Темы

За мір, стабільнасць і працвітанне!

За мір, стабільнасць  і працвітанне!

_MG_0715

Арганізавана, актыўна, пры высокай яўцы выбар-шчыкаў прайшлі ў нашым раёне выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Жыхары раёна прадэманстравалі сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, палітычную свядомасць, адказнасць за будучыню краіны.
Па водгуках выбаршчыкаў, яны аддалі свае галасы за мір, стабільнасць, упэўненасць у заўтрашнім дні, далейшае працвітанне роднай Беларусі.
Сонечнае надвор’е, паўсюдна — святочная атмасфера: такім быў мінулы нядзельны дзень. На ўчасткі для галасавання прыходзілі цэлымі сем’ямі. Іграла музыка, працаваў гандаль, выступалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, у тым ліку і на адкрытых пляцоўках.
Журналісты раённай газеты накіраваліся на ўчасткі для галасавання з самага пачатку іх работы. У гэты час тут з’явіліся і першыя выбаршчыкі.
На Кіраўскім участку для галасавання №3, размешчаным у гімназіі горада, назіраўся дзелавы рытм работы. Сюды прыбылі міжнародныя назіральнікі, прадстаўнікі місіі АБСЕ, якія ўважліва сачылі за правядзеннем галасавання.
На гэтым участку прыняў удзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў, які прыйшоў сюды з жонкай і малодшым сынам.
Пасля таго, як кіраўнік раёна прагаласаваў, мы папрасілі яго падзяліцца сваімі ўражаннямі:
— Выбары Кіраўніка дзяржавы — вельмі важная палітычная падзея. Гэта разумеюць выбаршчыкі нашага раёна, аб чым пераканала і іх актыўнасць у перыяд датэрміновага галасавання — прагаласавала больш 46% грамадзян, унесеных у спісы выбаршчыкаў: відавочна, што людзі неабыякавыя да лёсу краіны, адчуваюць сваю адказнасць за яго.
Прагаласаваўшы сёння, я зрабіў свой выбар за нашу родную Беларусь.
Самае вялікае дасягненне за дваццаць гадоў развіцця нашай незалежнай суверэннай дзяржавы — тое, што яе народ жыве ў міры і спакоі. Мы сёння самадастатковыя, у нас чысціня і парадак, нашы людзі сацыяльна абароненыя. Для мяне гэта вельмі важна і як для кіраўніка раёна, і проста жыхара сваёй краіны, і галавы сям’і — я спакойны за сваіх траіх сыноў, за іх будучыню. І ўпэўнены, што мой сённяшні выбар будзе спрыяць далейшаму развіццю нашай краіны ў напрамку ўмацавання стабільнасці і працвітання.
Аляксандр Бутараў па нашай просьбе даў ацэнку рабоце па падрыхтоўцы ў раёне ўчасткаў для галасавання па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, рабоце ўчастковых камісій. Ён адзначыў, што напярэдадні датэрміновага галасавання і падчас яго ён пабываў практычна на ўсіх участках, сур’ёзных заўваг не было: яны адпавядалі тэхнічным патрабаванням, належным чынам умацаваны, укамплектаваны. Участковыя камісіі ў належныя тэрміны прыступілі да сваёй работы. Усё ажыццяўлялася ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам.
Добра вядомая цана міру ў нашай краіне ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Рыгору Іванавічу Куцілкіну. Ён прыйшоў на Кіраўскі участак для галасавання №1, размешчаны ў раённым Доме культуры, каб, па яго словах, аддаць свой голас за далейшую мірную будучыню Беларусі. Наша рэспубліка і, у прыватнасці, Кіраўшчына стала для расіяніна другой Радзімай.
Як адзначыў старшыня ўчастковай камісіі Віктар Ставер, агульная колькасць выбаршчыкаў, унесеных у спісы для галасавання на ўчастку, — 2538 чалавек, з іх 1143 прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні.
Якраз, калі журналісты прысутнічалі на ўчастку, сюды прыйшлі двое хлопцаў, якія ўпершыню прымалі ўдзел у выбарах, — Аляксандр Лізуноў і Павел Аўдзеенка. Віктар Ставер павіншаваў іх са знамянальнай падзеяй у жыцці, уручыў маляўнічыя паштоўкі “Час выбіраць” за подпісам старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, а таксама кнігу-хроніку “Памяць. Кіраўскі раён”.
А рабяты адзначылі, што, галасуючы, адчувалі сваю адказнасць за будучыню краіны, таму іх падыход да гэтай важнай справы быў свядомым і ўзважаным.
Увогуле, трэба сказаць, моладзь падчас выбарчай кампаніі вылучалася значнай актыўнасцю, і гэта сімвалічна ў Год моладзі. Адной з трох арганізацый, якія праводзілі 11 кастрычніка экзітполы — апытанне грамадзян на выхадзе з участкаў для галасавання, стала Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў рэспубліканскага саюза грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый”. У сувязі з гэтым экзітполы арганізавалі і прадстаўнікі раённай арганізацыі БРСМ.
Спакойная, добразычлівая і разам з тым дзелавая атмасфера панавала на ўчастках для галасавання ў сельскай мясцовасці.
На Мышкавіцкім участку для галасавання №7, які размясціўся ў мясцовым Доме культуры, ужо з раніцы назіралася высокая актыўнасць выбаршчыкаў. Першым аддаў свой голас на выбарах Прэзідэнта краіны пенсіянер М.І.Мірановіч.
