Темы

На Кіраўшчыне поўным ходам ідзе ўборка ўраджаю, нарыхтоўка кармоў

На Кіраўшчыне поўным ходам ідзе ўборка ўраджаю, нарыхтоўка кармоў

Лета для аграрыяў – гарачая пара: поўным ходам ідзе ўборка ўраджаю, нарыхтоўка кармоў… Адказны летні перыяд і ў жывёлагадоўлі. Яшчэ яго называюць перыядам вялікага малака. Жывёлагадоўля круглы год робіць “надвор’е” ў дачыненні да папаўнення грамадскай касы. Мы пацікавіліся ходам спраў у галіне. А для рэдакцыйнага візіту выбралі аб’ект “наўгад” – пальцам у карту раёна: трапілася малочнатаварная ферма “Ізабеліна” КСУП “Ніва-Барсукі”. Аб рабоце мясцовых жывёлаводаў і ў цэлым у сельгасарганізацыі нам расказаў намеснік дырэктара Сяргей Гур’янаў.

Спачатку спынімся якраз на агульных паказчыках гаспадаркі, якія, да слова, знаходзяцца ў дынаміцы росту. Валавы надой за студзень – люты бягучага года дасягнуў 5159 тон, што ў параўнанні з годам мінулым складае 108,9%. Кожная ніваўская рагуля з пачатку года ў сярэднім дала па 3696 кг малака, што больш, чым летась на 137 кг. Таварнасць гэтай каштоўнай прадукцыі – 93%. Варты адзнакі той факт, што ўсё малако пастаўлена на перапрацоўку гатункам “экстра” – найвышэйшай якасці.

І з вырошчваннем мяса ў сельгасарганізацыі – як мае быць. Яго вытворчасць за студзень – ліпень склала 424,9 т, і гэта на 3,2% больш, чым за гэты ж перыяд мінулага года. Узраслі і сярэднясутачныя прывагі жывёлы: зараз яны дасягаюць 674 г, што больш, чым у студзені – ліпені мінулага года на 39 г.

Ферма “Ізабеліна” кампактная. Узнікла на месцы былога комплексу па вырошчванні авечак – была калісьці ў раёне і такая вытворчасць. У пачатку нулявых гадоў з дапамогай дзяржавы аб’ект мадэрнізавалі. Асноўная вытворчасць зараз тут накіравана на атрыманне малака. У дойным стаку налічваецца 318 кароў, якія размешчаны ў двух хлявах, а ўсяго на ферме 759 галоў. Ёсць цялятнік і радзільнае аддзяленне. Для маладняка групы дарошчвання ад 6 месяцаў і больш з былога сенасховішча было зроблена ўтульнае памяшканне, дзе цялушкі зараз выдатна сябе адчуваюць. Ды і ў вазе прыбаўляюць няблага – у сярэднім па 869 грамаў у суткі. Амаль не адстаюць у вазе і маленькія цяляткі – ад нараджэння да 2-3 месяцаў: іх сутачныя прывагі складаюць па 838 грамаў.

Калі гаварыць аб надоях і прывагах, то заслугу ў іх атрыманні трэба адрасаваць мясцовым жывёлаводам. Наогул неабходна адзначыць, што калектыў на ферме, якім умела кіруе Алена Малахоўская, падабраўся дружны, а кожны работнік працуе з пачуццём высокай адказнасці. І вытворчыя паказчыкі ад іх сумленнага стаўлення да справы не прымушаюць сябе чакаць. З пачатку года мясцовыя аператары машыннага даення паставілі дзяржаве 1324 тоны малака, і гэта больш, чым яны надаілі летась за такі ж перыяд, на 36 тон. А кожная з іх дойных падапечных дала па 4270 кілагарамаў. Старанна працуюць з імі, даглядаюць і абслугоўваюць іх аператары Ганна Рымарава, Надзея Рыдзеўская, Анастасія Жарына. Дарэчы, апошняя з гэтага шэрагу не так даўно працуе на ферме. Але як якасна! Адметна, што дагэтуль жанчына жыла ў Бабруйску. А вось прызванне гараджанка знайшла ў сельскай мясцовасці. Хутка праявіла сябе ў прафесіі і зараз паказвае выдатныя вынікі, нібыта пражыла ўвесь час ў вёсцы.

Сяргей Шпак і Надзея Прыгунова

Добрых слоў заслугоўвае стаўленне да прафесійных абавязкаў і іншых работнікаў жывёлагадоўчага аб’екта. Не дапускае тэхнічных непаладкаў у абсталяванні аператар Мікалай Іваноў, усе аналізы прадукцыі якасна і своечасова праводзіць лабарант Аксана Сямёнава, уважліва сочыць за статкам на выпасе Сяргей Шпак.

Загадчык МТФ “Ізабеліна” Алена Малахоўская (справа),
жывёлаводы Таццяна Борэк, Святлана Дырыкава

Стараннасць даглядчыкаў – высокія прывагі цялятак. Гэты працэс уважліва кантралююць Дзіна Русаўская, Святлана Дырыкава, Таццяна Борэк, Надзея Прыгунова.

У чым сакрэт такой работы і такога выніку? Мяркуйце самі. Заработная плата – ад 2 тысяч рублёў і вышэй. Толькі яе трэба менавіта зарабіць – дасягаць росту вытворчасці. А гэта не церпіць “прахалоджвання”. А яго і няма! Яшчэ сяброўскае стаўленне членаў калектыву адзін да аднаго – кожны дапаможа, падкажа, падстрахуе. І такое ж стаўленне да кожнага работніка з боку кіраўніцтва: ніхто не застаецца без вырашэння хвалюючага пытання. Усё разам – і ёсць складаемыя агульнага поспеху.

Сяргей Няфёдаў

Нельга не спыніцца і на корманарыхтоўцы ў сельгасарганізацыі. Ад таго, як наладжана зялёнае жніво, у многім залежыць мясамалочная прыбаўка на працягу года, ад чаго, варта паўтарыцца, залежыць эканамічная трываласць гаспадаркі. Пакуль мы знаходзіліся на ферме ў Ізабеліна, на сянажнай траншэі (чарговай) не застойваўся рабочы працэс. Адзін за адным сюды прыязджалі трактары і самазвалы са здрабнёнай зялёнай масай, разгружаліся і адпраўляліся ў чарговы рэйс. На пагрузчыку “Амкадор” умела трамбаваў будучы корм механізатар Сяргей Няфёдаў. Для агульнага пагалоўя буйной рагатай жывёлы ў 4314 галоў, з якіх 1393 – дойны статак, – ужо нарыхтавана 12328 тон сенажу. На кожную галаву назапашана па 12,3 ц к. адз. Паралельна нарыхтоўваецца сена. А на падыходзе – сакавітая кукуруза, з якой атрымаецца выдатны сілас. Мясцовы статак будзе мець кармавы дастатак.

Аляксандр ХАХЛОЎ. Фота аўтара.

Последние новости

Актуально

Августовская педагогическая конференция

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Опасный макияж: шаг до трагедии

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Скрыжавалі ракеткі

28 августа 2026
Читать новость
Физкультура и спорт

Триумф на велотрассе

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Прафесія, ад якой залежыць жыццё

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Как защитить телефон?

28 августа 2026
Читать новость