацікаўленасць у яе прадмеце і развівае вучня ў патрэбным накірунку. Менавіта яна прапанавала мне паспрабаваць свае сілы. Першы наш алімпіядны вопыт прынёс Дыплом II ступені на раённым узроўні, пасля чаго нам абедзвюм спыніцца было ўжо немагчыма.
У прадмеце мне падабалася ўсё: вязаць, шыць, вышываць, вучыцца чамусьці новаму, удасканальваць свае навыкі. Алена Уладзіміраўна падтрымлівала ва ўсіх пачынаннях і імкненнях, з радасцю дапамагала. Яна была для мяне генератарам ідэй, прыдумвала нашы новыы алімпіядныы праекты, якія ў выніку станавіліся пераможнымі. У працэсе падрыхтовак да ўдзелу ў алімпіядах многае мы рабілі ў яе свабодны ад работы час.
Я лічу, што А.У.Пархамовіч разгледзела і поўнасцю рэалізавала мой патэнцыял, а таксама навучыла мяне акуратнасці, цярплівасці, вытрымцы. Не толькі перадала мне свае веды, але і стала “другой маці”.
Алена Уладзіміраўна – прафесіянал сваёй справы: у меру строгая, умее знайсці падыход да кожнага вучня, стараецца ўсім надаць увагу і дапамагчы парадай.
Хочацца пажадаць маёй любімай настаўніцы, каб яе вучні разам з ёй і далей дасягалі неварагодных вышынь поспеху”.
Роля настаўніка ў жыцці вучня – неацэнная. Як бачна з успамінаў нашых суразмоўцаў, таленавіты педагог здольны не толькі выкладаць агульнаадукацыйны матэрыял на ўроках, але і вучыць дзяцей быць смелымі, упэўненымі ў сваіх сілах, не баяцца выказваць думкі, разважаць, а яшчэ ўмее быць старэйшым сябрам і дарадчыкам. Прызнанне вучня ў любові да свайго педагога – вышэйшая адзнака яго прафесійнай дзейнасці і чалавечых якасцяў.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Последние новости

Актуально

Развивайся и процветай, родной край Приднепровье!

25 апреля 2026
Читать новость
Актуально

ГАИ Кировского района ищет очевидцев ДТП

25 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Каков Кировский хлеб на вкус?

25 апреля 2026
Читать новость
Актуально

В Минске проходит IV Съезд Белорусской партии «Белая Русь»

25 апреля 2026
Читать новость
Актуально

В Жиличском дворцово-парковом ансамбле проходит II (апрельский) Пленум Могилевского областного комитета КПБ

25 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Очень медленно разворачиваемся, надо ускоряться. Лукашенко обозначил актуальные задачи по развитию агросервисов

25 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем