Ад службы – да жніва

Жніво ў Магілёўскай вобласці аб’яднала не толькі хлебаробаў, але і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія ўжо традыцыйна дапамагаюць сельгаспрадпрыемствам ва ўборцы ўраджаю.
Пакуль адны супрацоўнікі органаў унутраных спраў забяспечваюць правапарадак, іншыя дапамагаюць аграрыям убраць ураджай. Па даручэнні міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнанта міліцыі Івана Кубракова ў рэгіёне працуе зводны механізаваны атрад, сфармаваны з супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Сярод іх і наш зямляк – прапаршчык міліцыі Аляксей Белягоў, які ў паўсядзённым жыцці нясе службу ў Кіраўскім аддзяленні Дэпартамента аховы, а на час жніва камандзіраваны ў Бялыніцкі раён.
Для Аляксея Бялягова сельскагаспадарчая праца ўжо звыклая. Летась ён упершыню ўдзельнічаў ва ўборачнай кампаніі ў якасці камбайнера, а гэтым летам зноў увайшоў у склад зводнага механізаванага атрада.
Уборачная кампанія праходзіць арганізавана і без прастояў. Экіпаж, у якім працуе Аляксей Бялягаў, ужо намалаціў больш за 350 тон збожжа, уносячы важкі ўклад у агульны вынік.
– Нашы супрацоўнікі заўсёды гатовы выконваць пастаўленыя задачы там, дзе гэта неабходна. Удзел ва ўборачнай кампаніі ўжо стаў для падраздзялення добрай традыцыяй. Кожны разумее, наколькі важна своечасова ўбраць ураджай, таму да гэтай працы ставяцца з поўнай адказнасцю. Аляксей Белягоў – дысцыплінаваны і старанны супрацоўнік, у полі ён праяўляе тыя ж якасці, што і на службе. Упэўнены, што пастаўленыя задачы будуць выкананы якасна і ў тэрмін, – падкрэсліў начальнік Кіраўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС капітан міліцыі Максім Рыбакоў.
Удзел супрацоўнікаў Дэпартамента аховы ў жніве пацвярджае: вернасць службоваму абавязку выяўляецца не толькі пры забеспячэнні грамадскай бяспекі, але і там, дзе патрабуецца дапамога людзям і дзяржаве.
Там, дзе патрэбна дапамога
Актыўна падключыліся да ўборачнай кампаніі ратавальнікі, забяспечваючы бяспеку на палях
і дапамагаючы аграрыям у зборы ўраджаю.

Для работнікаў МНС удзел ва ўборачнай кампаніі даўно стаў добрай традыцыяй. Ратавальнікі не толькі ліквідуюць надзвычайныя сітуацыі, але і прыходзяць на дапамогу там, дзе асабліва патрэбныя іх адказнасць, дысцыпліна і прафесіяналізм. Сёння такой дапамогай становіцца ўдзел у жніве, бо своечасова ўбраны ўраджай – гэта вынік агульнай працы.
Дапамогу хлебаробам Горацкага раёна ва ўборцы ўраджаю аказвае зводны механізаваны атрад Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, у складзе якога працуе і кіраўчанін Сяргей Паўлюкевіч, старшы інструктар-выратавальнік ПАВП №12 РАНС.
Ратавальнік часова змяніў звыклае баявое адзенне на рабочую форму механізатара і сеў за штурвал збожжаўборачнага камбайна. Дарэчы, для яго – гэта другое такое жніво, а ўдзел у ім – магчымасць унесці асабісты ўклад у агульную справу, бо кожная тона ўбранага збожжа мае вялікае значэнне для харчовай бяспекі краіны. На раніцу ўчарашняга дня экіпаж, у саставе якога працуе кіраўчанін, намалаціў 545 тон збожжа.
Працуючы за штурвалам камбайна, старшы інструктар-выратавальнік не забывае і пра сваю асноўную прафесію. Асаблівую ўвагу ён надае захаванню патрабаванняў пажарнай бяспекі.
Як адзначыў начальнік РАНС Максім Антоненка, удзел выратавальнікаў ва ўборачнай кампаніі – гэта ўклад усяго калектыву аддзела ў агульную справу.
– У перыяд жніва нашы работнікі аказваюць дапамогу сельгасарганізацыям у складзе механізаваных атрадаў ва ўборцы ўраджаю. Для ратавальнікаў – гэта магчымасць унесці свой уклад у правядзенне ўборачнай кампаніі і падтрымаць аграрыяў у самы адказны перыяд. Разам з тым мы не забываем аб галоўнай задачы – забеспячэнні бяспекі. Работнікі МНС штодня нагадваюць механізатарам аб захаванні патрабаванняў пажарнай бяспекі, кантралююць стан тэхнікі і гатовы аператыўна рэагаваць на любыя надзвычайныя сітуацыі. Перакананы, што сумеснымі намаганнямі мы не толькі своечасова ўбяром ураджай, але і захаваем яго без страт, – падкрэсліў начальнік РАНС. Пакуль над палямі гудуць рухавікі камбайнаў, а ў бункеры сыплецца зерне новага ўраджаю, ратавальнікі сваёй працай яшчэ раз пацвярджаюць: служэнне людзям – гэта не толькі барацьба з агнём і ліквідацыя наступстваў надзвычайных сітуацый, але і гатоўнасць падставіць плячо там, дзе гэтага патрабуе агульная справа.
Галіна РУСЕЦКАЯ.