Прыспешвае поле веснавое – інтэрв’ю з Аляксандрам Кісялёвым

Сакавіцкае сонейка свеціць ярчэй і ярчэй і штодня нагадвае аграрыям, што зусім хутка трэба выходзіць у поле – уліцца ў пачатак веснавой палявой кампаніі. Ад правядзення яе ў многім будзе залежаць будучы ураджай, а, значыць, і фінансавая стабільнасць гаспадарак, і харчовая незалежнасць усёй краіны. Як падрыхтаваліся да новага сезона палявых работ працаўнікі Кіраўшчыны, што плануюць і якім чынам будуць наладжваць стратэгію і тактыку падчас іх? Аб гэтым мы пацікавіліся ў першага намесніка – начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандра Кісялёва:
– Аляксандр Васільевіч, якія задачы стаяць сёлета перад аграрыямі раёна і за кошт чаго яны будуць вырашацца?
– У бягучым годзе нашым сельскагаспадарчым арганізацыям даведзена заданне павялічыць тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі ва ўсіх катэгорыях да 102%, у тым ліку ў сельгасарганізацыях – да 102,2%. Выкананне будзе забяспечана за кошт павелічэння вытворчасці асноўных відаў прадукцыі: малака (106,3%), вырошчвання буйной рагатай жывёлы (109,2%), збожжа (108,9%), рапсу (148,9%), цукровых буракоў (125,2%). Для таго, каб ажыццявіць пастаўленыя задачы, у гаспадарках распрацавана структура пасяўных плошчаў, згодна якой павялічаны пасевы азімых збожжавых на 160 га да ўзроўню мінулага года, рапсу – на 601 га, пасевы кармавых культур зоймуць 38%, у тым ліку кукуруза на зялёную масу – 51% у структуры кармавых культур. Пасяўныя плошчы яравых збожжавых і зернебабовых культур зоймуць 5600 га, у тым ліку зернебабовыя – 2100 га, кукуруза на зерне – 1120 га, цукровыя буракі – 1700 га, кукуруза на сілас і зялёную масу будзе размешчана на 7450 га.
– Аб’ёмы значныя. Ці ў дастатковай колькасці гаспадаркі забяспечаны якасным насенным матэрыялам?
– У наяўнасці ў сельгасарганізацыях раёна 2012 т кандыцыйнага насення збожжавых і зернебабовых, што адпавядае 148% да патрэбы. Усе гаспадаркі поўнасцю забяспечаны матэрыялам. Акрамя таго, для паляпшэння гатункавага і рэпрадукцыйнага састава збожжавых у элітгасах вобласці дадаткова будзе закуплена 56 т элітнага насення. У бягучым годзе плануецца зрабіць падсеў шматгадовых траў на 2550 га, закласці насеннікі шматгадовых траў. Для выканання гэтай праграмы гаспадаркамі вядзецца работа па падрыхтоўцы насення. У планах таксама сяўба люцэрны на 990 га, для гэтага неабходна набыць 19,8 т насення, пакуль ёсць 13 т. Для сяўбы кукурузы сельгасарганізацыі вядуць закупку гібрыдаў беларускай і замежнай селекцыі. Пасевы аднагадовых траў зоймуць у раёне 905 га. Для гэтага плануецца закупіць насенне рэдзькі алейнай, проса.
– Для таго, каб атрымаць высокі ўраджай, глебу, безумоўна, трэба добра заправіць, а расліны абараніць ад шкоднікаў і хвароб. Як у раёне справы з забяспечанасцю тукамі, хімпрэпаратамі?
– Усяго пад веснавую сяўбу і для падкормкі раслін пад плануемую ўраджайнасць для выканання прагнознных паказчыкаў нам патрэбна 7954 т дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў на суму 12,6 млн. руб. Сёння забяспечанасць азотнымі тукамі складае 85% да патрэбы, фосфарнымі – 40%, калійнымі – 73%. Вышэй раённага паказчыка забяспечанасць азотнымі ўгнаеннямі ў КСУП “Ніва-Барсукі”, ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, СГФ “Чыгірынка”.
