Такое не павінна паўтарыцца…

Такое не павінна паўтарыцца…

Палітыка фашысцкага генацыду на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны – гэта карныя аперацыі і тысячы спаленых вёсак, лагеры смерці, гета і іншыя месцы прымусовага ўтрымання, паказальныя пакаранні смерцю і шыбеніцы ў гарадах. Жахі генацыду ўшчыльную прайшліся і па Кіраўшчыне. Толькі ў 1942 годзе карніцкія атрады фашыстаў і іх прыспешнікаў расстралялі і спалілі зажыва на тэрыторыі нашага раёна каля 3 тысяч мірных грамадзян. Боркі, Збышын, Стаўпішча, Казулічы, Ахоцічы, Пацава Слабада… Сумны спіс, які і зараз болем адгукаецца ў сэрцах неабыякавых да чужога гора людзей, можна працягваць…

Сёння мы прыгадваем лёс вёскі Казулі­чы – дзе адбылася другая па маштабнасці трагедыя на тэрыторыі Кіраўшчыны. У адзін дзень тут былі спалены жывымі 318 чалавек. За аснову ўзяты даследаванні і запісы краяведа Міхаіла Ярчака.

Незагойная рана Казуліч
Страшная трагедыя ў Казулічах адбылася 11 чэрвеня 1942 года. Ноччу ашалелыя гітлераўцы з усіх бакоў пад’ехалі да вёскі на аўтамабілях і матацыклах, выстраіліся і акружылі яе трыма шчыльнымі ланцугамі.
Раніцай у вёску ўехаў спецыяльны атрад для абходу дамоў і высялення жыхароў – дзяцей, дарослых, старых. Каля 10 гадзін раніцы фашысцкія карнікі пачалі праверку дакументаў, падзяліўшы лю­дзей на дзве групы. Ніхто не ведаў, які лёс чакае кожную групу. Асобныя родзічы і дзеці нават прасілі перайсці з адной групы ў другую, дзе знаходзіліся іх бацькі, родныя. Скончыўшы «праверку», фашысты загадалі адной групе з чалавек 300 прайсці ў памяшканне былога млына-крупадзёркі.
Калі яны ўвайшлі, дзверы замкнулі, млын аблілі лёгкай на загаранне вадкасцю і падпалілі. Людзі гарэлі зажыва. Увесь дзень чорны дым ахутваў вёску…

Калі ўсё згарэла, каты адпусцілі другую групу дадому, і людзі ад страху разбегліся.
Сведкай гэтай страшнай трагедыі была жыхарка Ефрасіння Платонаўна Габрусь. Яна ўсё падрабязна расказала і заявіла, што згарэлі яе бацька, маці, сястра і брат з жонкай і 6-месячным сынам. Былі цалкам спалены сем’і Радзівона Свірыда з 6 чалавек, Платона Габруся з 7 чалавек, Мікалая Габруся, Герасіма Кеда і многіх іншых.
На другі дзень пасля расправы людзі знайшлі толькі абгарэлыя косці. Каб ушанаваць памяць памерлых, былі зроблены часовыя магілы, якія паслужылі стварэнню на гэтым месцы сучасных могілак.
У 1960 годзе тут быў устаноўлены помнік, які адлюстроўвае пакуты ахвяр. На ім памятны надпіс: «Вечная памяць жыхарам вёскі Казулічы, закатаваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі 11 чэрвеня 1942 года. Загінула 318 чалавек».

Аддаючы даніну памяці…

Сёння на грамадзянскіх могілках у Казулічах каля скульптурнага помніка закатаваным жыхарам вёскі знаходзіцца невялікая мемарыяльная кампазіцыя. На некалькіх мармуровых абелісках выгравіраваны імёны і прозвішчы загінуўшых у той страшны дзень 11 чэрвеня 1942 года, а таксама воінаў, ураджэнцаў Казуліч, якія абаранялі родную зямлю ад фашысцкай навалы і не вярнуліся з поля бітвы.

