Лідарам — заслужаныя віншаванні і ўзнагароды
Учора старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер пабывалі на палетках СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, “Добасна-агра”, КСУП “Жылічы” з мэтай ушанавання чарговых лідараў пасяўной кампаніі, згодна прамежкавых вынікаў штогадовага раённага спаборніцтва сярод сельгасарганізацый, фермерскіх гаспадарак, трактарыстаў-машыністаў за своечасовае і якаснае правядзенне веснавых палявых работ.
Ім былі ўручаны наклейкі “Лідар працоўнага спаборніцтва”, каштоўныя падарункі, а таксама падзячныя пісьмы.
Сярод лепшых на ворыве — Канстанцін Пятруша з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. У гэты дзень ён прымаў віншаванні, пажаданні і падарункі з рук кіраўніка раёна.
У СВК “Добасна-агра” Аляксандр Бутараў павіншаваў з працоўнымі поспехамі Алега Сосава, які таксама вылучыўся на ўзворванні глебы: дарэчы, кіраўніцтва даверыла яму новы трактар, што, безумоўна, адыграла немалаважную ролю ў дасягненні важкіх вынікаў. У Дзмітрыя Грыцкевіча — лепшыя паказчыкі на ўнясенні мінеральных угнаенняў. Ён на некалькі хвілін пакінуў сваю тэхніку — агрэгат “РОСА” дзеля прыемнага моманту ўручэння кіраўніком раёна заслужаных узнагарод.
На палях КСУП “Жылічы” ў цэнтры ўвагі былі Міхаіл Цітарэнка, ён таксама дасягнуў добрых вынікаў на ўнясенні мінеральных угнаенняў, Аляксандр Храмянкоў вылучыўся на пагрузцы арганічных угнаенняў і Уладзімір Бычкоў — на вывазцы і ўнясенні арганікі. Шмат добрых слоў выказаў у іх адрас старшыня гаспадаркі Міхаіл Агафонаў: маўляў, гэта старанныя, вопытныя механізатары, якія пастаянна ў лідарах падчас адказных сельскагаспадарчых кампаній.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў, выказваючы механізатарам пажаданні далейшых поспехаў у працы, цікавіўся ходам веснавых палявых работ, выпрацоўкай, аплатай працы, арганізацыяй харчавання і іншымі пытаннямі.