На Кіраўшчыне распачалася сяўба ранніх збожжавых



Пачалі тут сяўбу з элітнага аўсу гатунку “золак”, які размесціцца на 70 га на полі за в.Сяргеевічы. Пры цёплым надвор’і кінутыя ў глебу зярняткі хутка парадуюць вока маладой зелянінай. Паспрыяе таму і добра падрыхтаваная глеба.
Распачаць сяўбу даверылі аднаму з самых вопытных механізатараў таварыства Уладзіміру Сакалоўскаму (на здымку).
Справу сваю ён ведае на выдатна: яго працоўны стаж — больш за 40 гадоў. Рознай складанай тэхнікай трактарыст валодае па-майстэрску. Пры гэтым, замацаваныя за ім агрэгаты даглядае як сапраўдны гаспадар, не дапускае значных паломак, а адсюль і прастояў у “гарачы” час правядзення веснавых палявых работ.
Сярод асноўных клопатаў агратэхнічнай службы і механізатараў РАПТЗ — закрыццё вільгаці. Не сакрэт, што менавіта ад якасці выканання гэтага агратэхнічнага прыёму напрамую залежыць будучы важкі ўраджай збожжавых і зернебабовых культур. На гэтых работах у РАПТЗ задзейнічаны Уладзімір Комар. На рахунку добрасумленнага працаўніка больш за 300 га апрацаванай глебы.
Паралельна з сяўбой ў сельгаставарыстве вядуцца работы па вывазцы і ўнясенні арганічных угнаенняў, падсеву траў.
Згодна з рабочым планам у РАПТЗ неабходна пасеяць яравую пшаніцу на 100 га, ячмень — на 300 га, зернебабовыя размесцяцца на 350 га, авёс — на 70 га.
Каля 750 га плануецца адвесці пад кукурузу, якая будзе вырошчвацца на зерне, насенне і на зялёны корм. Завяршыць усе пасяўныя работы, калі дазволяць умовы надвор’я, тут плануюць у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.
На высокапрадукцыйную працу механізатараў на веснавых палетках накіраваны распрацаваныя меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. Усе ўдзельнікі пасяўной з сённяшняга дня будуць забяспечвацца гарачымі смачнымі абедамі са сталовай сельгаспрадпрыемства. Паклапаціліся ў РАПТЗ і аб забяспечанасці занятых на палявых работах сродкамі індывідуальнай абароны і спецвопраткай.
Гудзе тэхніка на веснавых палетках. Шчыруюць механізатары, клапоцяцца пра высокі тэмп работ і якасць сяўбы, каб атрымаць у будучым дастойны ўраджай.
Людміла СЯМЁНАВА.