Актыўна вядуць нарыхтоўку кармоў працаўнікі ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне»

У сельгасарганізацыях раёна актыўнымі тэмпамі вядзецца нарыхтоўка кармоў для зімова-стойлавага перыяду ўтрымання грамадскага пагалоўя.
Аляксандр Сідарэнка скошвае травы
Кожную пагодную хвіліну зараз імкнуцца выкарыстаць працаўнікі ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”: работа на травяных палетках не заціхае ўвесь светлавы дзень.
Толькі на невялічкі час спынілі рухавікі сваіх машын мясцовыя механізатары пазаўчора ў другой палове дня. І якраз у гэты момант на поле непадалёку ад урочышча “Пеля” і в.Вілы, дзе разгортваліся механізаваныя дзеянні па ўборцы траў, завітаў карэспандэнт “раёнкі”. Прычына прыпынку работ — вельмі ўважлівая ды і дадаючая настрою: з надышоўшай раптам хмаркі сыпануў шчодры дожджык. Яго якраз вельмі не хапала, каб “прыбіць” пыл ды і падпаіць расліны. Адразу ж паветра напоўнілася водарам, а працаўнікам прыплюсавалася бадзёрасці. Нябесная вільгаць, праўда, панавала зусім нядоўга, і вось ужо поле зноў напоўнілася гулам рухавікоў.
Валянцін Сулімскі працуе на кормаўборачным камбайне
А тут шчыраваў цэлы атрад, удзельнікі якога наладзілі сапраўдны ўборачны канвеер. Паспеўшыя травы на “Палессі” скошваў Аляксандр Сідарэнка (на фота), адразу захопліваючы 9 метраў у шырыню і пакідаючы за сабой роўныя радкі з густой травы.
Неўзабаве па гэтых радках праходзіла другая тэхніка — гэта Іван Лазаковіч на “Беларусу” з граблямі ГВП-8,5 падварушваў траву і фарміраваў пышныя валкі, у якіх пад сонцам і ветрыкам маса хутка правяльваецца. Вось тут галоўнае — не ўпусціць момант, каб яна не перасохла, бо прызначана для сенажу.

Вадзіцель Алег Лёгкі заняты на адвозцы зялёнай масы

Паралельна вядзецца нарыхтоўка сенажу ў палімерную ўпакоўку. Скатвае зялёную масу ў рулоны на МТЗ-1521 з дапамогай агрэгата “Тарнада” Яўген Рудак, на пагрузцы, разгрузцы і складзіраванні белых “круглякоў” заняты Аляксандр Вашукевіч.
Падварушванне травяных валкоў даручана Рыгору Булаху

У гушчыні палявых падзей мы сустрэліся з галоўным аграномам РАПТЗ Уладзімірам Дарафеем. Ад яго даведаліся, што ўсяго травы першым укосам мясцовым працаўнікам трэба скасіць на 1684 га, і амаль палова плана (745 га) ужо выканана. Убрана скошанае на 630 га. З планавых 13500 т сенажу нарыхтавана 4100 т, у тым ліку 330 т закансервавана ў стрэйч-плёнку.

Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.