Сёлета кампазіцыю дапоўніла арка на ўваходзе на могілкі, выкананая ў выглядзе сімвалічнай капліцы, упрыгожанай праваслаўным купалам з крыжом і звонам у знак вечнай памяці аб загінуўшых жыхарах Казуліч. Побач размешчаны тры мармуровыя лаўкі, каб кожны жадаючы, асабліва людзі сталага ўзросту, маглі прысесці і ўшанаваць памяць тых, каго няма з намі. На Радуніцу адбылося ўрачыстае асвяшчэнне брамы.


Гэтая кампазіцыя з’явілася дзякуючы намаганням ураджэнца Казуліч, індывідуальнага прадпрымальніка і энтузіяста Віктара Худаўца, які зараз пражывае ў Клецку, што на Міншчыне. Мы звязаліся з Віктарам Фёдаравічам і папрасілі расказаць, што падштурхнула яго на стварэнне такіх помнікаў.
– Ідэю ўвекавечвання памяці загінуўшых землякоў выношваў даўно, яшчэ з маладосці – шчыра гаворыць Віктар Худавец. – Штуршком, нават памкненнем да гэтага паслужылі частыя ўспаміны аб страшных ваенных часінах майго бацькі Фёдара Сцяпанавіча Худаўца, у тым ліку і аб сваіх асабістых перажываннях, і аб жудасным лёсе нашай вёскі. Яму, на момант трагедыі ў Казулічах 18-гадоваму юнаку, пашчасціла выжыць. Магу сцвяр­джаць, што гэтаму шчасліваму выпадку абавязаны і я, пры іншым раскладзе мяне б не было.

…Чорны дзень 22 чэрвеня 1941 года Фёдар сустрэў у цягніку, які накіроўваўся ў Кіеў: школьны выдатнік вёз дакументы на паступленне ў артылерыйскае вучылішча, марыў стаць ваенным. І не ведаў тады, што афіцэрам стаць не атрымаецца, але перажыць усе ваенныя цяжкасці, абараняць Радзіму давядзецца. Сталася так, што на цягнік фашысты зрабілі налёт, у выніку чаго ён быў разбіты. Усіх выжыўшых, у тым ліку і Фёдара Худаўца, немцы накіравалі ў Рагачоўскае гета. Там іх зноў чакаў адбор: у ліку больш маладых і дужых Фёдара накіравалі на прымусовыя работы ў Бабруйск. У хлебапякарні яму і іншым даводзілася цягаць на сабе мяхі з мукой. Адпрацаваўшы пэўны час, хлопец заслужыў давер у кіраўніцтва, бо працаваў сумленна і не парушаў распарадку. Дзякуючы гэтаму юнак атрымаў дазвол адправіцца ў невялікі водпуск у родныя Казулічы, каб пабачыць сваіх. І вось якраз у гэты час тут здарылася бяда…

Бацька Фёдара зранку 11 чэрвеня адчуў нешта няладнае. На вёсцы чуліся галасы і крыкі людзей, брэх сабак – з хат выганялі вяскоўцаў. Гаспадар сямейства крыкнуў Фёдару: «Бяжы, ратуйся!..». Той праз агароды паспеў дабегчы да лесу, дзе і схаваўся з іншымі – усіх назбіралася чалавек дванаццаць. Ужо потым даведаліся ўцекачы, што здарылася з вёскай і яе жыхарамі. Разам з іншымі ў млыне-крупадзёрцы, у якую фашысты сагналі больш за 300 чалавек, згарэлі зажыва 9 родзічаў Фёдара, у тым ліку бацька і маці, брат, сястра. Назад дарогі не было…
Блукаючы па лясах, знясіленыя ўцекачы натрапілі на партызан, якія дзейнічалі на Клічаўшчыне, і далучыліся да іх, каб люта помсціць ворагу. А ў 1943 годзе пад Оршай Фёдара Худаўца залічылі ў рэгулярную Чырвоную Армію, у саставе падраздзялення якой ён храбра ваяваў з фашыстамі. За фарсіраванне Паўночнай Дзвіны ў саставе баявой групы і забеспячэнне далейшага руху савецкіх войск ён удастоены ордэна Чырвонай Зоркі. Меў таксама іншыя баявыя ўзнагароды. Двойчы быў паранены – у плячо і галаву. Трэцяе раненне перакрэсліла далейшы вайсковы шлях салдата: у жорсткіх баях пад Кенігсбергам выбухам ад снарада яму адарвала нагу…

У 1944 годзе пасля шпіталя Фёдар вярнуўся на малую ра­дзіму. Пазней стварыў сям’ю, разам з жонкай нара­дзілі і выхавалі пяцёра дзяцей. Віктар – самы малодшы.

– Я быў нібыта ад’ютант у бацькі, – успамінае Віктар Фёдаравіч. – Пастаянна быў побач, дапамагаў ва ўсім, нават апранацца, бо яму цяжка было гэта рабіць без нагі. На ўсё жыццё запомніліся мне бацькоўскія гісторыі і аповеды пра вайну. Вось з таго часу і стаў задумвацца аб увекавечванні памяці землякоў, ваяваўшых на франтах і бязвінна загінуўшых. Мне здаецца, што нават у самага яўнага песіміста прачнецца нешта ў душы, калі ён убачыць тое, што мне ўдалося ўзвесці, дакранецца да памяці продкаў. Калі не мы, то хто ўшануе іх? Кожны з нас у неаплатным абавязку перад тымі, каму давялося перажыць жахі вайны, узяўшы на сябе такі ўдар лёсу, каб жылі наступныя пакаленні. Мы павінны памя­таць пра гэта заўсёды. І асабліва зараз, калі на нашай планеце так неспакойна…

Аляксандр ХАХЛОЎ. (Фота аўтара).

Андрэй Мікітавіч ПАДАЛЯК, жыхар в.Казулічы:
– Да пачатку вайны я закончыў навучанне ў другім класе. У чэрвені 1942 года мне было 9 гадоў. Напярэдадні трагедыі я пасвіў каня на пашы побач з вёскай. Да нас ужо дайшлі чуткі, што немцы спалілі Кострыцкую Слабодку. Некаторыя вяскоўцы пабеглі хавацца ў лес, а я пайшоў дадому.

Ураджэнцы Казуліч падчас устаноўкі Паклоннага крыжа і памятнага знака ў Казулічах у 2018 годзе: былы выкладчык БДУІР, прафесар Іван Габрусь, загадчык Казуліцкага СДК Валянціна Кісель, ганаровы грамадзянін Казуліч Андрэй Падаляк, індывідуальны прадпрымальнік, ініцыятар і аўтар мемарыяльнай кампазіцыі на могілках, Паклоннага крыжа і памятнага знака Віктар Худавец. Фота з архіва рэдакцыі.

Карнікі прыляцелі ў Казулічы на аўтамабілях і матацыклах раніцай 11 чэрвеня, на двары было яшчэ цёмна, усе спалі. Вяскоўцаў выганялі з дамоў і сартыравалі на дзве групы: тых, у каго былі аўсвайсы (пасведчанне асобы, якое выдавалася нямецкімі акупацыйнымі ўладамі падчас Вялікай Айчыннай вайны), зганялі ў адзін бок, астатніх – у другі. Наша мама паказала дакумент і нас адправілі ў групу аднавяскоўцаў з аўсвайсамі. Такую своеасаблівую пуцёўку ў жыццё маці атрымала амаль напярэдадні трагедыі. Яна забіла апошнюю курыцу з нашай хатняй гаспадаркі і занесла яе ў Кіраўск, за яе і “купіла” гэтыя аўсвайсы.
Я, чацвёра маіх братоў і сясцёр абхапілі маці рукамі і назіралі за тым, што адбывалася навокал. Побач з намі таксама была жанчына з дзецьмі, аднак яны не мелі аўсвайсаў, і іх адагналі ў другую групу. Затым вяскоўцаў без дакументаў сабралі ў калону і пагналі на месца, дзе зараз могілкі ў Казулічах. Там былі крупадзёрка, млын, хлеў, хата млынара. Калону ачапілі сабакамі, якія брахалі і рвалі адзенне на людзях. Усе плакалі. Адзін мужчына выйшаў са строю і сказаў: “Бывайце, таварышы, суседзі, блізкія! Нас будуць забіваць!”. Немец пабіў яго і адправіў назад. Калі ўсіх выганялі з дамоў, некаторыя думалі, што іх пагоняць на работы ў Германію ці яшчэ куды, таму бралі з сабою ежу, сухары…Так з гэтым і ішлі…
Адзін з фашыстаў паказаў рукой на гэтую калону, махнуў і сказаў: “Забіць! Спаліць на вугаль!”. Я ўпаў на калені і пачаў маліцца. Чытаў “Ойча наш…”. У мяне на галаве была зімняя шапка, адзін з карнікаў падышоў да мяне, зняў шапку і паказаў, што маліцца трэба без галаўнога ўбору, і адышоў. Маці мая пачала галасіць, думала, што раз фашыст падышоў, то адправіць мяне ў тую калону, але абышлося.

Людзей сагналі ў пабудовы, мы адчулі моцны выбух, другі, трэці… Усё загарэлася, плач, стогны, здавалася зямля стагнала разам з людзьмі – малымі, жанчынамі, старымі…
Да слова, у брацкай магіле пахаваны і жыхар Барчыц. Напярэдадні яго разам з іншымі гналі на работы ў Германію, аднак па дарозе ў хлопца паднялася тэмпература, яго пакінулі, а затым прыгналі ў Казулічы і спалілі разам з астатнімі. Вось такі лёс…
Немцы не толькі знішчалі людзей, яны абрабавалі нашы хаты, хадзілі і бралі ўсё, што ім пападалася пад рукі.
Пасля вайны я адслужыў у арміі. Да слова, служыць давялося на тэрыторыі Германіі. Затым вярнуўся ў родную вёску, працаваў у мясцовым калгасе. Таго страшнага дня нельга забыць… І дагэтуль памятаю ўсё да дробязей.

Падрыхтавала Яўгенія БЯЛЬКО.

Последние новости

В стране и мире

Лукашенко прибыл с государственным визитом в Азербайджан

15 мая 2024
Читать новость
Семья

Социальная защита как инвестиция в будущее

15 мая 2024
Читать новость
Общество

Сямейная пара кіраўчан Яўгенія і Вікторыі Зайцавых напярэдадні Дня сям’і падзяліліся сакрэтамі свайго шчаслівага сямейнага жыцця

15 мая 2024
Читать новость
Общество

Не оставляйте детей одних!

15 мая 2024
Читать новость
Общество

Выездной приём граждан

15 мая 2024
Читать новость
Общество

На площади имени Кирова райцентра прошли торжества по случаю празднования Дня Государственного флага, Государственного герба, Государственного гимна Республики Беларусь

12 мая 2024
Читать новость
Общество

Уважаемые кировчане! Примите поздравления с Днем Государственного герба, Государственного флага и Государственного Гимна Республики Беларусь.

12 мая 2024
Читать новость
Профилактика и безопасность

Общественный порядок в сельской местности на особом контроле

10 мая 2024
Читать новость
Профилактика и безопасность

Отдыхаем, но и не забываем об опасности!

10 мая 2024
Читать новость
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Словы ўдзячнасці – ветэранам працы

10 мая 2024
Читать новость

Рекомендуем

Актуально

Празднование Дня Победы на Кировщине (фоторепортаж)

10 мая 2024
Стрелка вверх
Общество

Сямейная пара кіраўчан Яўгенія і Вікторыі Зайцавых напярэдадні Дня сям’і падзяліліся сакрэтамі свайго шчаслівага сямейнага жыцця

15 мая 2024
Стрелка вверх
Актуально

В Кировске прошёл чемпионат Могилёвской области по пляжному футболу. Кировчане – на высоте!

4 мая 2024
Стрелка вверх
В стране и мире

Лукашенко прибыл в Москву, где примет участие в саммите ЕАЭС и посетит в День Победы военный парад

8 мая 2024
Стрелка вверх
Кировск — здоровый город

Контролируем давление – продлеваем жизнь!

7 мая 2024
Стрелка вверх