Працягваецца рэканструкцыя палацава-паркавага ансамбля ў Жылічах
Жамчужына Кіраўшчыны — Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, помнік архітэктуры XVIII-XIX стагоддзяў. Ён уваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і прыцягвае ўвагу турыстаў з розных куткоў Беларусі і замежжа.
Працягваецца рэканструкцыя палацава-паркавага ансамбля з рэстаўрацыяй. Як вядома, першая чарга рэстаўрацыі была ўведзена ў эксплуатацыю ў жніўні 2011 года, тут размясцілася Жыліцкая дзіцячая школа мастацтваў. Рабяты спасцігаюць азы музыкі, жывапісу і харэаграфіі ў такім знакамітым гістарычным месцы, у цудоўных інтэр’ерах, магчыма, таму многія пасля школы выбіраюць далейшы шлях у мастацтва.
Уведзены першы пускавы комплекс другой чаргі — паўднёвага корпусу “Аранжарэя”. У адрэстаўрыраваных памяшканнях аформлены цікавыя экспазіцыі, з якімі ахвотна знаёмяцца наведвальнікі.
Дырэктар дзяржаўнай установы “Жыліцкі гістарычны комплекс-музей” Ларыса Забелава ўсёй душой аддадзена сваёй рабоце, яна ведае і любіць гісторыю гэтых мясцін, гатова бясконца, вельмі цікава і натхнёна расказваць усім, хто прыязджае сюды, пра факты і легенды сівой даўніны.
Трэба адзначыць, што па выніках раённага спаборніцтва за мінулы год Ларыса Забелава прызнана лепшай па прафесіі ў намінацыі “Лепшы работнік культуры”.