Темы

Сялянскі канвеер – у дзеянні

Сялянскі канвеер – у дзеянні

У сялянскай працы водпускаў практычна не бывае. Хіба што крыху перадыхнуць можна ўзімку. А ў летні дзень, які, згодна вядомай усім прымаўцы, год корміць, адпачываць некалі. Здаецца, толькі-толькі камбайны ўшчыльную з ранку да вечара разразалі хлебныя палеткі, а ўжо думкі вяскоўцаў накіраваны на будучы ўраджай.

У такім бесперабойным рытме, як і ў іншых, нала­джаны канвеер работ у ААТ “Дабаснянскае”. Як нам расказаў галоўны аграном сельгасарганізацыі Андрэй Голубеў, на ўсіх участках рабочы працэс належна арганізаваны, кожны на сваім месцы працуе адказна.

Без збояў некалькі дзён таму завершана ўборка збожжавых. Распачалі жніво сёлета рана: яшчэ напачатку чэрвеня прыступілі да ўборкі траў і азімага ячменю, які падсушыла гарачае майскае і чэрвеньскае сонца. Усяго каласавыя ўбраны на 1380 га. Ураджай аказаўся не такім багатым, як летась, – сваё слова сказалі пагодныя ўмовы, але вал выйшаў неблагі. А вось даволі частыя дажджы ў ліпені істотна не перашкодзілі хлебаробам – хіба толькі пару дзён выпалі з графіка. Пяццю камбайнамі даволі аператыўна вырашчаны хлеб быў сабраны з палеткаў. Найбольшага намалоту – звыш тысячы тон – дабіўся экіпаж у саставе Алега Сосава і Максіма Голубева. Пасля ўборкі збожжавых Алег Сосаў прычапіў да трактара сеялку і засявае травы на зялёны корм. Амаль па тысячы тон збожжа намалацілі Іван Зубаў і Андрэй Назарчык, Васіль Ясянецкі і Дзмітрый Асташоў. Апошні з названых экіпажаў пачынаў жніво на “ўзроставым” КЗС-10, а па ходу ўборачнай кампаніі пераселі на новы КЗС-1218А.

Вадзіцелі Мікалай Асташоў, Яўген Кавалёў, Аляксей Шыбкоў перавезлі ад камбайнаў звыш тысячы тон збожжа кожны. Без перабояў, зладжана быў арганізаваны рабочы працэс на зернесушылцы. Аператыўна даводзілі да ладу зерне Рыгор Гушчын, Вадзім Амбрасёнак і Мікалай Парахневіч. Іх добрасумленнае стаўленне да заданняў у многім прадвызначыла падрыхтоўку збожжа для здачы ў кошт дзяржзаказа.

Абмалочаныя палеткі зараз вызваляюцца ад саломы. Амаль усю яе ўжо скруцілі ў рулоны. На гэтым участку адказна працуюць Віктар Палякоў і Рыгор Шэлегаў. Залацістыя рулоны дастаўляюцца да месцаў складзіравання каля жывёлагадоўчых аб’ектаў. Палова ад плана ўжо звезена. Часткова салома здрабняецца і потым закладваецца на корм. На КЗР-10 старанна працуе механізатар Сяргей Сямёнаў.

Яшчэ засталося дабаснянцам убраць яравы рапс, проса і грэчку, якія дахо­дзяць да поўнай спеласці.

Паралельна са жнівом актыўнымі тэмпамі працягваецца ў гаспадарцы нарыхтоўка кармоў для грамадскага статка. Сенажом мясцовыя працаўнікі забяспечылі пагалоўе жывёлы спаўна: у траншэях назапашана яго звыш плана – 112%. Зараз корманарыхтоўшчыкі пераключыліся на сенакос: назапашана 614 тон сена, што складае 41% ад патрэбы. На бягучы момант на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана па 16,86 цэнтнера кармавых адзінак. А ў хуткім часе і да нарыхтоўкі сіласу прыступяць, кукурузныя “плантацыі” выглядаюць зусім няблага…

Акрамя нарыхтоўкі кармоў для будучай зімоўкі, штодзень вядзецца падкошванне зялёных траў для кармлення жывёлы зараз. На камбайне КЗР-10 выконвае гэтую работу Дзяніс Кардзянкоў. На адвозцы старанна працуюць Алег Бычкоў і Станіслаў Хвясько. Яны ж адвозілі зялёную масу і для закладвання ў сянжныя траншэй. Наогул для адвозкі было занята 7 уласных адзінак тэхнікі і яшчэ 4 прыцягнутых.

Тым часам памкненні земляробаў “Дабаснянскага” накіраваны на ўраджай наступнага года. Актыўна вядзецца ворыва. Гэтая работа даручана адказным механізатарам Канстанціну Калаткову і Андрэю Смалоўскаму, якія выдатна з ёй спраўляюцца. Пад будучую сяўбу азімых культур якасна рыхтуе глебу Уладзімір Скрыганаў. Каб ураджай быў больш багатым, уносяцца ў глебу гліфасаты.

На кожным відзе работ працаўнікі шчыруюць з поўнай адказнасцю. А калі так ставіцца да справы, можна разлічваць на добры ўраджай. Абы надвор’е паспрыяла!..

Аляксандр ХАХЛОЎ. Фота аўтара.

Последние новости

Актуально

Августовская педагогическая конференция

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Опасный макияж: шаг до трагедии

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Скрыжавалі ракеткі

28 августа 2026
Читать новость
Физкультура и спорт

Триумф на велотрассе

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Прафесія, ад якой залежыць жыццё

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Как защитить телефон?

28 августа 2026
Читать новость