130 год з дня нараджэння Максіма Багдановіча: гонар і слава беларускай літаратуры
“Ёсць паэты, якія пішуць творы, каб потым з ix выдаць выбранае, але ёсць i паэты, што пішуць толькі выбранае. Да такіх i належыць Максім Багдановіч”.
Максім Танк.
Максіма Багдановіча называюць песняром прыгажосці і гармоніі. Вялікая любоў жыве ў народзе да яго паэзіі, да яго самога – як чалавека таленавітага і самаадданага. Кожнае пакаленне зноў і зноў адкрывае для сябе веліч асобы паэта і незвычайнае хараство яго лірыкі.
Максім Багдановіч – гонар і слава беларускай літаратуры, адзін з самых знакамітых і любімых паэтаў. Яго вершы даўно перакладзены на дзясяткі моў, пранізліва і тонка гучаць і ў нашы дні. “І тчэ, забыўшыся, рука заміж персідскага ўзору цвяток радзімы васілька…”, – знакамітыя радкі, якія сталі класікай і знаёмыя амаль кожнаму.
9 снежня споўнілася 130 год з дня нараджэння вядомаага паэта, перакладчыка, публіцыста Максіма Багдановіча.
Бібліятэкі раёна падрыхтавалі выставы, прысвечаныя юбілею беларускага класіка, мультымедыйныя прэзентацыі, дзе дэманструюцца фотаздымкі, занатаваўшыя дзіцячыя і юнацкія гады М.Багдановіча. На тэматычных выставах прадстаўлены зборнікі “Выбраныя творы”, “Вянок”, паэтычны зборнік “Пярсцёнак”, у які ўвайшлі творы з нявыдадзенага зборніка “Шыпшына”, таксама творы аб жыцці і дзейнасці паэта, водгукі аб творчасці, фотадакументы і нават ноты песень на вершы Максіма Багдановіча.
Шэрагам мерапрыемстваў адзначаюць юбілей паэта бібліятэкі раёна. Напрыклад, бібліятэкар Стайкаўскай сельскай бібліятэкі для сваіх чытачоў арганізавала літаратурную панараму “Яго творы з глыбінь душы”. Кірыл Пятрэнка выдатна дэкламаваў вершы Максіма Багдановіча, а пасля ўсе прысутныя разам узгадвалі падзеіі з біяграфіі знакамітага класіка беларускай літаратуры.
Удзельнікі юбілейных вечарын, літаратурных гадзін знаёміліся з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча, слухалі яго паэтычныя творы, вершы, пакладзеныя на музыку, у выкананні ансамбля “Песняры”, адказвалі на пытанні віктарын па творчасці паэта.
У Кіраўскай цэнтральнай бібліятэцы запланаваны паэтычны салон “Геній зямлі беларускай”, у Паўлавіцкай сельскай бібліятэцы – літаратурная гасцёўня “Жамчужына нашай спадчыны”, у Дабаснянскай сельскай бібліятэцы – паэтычны вечар “Я не выпадковы госць зямлі роднай”.
Алена Нікалаенка, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі.