Темы

Тры дзясяткі год – у пагонах…

Тры дзясяткі год – у пагонах…

Днямі адзначыла 85-гадовы юбілей Марыя Рыгораўна Іўкіна, чалавек, добра вядомы на Кіраўшчыне. Практычна кожны жыхар раёна, які атрымліваў пашпарт у другой палове 60-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, меў у галоўным дакуменце грамадзяніна аўтограф гэтай жанчыны – без перабольшвання, легендарнага ветэрана РАУС. Менавіта яна на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў узначальвала пашпартны стол райаддзела – так раней называлася цяперашняя група па грамадзянству і міграцыі.
З нагоды юбілею ў адзін з нядаўніх кастрычніцкіх дзён да Марыі Рыгораўны завіталі выконваючы абавязкі па паса­дзе намесніка начальніка РАУС Дзяніс Гарэлік, старшыня ветэранскай арганізацыі райаддзела Валерый Шахуноў, якія ўручылі гаспадыні заслужаныя ўзнагароды: нагрудны знак “За заслугі”, які заняў пачэснае месца сярод шматлікіх іншых узнагарод на параднай форме ветэрана міліцэйскай службы, Падзяку за шматгадовую бездакорную службу за подпісам начальніка РАУС, а таксама кветкі і падарункі. Так, менавіта у гэтай форме, як і належыць сапраўднаму афіцэру, сустракала гасцей Марыя Рыгораўна – і сёння, нягледзячы на такі паважаны ўзрост, – бадзёрая, стройная і падцягнутая, з асаблівым пачуццём годнасці і ў той жа час гумару, а выдатнай памяці жанчыны можна толькі па-добраму пазайздросціць…
Шлях да службы ў органах унутраных спраў у Марыі Іўкінай вызначыўся не адразу. Родам яна з Папоўшчыны Кіраўскага раёна. Бацькі Рыгор Мікалаевіч і Надзея Міхайлаўна з першых дзён, калі ўтварыўся калгас “Рассвет”, які ўзначаліў легендарны Кірыла Арлоўскі, сталі працаваць у гаспадарцы і прарабілі тут усё жыццё. Марыя – малодшая з дзвюх іх дачок – пасля вучобы ў Мышкавіцкай школы паспяхова скончыла Жыліцкі сельгастэхнікум і згодна размеркавання трапіла на працу ў калгас імя Калініна Нясвіжскага раёна, што на Міншчыне. Цяпер гэта адно з самых вядомых і перспектыўных сельгаспрадпрыемстваў нашай краіны – агракамбінат “Сноў”. Тут дзяўчына сустрэла сваё каханне – Мікалая Іўкіна, за якога неўзабаве і замуж выйшла. Маладыя працавалі ў калгасе, у хуткім часе ў сям’і зазвінеў голас дачушкі Галі.
У 1963 годзе Іўкіны перабраліся на Кіраўшчыну. Бацькі Марыі Рыгораўны жылі ўдваіх і маглі дапамагчы даглядаць маленькую ўнучку, бо самім трэба было працаваць, каб хутчэй стаць на ногі, абжыцца. Дарога прывяла ў райсельгастэхніку, дзе Мікалай Міхайлавіч стаў працаваць інжынерам па працаёмістых працэсах, а Марыі Рыгораўне прапанавалі пасаду памочніка выхавальніка ў дзіцячым садку, які належыў арганізацыі (цяпер – яслі-сад №4). З дзецьмі працаваць падабалася, але неўзабаве працоўная дзейнасць зноў дала новы паварот: Марыю Іўкіну запрасілі для субяседвання ў райаддзел міліцыі. З 8 прэтэндэнтаў на пасаду пашпартыста выбралі менавіта яе як найбольш здольную для гэтай дзейнасці.
