Вакальны ансамбль “Родныя галасы” з Кіраўска адзначаны Дыпломамі расійска-беларускага фестывалю “Дзве Русі — дзве сястры”
Вакальны ансамбль “Родныя галасы” раённага Цэнтра культуры і вольнага часу адзначаны Дыпломамі ўдзельнікаў XVIII расійска-беларускага фестывалю народнай творчасці “Дзве Русі – дзве сястры”. Сёлета ён праходзіў у онлайн-фармаце.
Фестываль аб’ядноўвае тых, хто беражліва захоўвае, прымнажае і дзеліцца традыцыямі народаў-братоў – беларусаў і расіян. Яго мэты – умацаванне культурных сувязей і развіццё культурнага супрацоўніцтва паміж раёнамі Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі і раёнамі Магілёўскай вобласці Рэспублікі Беларусь, прапаганда і захаванне лепшых нацыянальных традыцый народнай культуры брацкіх славянскіх народаў, адкрыццё імён новых самабытных выканаўцаў і калектываў, абмен творчым вопытам.
Сёлета ў фестывалі прымалі ўдзел больш за 100 чалавек – салісты-вакалісты, члены народных і эстрадных калектываў, вакальных груп, харэаграфічных калектываў, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Кіраўчане ўдзельнічалі ўпершыню. Вакальны ансамбль “Родныя галасы” выканаў беларускую народную песню “Мельніца”, яго салісткі Таццяна Кашко і Уладзіслава Барысёнак – “Спявай, мая чароўная зямля” і “Радзіма”.
Усю праграму фестываля можна паглядзець у інтэрнэце, задаўшы ў пошукавіку запыт “Дзве Русі – дзве сястры”-2020.