План нарыхтоўкі і вывазу арганічных угнаеннняў пад веснавую сяўбу – выкананы, назапашана 317 тыс. т, і работы працягваюцца. Але тут варта адзначыць, што у сувязі з павелічэннем кошту мінеральных тукаў і недахопам грашовых сродкаў на іх набыццё, неабходна актывізаваць работу па ўнясенні ў глебу арганікі. Кожная яе тона дае 55,2 кг азоту, 2,6 кг фосфару і 6,2 кг калію.
Што датычыцца сродкаў абароны раслін, то іх забяспечанасць на дадзены момант такая: пратручвальнікаў – 63% ад патрэбы, гербіцыдаў – 32%, фунгіцыдаў – 7%, інсектыцыдаў – 24%. Набыццё хімпрэпаратаў будзе ажыццяўляцца за кошт уласных сродкаў гаспадарак з адтэрміноўкай плацяжоў пад рэалізацыю ўраджаю 2023 года.
– Многае ў зладжанасці праводзімых веснавых палявых работ будзе залежаць ад тэхнічнай падрыхтаванасці, кадравага патэнцыялу…
– Гатоўнасць тэхнікі, якая будзе задзейнічана ў работах, складае: энерганасычаных трактароў – 98%, глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў – 100%, трактароў маркі Беларус-1221/1223 – 93%, плугоў – 92%, пагрузчыкаў “Амкадор” – 94%, культыватараў – 96%, АКШ і сеялак – 100%. Тэхніка даводзіцца да ладу. Некаторыя сельгасмашыны гаспадарак ужо адрамантаваны за межамі раёна, зараз вырашаецца пытаннне з аплатай за паслугі.
Сельгасарганізацыі раёна будуць праводзіць комплекс работ сіламі сваіх трактарыстаў-машыністаў. Да работы падчас веснавой палявой кампаніі ў гаспадарках гатовы прыступіць 262 механізатары.
– Як будзе наладжана арганізацыя працы, і якім чынам будуць зацікаўлены работнікі?
– Працаўнікі самі засумавалі за зіму па зямлі і, як кажуць, рвуцца ў бой… Ды і магчымасць больш зарабіць ніхто не адмяняў. А для павышэння матэрыяльнай зацікаўленасці работнікаў гаспадаркам рэкамендавана прагрэсіўна-ўзрастаючая сістэма аплаты працы, накіраваная на своечасовае і якаснае выкананне работ з улікам пагодных і вытворчых умоў. Мы паклапаціліся і аб стане здароўя ўдзельнікаў веснавых палявых работ. Для своечасовага праходжання імі медыцынскіх аглядаў распрацаваны і ўзгоднены ва ўстаноўленым парадку з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі графік правядзення медаглядаў асоб, якія працуюць з ядахімікатамі і трактарыстаў-машыністаў. Удзельнікі палявой кампаніі будуць забяспечаны спецвопраткай і іншымі сродкамі індывідуальнай абароны, асабістай гігіены, пажаратушэння, медаптэчкамі. У ходзе работ штодня будуць падводзіцца вынікі, праводзіцца ўзнагароджванне лідараў працоўнага спаборніцтва за кошт сродкаў раённага камітэта прафсаюза, пярвічных прафсаюзных арганізацый і гаспадарак, прадугледжана ўручэнне каштоўных падарункаў і грашовых прэмій, падзячных лістоў, дыпломаў, атрыбутыкі і іншыя спосабы стымулявання.
– Дзякуй за размову! Застаецца пажадаць, каб веснавая палявая кампанія не ведала збояў, працаўнікі заклалі трывалы падмурак пад будучы ўраджай.
Гутарку вёў Аляксандр ХАХЛОЎ.