Выдатны настрой быў у Мікалая Белакурскага, перадавога трактарыста-машыніста “Рассвета”. Пасля таго, як ён прагаласаваў, мы папрасілі Мікалая Іванавіча падзяліцца думкамі, што значыць для яго гэты дзень:
— Сёння, як і ўсе жыхары нашай краіны, я зрабіў свой выбар: галасаваў за мірнае жыццё. А каб Беларусь працвітала і далей, буду ўносіць свой дастойны ўклад у агульную скарбонку, працаваць добрасумленна і адказна.
Па словах старшыні ўчастковай камісіі Таццяны Астроўскай, жыхары аграгарадка актыўна галасавалі датэрмінова. 10 юнакоў і дзяўчат прынялі ўдзел у галасаванні ўпершыню.
Музыкай сустракалі выбаршчыкаў на Барсукоўскім участку для галасавання №15, які знаходзіўся ў мясцовым СДК. Колькасць зрабіўшых свой выбар загадзя склала тут 189 чалавек з агульных 331. І ў нядзелю мясцовыя жыхары ўжо з ранку актыўна ішлі ў Дом культуры, каб выказаць сваё волевыяўленне.
У ліку першых была маладая сям’я Бушмаў: яшчэ нядаўна Алена і Вячаслаў жылі ў Бабруйску, а ўжо сёння яны — сельскія жыхары. І ніколькі не шкадуюць аб прынятым рашэнні: у СВК “Калгас “Ніва” маладую сям’ю прынялі ветліва. Галава сям’і працуе дыспетчарам, завочна вучыцца на апошнім курсе на эканамічным аддзяленні БСГА. Алена таксама закончыла гэтую навучальную ўстанову (там жа маладыя і пазнаёміліся), яна — бухгалтар. У сям’і падрастае дачушка Ксенія.
Добры настрой быў у мужа і жонкі Падрадчыкавых, на выбары Прэзідэнта краіны яны прышлі з кветкамі, якія ўпрыгожваюць іх добраўпарадкаваную сядзібу. Дарэчы, Валянціна Аляксееўна і Канстанцін Платонавіч у бягучым годзе адзначаць 50-годдзе сумеснага жыцця. Як падкрэсліла стараста вёскі Ніна Гушчына, гэта сям’я з’яўляецца прыкладам для іншых: муж і жонка старанна працавалі ў гаспадарцы, ён — у рамонтнай майстэрні, яна — даглядчыцай на ферме, сумленна выхоўвалі дзяцей, а зараз шчыруюць па хатняй гаспадарцы.
У спакойнай атмасферы праходзілі выбары на Стаўпіцкім участку для галасавання №11, які знаходзіўся ў мясцовым СДК.
Пры размове з сяльчанамі адчувалася, што ва ўсіх быў выдатны настрой, усе прыходзілі на выбары з ужо сфарміраваўшымся меркаваннем, за каго аддадуць свой голас. Па словах пенсіянеркі Н.М.Смалоўскай, якая ўсё жыццё адпрацавала ветурачом, яна задаволена клопатам, які дзяржава праяўляе да пенсіянераў і жадае, каб так было і надалей. Аляксей Дзякаў сёлета ўпершыню ўдзельнічаў у выбарах, ён — за мірнае жыццё ў роднай працвітаючай Беларусі.
На закрыты ўчастак для галасавання №5, размешчаны ў санаторыі імя К.П.Арлоўскага адпачываючыя ў гэты перыяд ішлі з самай раніцы. Калі сюды наведаліся карэспандэнты “раёнкі”, свой грамадзянскі абавязак выконвалі сёстры Галіна Маўчун і Валянціна Навуменка з Магілёва. Жанчыны выказалі сваё задавальненне ўмовамі лячэння і пражывання ў санаторыі. Як яны адзначылі, абедзве прагаласавалі за кандыдата, у якім упэўнены і якому давяраюць будучыню сваіх дзяцей.
Усюды ўчастковыя камісіі паклапаціліся, каб не быў абыдзены ўвагай кожны выбаршчык. Было створана безбар’ернае асяроддзе для сляпых і слабабачачых людзей, якое дазваляла ім самастойна прагаласаваць.
Для тых выбаршчыкаў, якія па стане здароўя ці па іншых важкіх прычынах не змаглі ў дзень выбараў прыйсці ў памяшканні для галасавання, яно было арганізавана па месцы іх знаходжання. Так, супрацоўнікі рэдакцыі прысутнічалі падчас выезду прадстаўнікоў участковай камісіі Кіраўскага ўчастка для галасавання №1 да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Зінаіды Кузьмінічны Акушэвіч.
На ўчастках для галасавання ў раёне працавалі ўнутраныя і міжнародныя назіральнікі.
Выбары Кіраўніка дзяржавы распачынаюць новы этап у гісторыі нашай краіны, творцамі якога сталі мы ўсе, хто прыняў удзел у галасаванні на карысць міру і працвітання Беларусі. Кожны выбаршчык можа з упэўненасцю сказаць: мой голас быў пачуты!
Наталля ХАДАКОВА.
Таццяна БАРАДЗІНА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА
і аўтараў.

Последние новости

Актуально

Когда алкоголь становится причиной отравления

11 ноября 2026
Читать новость
В районе

Энергия «Искры»

11 ноября 2026
Читать новость
В районе

На базе СШ №1 прошёл районный этап республиканского правового турнира «Сила закона»

10 ноября 2026
Читать новость
В районе

Опрос «О проблемных вопросах упрощённого порядка строительства индивидуального жилья»

10 ноября 2026
Читать новость
Актуально

12 ноября состоится заседание комиссии по координации работы по содействию занятости населения

10 ноября 2026
Читать новость
В районе

Изучение проблем занятости населения

10 ноября 2026
Читать новость