Темы

Аляксандр Тылінскі, узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі»: «Гэта гонар – на роднай зямлі працаваць!»

Аляксандр Тылінскі, узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі»: «Гэта гонар – на роднай зямлі працаваць!»

На Кіраўшчыне шмат добрасумленных і адказных працаўнікоў, якія сваёй руплівасцю славяць наш край. Дзяржава адпаведна ставіцца да іх: расце колькасць тых, хто адзначаны высокімі ўзнагародамі. Адметна, што разам з умудронымі вопытам, з’яўляюцца ў адным страі і маладыя працаўнікі, адданыя свайму жыццёваму выбару.

У жыцці трактарыста-машыніста ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” Аляксандра Тылінскага нядаўна адбылася важная і хвалюючая падзея: ён быў удастоены медаля “За працоўныя заслугі”. Факт гэты адметны яшчэ і тым, што Аляксандру ў хуткім часе споўніцца толькі 35 год. На Кіраўшчыне ён стаў самым маладым з тых, хто атрымаў такую высокую узнагароду.

А гаворыць гэта пра многае. Сваім бездакорным стаўленнем да справы Аляксандр даўно пераканаў усіх, хто яго ведае, што яму па сілах любое даручэнне кіраўніцтва, любое заданне, звязанае з тэхнікай і полем. Адказны, працавіты, пунктуальны, акуратны ва ўсім, душой хварэючы за работу – толькі некаторыя са шматлікіх станоўчых характарыстык, якімі надзяляюць механізатара калегі па цэху. Аўтарытэт сярод іх заваяваў ён хутка і ўпэўнена, цяпер яго толькі мацуе.

Сваю працоўную дарогу Аляксандр Тылінскі абраў асэнсавана яшчэ ў школе. Прычым прызванне перадалося, пэўна, на генным узроўні. Яшчэ хлапчуком ён заварожваўся тэхнікай. А як жа інакш, калі на трактарах катаўся разам з абодвума дзядулямі – і Рафаіл Тылінскі, і Васіль Міхалап у свой час старанна працавалі на палях саўгаса “Бераснёўскі”. Так што, пах “саляркі” Саша ўпітаў змалку. А пасля школы падаўся ў сельгаскаледж у Клічаве, які скончыў па спецыяльнасці “тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”.

Пастаянным месцам работы стала для хлопца Кіраўскае РАПТЗ, куды ён уладкаваўся ў 2006 годзе. Паколькі кіраўніцтва хутка пераканалася, што Аляксандр выдатна разбіраецца ў тэхніцы і без браку выконвае любую работу, яму даручылі адзін з найбольш адказных участкаў – корманарыхтоўку. Замацавалі за ім складаную высокапрадукцыйную машыну – “Ягуар”. Самаходны кормакамбайн такога тыпу з’явіўся першым у раёне менавіта ў РАПТЗ у 2001 годзе. І як прыняў яго Аляксандр Тылінскі праз 5 год, так і дагэтуль нарыхтоўвае на ім кармы кожны сезон.

Нягледзячы на ўжо вялікі “ўзрост”, “Ягуар” у майстарскіх руках механізатара і сёння працуе, як кажуць, нібыта гадзіннік. Так абслугоўваць тэхніку можа, пэўна, толькі той, хто яе бязмерна любіць. І рэзультаты палявой работы – адпаведныя. Бадай, не бывае сезонаў, каб па выніках штогадовых раённых спаборніцтваў на корманарыхтоўцы Аляксандр не трапляў у лік лаўрэатаў. Прычым высокія рэзультаты ў яго не толькі на “зялёным жніве”. Пакуль “Ягуар” чакае ў боксе сваёй пары, механізатар шчыруе на “Беларусу”на іншых участках. Да прыкладу, падчас нашай з ім нядаўняй сустрэчы, ён актыўна ўносіў тукі – падкармліваў шматгадовыя травы. А літаральна ўчора прыступіў да яшчэ аднаго са сваіх штатных работ – пачаў сеяць кукурузу.

Варта адзначыць, што зямельную навуку Аляксандр спасцігае не толькі практычна. Сваю прафесійную кампетэнтнасць ён падмацаваў без адрыву ад вытворчасці ў Беларускай сельгасакадэміі. Вось толькі штурвалы трактара і камбайна дыпламаваны інжынер пакінуць і памяняць на кабінет не можа – “прыкіпеў” усёй душой і нават не ўяўляе сябе без поля. А вышэйшая адукацыя зусім не лішняя: сучасная тэхніка патрабуе грунтоўных ведаў.

– Заўсёды чакаю вясну, калі распачнецца чарговы сезон сельгасработ, – кажа Аляксандр Тылінскі. – Калі нарэшце шум матора трактара замяняе любімую мелодыю, а сэрца перапаўняе палявая рамантыка. Тады нават стомы можаш не адчуваць, хоць выязджаць на палетак даводзіцца часцей, як толькі сонца кранула зямлю сваімі промнямі, а дадому вяртацца, калі яно ўжо села…

А дома Аляксандра чакаюць яго любімыя і любячыя людзі. Са сваёй каханай з прыгожым імем Марта, ураджэнкай Любоніч, хлопец пазнаёміўся падчас вучобы ў Клічаве. А пасля заканчэння каледжа і вяселле згулялі. Зараз радуюць бацькоў 12-гадовы сын Раман і 6-гадовая дачушка Ульяна. У Тылінскіх свой дом, які калісьці быў выдзелены маладой сям’і ад акцыянернага таварыства. Жонка Марта, якая  таксама працуе ў РАПТЗ, –  спецыялістам па кадрах, мужа свайго нахвальвае. Кажа, што і дома ён такі ж скрупулёзны і старанны, пастаянна імкнецца палепшыць быт, сапраўдны гаспадар – усё робіць сваімі рукамі.

Што ж, можна смела канстатаваць, што такія, як Аляксандр Тылінскі, – яркі прыклад для маладога пакалення, як можна і патрэбна рэалізаваць сябе ў жыцці, доказ таго, наколькі важныя прафесіяналізм і грамадзянская пазіцыя чалавека працы ў развіцці рэспублікі.

– Сельская гаспадарка – складаная сфера, – адзначыў напрыканцы нашай гутаркі Аляксандр. У Беларусі ствараюцца ўсе ўмовы для развіцця аграпрамысловага комплексу. І я ганаруся, што сваёй працай уношу ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота аўтара.

 

Последние новости

Прямая линия

30 июля прямую телефонную линию проведет Виталий Валерьевич Коновальчик

27 июля 2026
Читать новость
Прямая линия

28 июля прямую телефонную линию проведет Вячеслав Юрьевич Каранкевич

27 июля 2026
Читать новость
Прямая линия

29 июля прямую телефонную линию проведет Александр Викторович Комаровский

27 июля 2026
Читать новость
Актуально

Первый молодежный экипаж-тысячник в Кировском районе получил заслуженную награду прямо в поле!

27 июля 2026
Читать новость
Актуально

На полях Кировщины определился первый зерноуборочный экипаж-рекордсмен!

27 июля 2026
Читать новость
Актуально

В Кировском районе прошел открытый региональный фестиваль «СеноФЭСТ-2026»

27 июля 2026
Читать новость