150 гадоў з дня нараджэння Цёткі

Бедны той, хто, апрача грошы, апрача багацця, каторае пры першым няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных – скарбаў душы.
Цётка. Шануйце роднае слова!
15 ліпеня 2026 года адзначаецца 150-годдзе з дня нараджэння Цёткі (сапраўднае імя – Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч) – беларускай паэтэсы, грамадскага дзеяча, публіцыста, адной з заснавальніц беларускай літаратуры XX стагоддзя.


Нарадзілася Алаіза Пашкевіч 15 (3) ліпеня 1876 года ў фальварку Пешчын Лідскага павета былой Віленскай губерні (цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) у шматдзетнай сям’і. Дзіцячыя гады будучай паэтэсы прайшлі ў Тарэсіне, у сям’і дзеда, дзе яна змалку адчула ўсе радасці і цяжкасці сялянскай працы.
Усё сваё жыццё Цётка вучылася: спачатку дома, потым – у Віленскім прыватным вучылішчы, пасля якога нейкі час працавала хатняй настаўніцай. У 1902 годзе перабралася ў Санкт-Пецярбург. Там наведвала вышэйшыя адукацыйныя курсы, дзе атрымала веды па педагогіцы, батаніцы і медыцыне, якія потым вельмі спатрэбіліся ёй у жыцці.
Цётка выступала як актрыса ў тэатры Ігната Буйніцкага, займалася зборам матэрыялаў па беларускай батлейцы, наведвала заняткі ў Ягелонскім і Львоўскім універсітэтах. Але галоўным яе пакліканнем стала барацьба за беларускую справу. Яна ўдзельнічала ў студэнцкім гуртку «Круг беларускай народнай прасветы» ў Пецярбургу, была сябрам партыі «Беларуская рэвалюцыйная грамада», дэлегатам ад беларускіх жанчын на жаночым з’ездзе ў Маскве ў 1905 годзе. Цётка стаяла ля вытокаў беларускага перыядычнага друку, фактычна рэдагавала часопіс для моладзі «Лучынка», мела дачыненне да выдання легендарных газет «Наша доля» і «Наша ніва».
Літаратурная спадчына Цёткі – сапраўдны духоўны скарб. Яе паэтычныя зборнікі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» (1906 г.) сталі важнай падзеяй, яе верш «Лета» – асновай для вядомай песні «Кася» на музыку Ігара Лучанка. Яна выступіла адной з пачынальніц жанру дарожнага эсэ ў беларускай літаратуры – «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» і «З дарогі», дзе яна асэнсоўвала месца Беларусі ў свеце.
Яе кнігі для дзяцей «Першае чытанне для дзетак беларусаў» і, верагодна, удзел у стварэнні «Беларускага лемантара» заклалі асновы методыкі выкладання на роднай мове.
З пачаткам Першай сусветнай вайны Цётка апынулася ў цэнтры падзей: працавала ў Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, арганізоўвала беларускія школы і настаўніцкія курсы ў Вільні, даглядала хворых як сястра міласэрнасці. Менавіта гэтае апошняе служэнне стала фатальным: у 1916 годзе яна прыехала на пахаванне бацькі ў Стары Двор і, дапамагаючы ратаваць блізкіх і землякоў ад тыфу, сама заразілася і памерла.
Творы Цёткі ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры. Яе творчасць паўплывала на развіццё беларускай паэзіі і публіцыстыкі, а ідэі сацыяльнай справядлівасці, нацыянальнага адраджэння і любові да Радзімы застаюцца актуальнымі.