Так у сакавіку 1964 года працоўны шлях жанчыны быў прадвызначаны канчаткова. Праз год яна прыняла прысягу і была назначана на пасаду начальніка пашпартнага стала РАУС, на якой адпрацавала да жніўня 1993-га. За амаль 30 год службы Марыя Іванаўна не атрымала ніводнага службовага пакарання – былі адны толькі падзякі. А работа вельмі спецыфічная. Яна адначасова патрабуе і матэматычнага складу розуму, і выдатнай памяці, і філалагічнай граматнасці, і каліграфічных навыкаў, і пільнасці, вялікай увагі. Усім гэтым у поўнай меры валодала гераіня гэтых радкоў, з кожным годам папаўняючы багаж вопыту і ведаў дзякуючы аб’ёмнай практычнай дзейнасці.
У працоўную дзейнасць начальніка пашпартнага стала ўваходзіў цэлы спектр абавязкаў, сярод якіх – афармленне, падрыхтоўка і выдача пашпартоў, вядзенне прапіскі і выпіскі грама­дзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна, пошук асоб, якія ўхіляюцца ад бацькоўскіх абавязкаў, улік грама­дзян з іншых краін і рэспублік былога СССР, якія прыбылі на Кіраўшчыну, падрыхтоўка шэрагу статыстычнай інфармацыі, а яшчэ – узаемадзеянне са службай дзяржаўнай бяспекі, што накладвала асаблівую адказнасць. І нельга не ўлічыць той факт, што ўся работа вялася, як кажуць, уручную. “Зараз у многім дапамагаюць камп’ютары, – заўважыла ў размове Марыя Рыгораўна. – Тады ж усю “базу” трэба было трымаць у галаве. А колькі патрабавалася ўвагі і цярпення, каб выпісваць пашпарты – бывала, што да 50 на тыдзень…”
Усе, хто працаваў побач з Марыяй Рыгораўнай, запомнілі яе як чалавека вельмі прынцыповага, праўдзівага, строгага ва ўсім – ад адзення да дысцыпліны. Быць такімі патрабавала і ад іншых. Яе аўтарытэт у райаддзеле быў бясспрэчным. А аб працавітасці яскрава сведчаць такія факты з яе жыццёвай біяграфіі: амаль за 30 год службы яна ніводнага разу не была, як кажуць, “на бальнічным”, а калі ў сям’і нарадзіўся малодшы сын Аляксандр, жанчына выйшла на працу ўжо праз тры месяцы…
На заслужаны адпачынак Марыя Рыгораўна выйшла ў званні маёра міліцыі. Шмат узнагарод ёй было ўручана за час бездакорнай службы. Сярод іх – медалі “За выдатную службу па ахове грамадскага парадку”, “Ветэран працы”, ганаровы знак “За выдатную службу ў МУС” і многія іншыя. Сёння жанчына з вышыні сваіх год азіраецца на пройдзены шлях і ў каторы раз упэўнена, што, хоць і не адразу, але вызначыла яго для сябе правільна. У сям’і была любячай жонкай і гаспадыняй, – для дзяцей і ўнукаў застаецца клапатлівай маці, бабуляй. І ў той жа час заўсёды заставалася вернай прысязе і афіцэрскаму абавязку. А гэта зусім няпроста. Працавала для людзей, была ім патрэбнай, чым заслужыла павагу. А яна – людская павага – многае значыць у жыцці…
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.

Последние новости

Актуально

В Кировске прошел районный выпускной вечер — большой фоторепортаж

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Пётр Яцкевич — ветеран труда ОАО «Рассвет им. К.П.Орловского» даёт совет молодым аграриям

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

«Беларусь помнит. Помним каждого». Как реализуют проект школьники Кировского района

12 июня 2026
Читать новость
Сельское хозяйство

Сенокосная страда в СХФ «Чигиринка»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Юные кировчане приняли участие в III региональном художественном конкурсе «РЭХА ПЕРАМОГІ. Ажыўшыя лісты вайны»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Конкурс для молодых семей «Властелин села-2026» состоится 16 июня

12 июня 2026
Читать новость