Дружны тандэм

У прафесійным тандэме працуюць у стаматалагічным аддзяленні ЦРБ урач-стаматолаг Валянціна Якавец (на фота справа) і медсястра Кацярына Тылінская.
Шлях у прафесію стаматолага Валянціна Якавец, ураджэнка Петрыкаўскага раёна, пачала ў 1991 годзе, пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта. У Кіраўск прыехала па размеркаванні.
«Пачынаць асвойваць прафесію, пра якую я марыла, было цікава, – расказала Валянціна Якавец. — Каб стаць асам у ёй, трэба прайсці доўгі шлях станаўлення. Праз гады ўпэўнена скажу, што для мяне ўжо няма складаных выпадкаў. Проста бяруся і раблю тое, што ўмею».
Жыхары раёна добра ведаюць, што Валянціна Якавец дасканала валодае тэхналогіямі выдалення зубоў, бярэцца за самыя складаныя выпадкі.
Праца ўрача-стаматолага В.М.Якавец была адзначана ўзнагародамі розных узроўняў, яна прызнавалася лепшым работнікам галіны аховы здароўя Кіраўскага раёна.
Кацярына Тылінская працуе з 2003 года. І ўвесь гэты час – у пары з Валянцінай Якавец. «Мы з Мікалаеўнай, як іголачка з ніткай, – прызнаецца медсястра. – Я лічу, што для эфектыўнай працы гэта вельмі важна, бо калі паміж доктарам і медсястрой няма ўзаемаразумення, павагі, то пакутаваць будуць, у першую чаргу, пацыенты».