Темы

Генацыд не павінен паўтарыцца! 11 красавіка – міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Генацыд не павінен паўтарыцца! 11 красавіка – міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Адна з самых трагічных старонак у гісторыі чалавецтва – дзеянне фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Праз іх прайшлі мільёны ні ў чым не павінных людзей, большасць з якіх загінула ў страшных пакутах.
Цяжка нават усведамляць, што праз жудасці генацыду давялося разам з дарослымі прайсці шматлікім дзецям. І гэты боль у тых, каму пашчасціла выжыць, застаўся ў сэрцах назаўсёды…
У нашым раёне зарэгістравана 135 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных немцамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны.

З кагорты тых, каму з самага ранняга дзяцінства давялося перанесці страшныя моманты фашысцкай акупацыі, у тым ліку і пякельныя выпрабаванні варожага засценка, – кіраўчанін Анатоль Каранкевіч. Каля 8 дзясяткаў год мінула з таго часу, а і сёння перад вачамі чалавека паважанага ўзросту паўстаюць эпізоды з лагера смерці, якая літаральна кожную хвіліну была побач з ім, яго роднымі, дзясяткамі тысяч людзей. Дзіцячая памяць здольная захоўваць самыя яркія ўражанні…

Нарадзіўся Анатоль Фёда­равіч у Бабруйску ў 1940 годзе – там на той час жыла сям’я Каранкевічаў. Крыху пазней перабраліся ў вёску Рукавец непадалёк ад Кіраўска – зараз гэтага населенага пункта няма на карце раёна. Бацька Фёдар Іванавіч удзельнічаў у дзвюх войнах: спачатку з 1939 г. – у фінскай, потым змагаўся з фашыстамі падчас Вялікай Айчыннай. У першую – Бог мілаваў: ніводнай драпіны не атрымаў. А вось з другой, на жаль, не вярнуўся – загінуў падчас вызвалення Польшчы, там, на польскай зямлі і пахаваны.
Аб цяжкасцях, страху, нястачы ў акупацыі, у якой на доўгія 3 гады апынуліся беларусы, думаецца, не мае сэнсу паўтарацца – кожную нашу сям’ю кранула вайна. Каранкевічы і іншыя рукаўчане – не выключэнне. Але, бадай, самы страшны перыяд для сям’і надышоў ў сакавіку 1944-га. У адзін з дней жыхароў вёскі, як і многіх іншых населеных пунктаў з розных куткоў Беларусі, адступаючыя фашысцкія акупанты тэрмінова сталі выганяць з дамоў і загружаць у грузавікі. Як высветлілася потым, – для адпраўкі ў канцэнтрацыйны лагер “Азарычы”, які вораг арганізаваў на Гомельшчыне. Нібыта жывёлу, людзей пагрузілі ў таварныя вагоны на чыгуначнай станцыі ў Бабруйску і накіравлі да месца зняволення.
Так уся сям’я Анатоля, якому не паспела яшчэ споўніцца 4 гадкі, акрамя бацькі, трапіла ў сумна вядомыя “Азарычы”. Разам з хлопчыкам у лагеры смерці апынуліся старэйшая сястра, сямігадовая Валя, трохмесячны брацік Міша, які практычна ўвесь час знахо­дзіўся на руках у маці Лукер’і Кузьмінічны, а таксама бацькі яе самой – дзядуля Кузьма і бабуля Лізавета.
– Каля двух месяцаў мы прабылі ў лагеры, – расказвае Анатоль Фёдаравіч. – Не ўсё ўспамінаецца, не ўсё тады ўсведамлялася ў поўнай меры, – вядома ж, яшчэ малы зусім быў. Але пэўныя эпізоды запомніліся. Многае потым расказвала, нагадвала і тлумачыла маці, якая нацярпелася, ратуючы дзяцей. Гэта сапраўды былі страшныя пакуты. Людзі знаходзіліся ў холадзе пад адкрытым небам, фактычна на балоце, у вадзе. Маці шукала купінку, каб пакласці браціка на больш-менш сухую паверхню. Тысячы лю­дзей… Многія паміралі, а трупы так і заставаліся сярод жывых. Хацелася піць. Голад страшны. Нібыта сабакам, калі-нікалі вязням маглі кінуць хлеб, калі так можна назваць нешта спечанае большай часткай з драўлянага пілавіння. Вогнішча расклад­ваць строга забаранялася – адразу расстрэл.
Запомнілася мне, як аднойчы адзін з паліцаяў (а яны былі найбольш бязлітасныя) ні за што ўдарыў маю бабулю. Проста так, каб пасмяяцца. Тут чамусьці раззлаваўся на яго ахоўнік-немец і ўдарыў прыкладам. Мне было неяк нават радасна, што і паліцаю дасталося за бабулю. Відаць, і сярод фашыстаў не ва ўсіх да канца страцілілася чалавечае.
Не знайсці было ні слоў радасці, ні адпаведных эмоцый, калі нарэшце дачакаліся мы часу вызвалення. Але давялося яшчэ пацярпець застаўшымся ў жывых: аказалася, як далажыла савецкая разведка, немцы, адыходзячы, замініравалі усе падыходы да лагера… І ўсё ж праз пэўны час нас загрузілі ў машыны, прывезлі ў нейкую вёску на Гомельшчыне, дзе накармілі салдацкай кашай. Не было нічога смачней за яе!.. А потым нас адправілі ў Бабруйск, пасля – дадому. У Рукаўцы пажылі крыху ў чыёйсьці пустой хаце. Без падлогі, але была печ. А затым дзед Кузьма “скляпаў” хатку памерам 3 на 3 метры, у якой і жылі ўшасцярых.

Затым былі цяжкія гады аднаўлення. Але складанасці для ўсіх былі не страшныя – галоўнае, скончылася вайна. У 50-х гадах жыхароў в.Рукавец у ліку іншых вёсак перасялілі на новыя месцы жыхарства – так старшыня калгаса “Рассвет” К.П.Арлоўскі аптымізаваў мясцовыя землі, паляпшаючы калгасныя ўгоддзі. Цяпер сям’я Каранкевічаў стала жыць у Кіраўску. Анатоль скончыў ў райцэнтры 7 класаў, працаваў тынкоўшчыкам у райсельгастэхніцы. Потым адвучыўся ў вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі ў Буйнічах. Перад арміяй паспеў папрацаваць трактарыстам на рассветаўскіх палях. Служыць трапіў у роту сувязі пехотнага палка. Паколькі дагэтуль навучыўся ўдала граць на гармоніку, то і даручылі камандзіры яму адстукваць “марзянку”. Адметна, што малалетні вязень, якому давялося пакутваць ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, служыць трапіў у Германію – спачатку ў Дрэздэн, потым – у Франкфурт-на-Одэры.
Навыкі сувязіста спатрэбіліся на “грамадзянцы”. Пасля службы Анатоль Каранкевіч працаваў некалькі год на раённым вузле сувязі. Затым зноў паклікала земляробская справа – добрасумленна шчыраваў на палях “Рассвета” на трактары. А ў апошнія гады перад заслужаным адпачынкам зноў быў сувязістам – на Мышкавіцкай АТС. Не кідаў ніколі свайго хобі – заняткаў музыкай і спевамі. Удзельнічаў у знакамітым рассветаўскім народным хоры, затым – у народным ансамблі “Мілавіца”.
Знайшоў герой гэтых радкоў у свой час і сямейнае шчасце. Вясёлы гарманіст і працавіты хлопец прыйшоўся даспадобы кіраўчанцы, якая не­ўзабаве стала яго жонкай. З Нінай Аркадзьеўнай Анатоль Фёдаравіч пражылі ў каханні і згодзе 57 год. Выхавалі дваіх сыноў, цяпер радуюць дзядулю з бабуляй двое ўнукаў, двое ўнучак, і столькі ж праўнукаў.

Нельга не абмінуць вельмі важны і цікавы факт у жыцці мужа і жонкі Каранкевічаў. Так сталася, што бацька Ніны Аркадзьеўны – Аркадзь Дзмітрыевіч – таксама загінуў у Польшчы падчас вайны. А як адносна нядаўна стала вядома, абодва воіны-кіраўчане пахаваны на адных вайсковых могілках паміж Беластокам і Варшавай. Малодшаму сыну Каранкевічаў Дзмітрыю ўдалося трапіць на месца пахавання і пакланіцца дзядулям, якія ваявалі дзесьці побач адзін з адным і, безумоўна, не ведалі, што праз колькі год іх дзеці на малой ра­дзіме створаць сям’ю. Вось ужо сапраўды нельга не пагадзіцца з вядомым выразам “Шляхі Божыя – неспавядальныя”…
Сёння з вышыні пражытых год Анатоль Каранкевіч удзячны лёсу за тое, што тады, у абпаленыя агнём гады яго маленства, удалося выжыць, прайсці праз выпрабаванні і стаць сапраўдным чалавекам. Ён лічыць, што мір, каханне, згода ў сям’і, у грамадстве – галоўнае, што кожнаму з нас неабходна берагчы і шанаваць!..
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.

Последние новости

Актуально

В Кировске прошел районный выпускной вечер — большой фоторепортаж

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Пётр Яцкевич — ветеран труда ОАО «Рассвет им. К.П.Орловского» даёт совет молодым аграриям

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

«Беларусь помнит. Помним каждого». Как реализуют проект школьники Кировского района

12 июня 2026
Читать новость
Сельское хозяйство

Сенокосная страда в СХФ «Чигиринка»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Юные кировчане приняли участие в III региональном художественном конкурсе «РЭХА ПЕРАМОГІ. Ажыўшыя лісты вайны»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Конкурс для молодых семей «Властелин села-2026» состоится 16 июня

12 июня 2026
Читать новость