Асноўны закон дзяржавы
Канстытуцыя — Асноўны закон Рэспублікі Беларусь, які вызначае далейшае развіццё дзяржавы і кожнага яе грамадзяніна. Мы папрасілі кіраўчан падзяліцца меркаваннямі аб тым, якую ролю ў жыцці кожнага з нас адыгрывае гэты важны заканадаўчы дакумент.
Наталля ТРАЦЦЯКОВА, начальнік аддзела адукаці, спорту і турызму райвыканкама:
— Артыкул 49 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе, што кожны мае права на адукацыю, прычым, гарантуюцца даступнасць і бясплатнасць агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя даступныя для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага.
Расходы на адукацыю ў бюджэце нашага раёна даволі значныя. І гэта зразумела: на клопаце пра падрастаючае пакаленне ў нашай дзяржаве не эканомяць. Значныя сродкі выдзяляюцца на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, умацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. Рабяты маюць магчымасць навучацца ва ўтульных класах, займацца спортам, з карысцю праводзіць свой вольны час. У адпаведнасці са сваімі здольнасцямі хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца паглыбленым вывучэннем розных прадметаў, наведваюць гурткі па інтарэсах.
У нашай краіне надаецца вялікая ўвага грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Вось і напярэдадні, і ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ва ўстановах адукацыі раёна праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце. Гутаркі, якія праводзяць з вучнямі па пытаннях прававога выхавання на інфармацыйных гадзінах класныя кіраўнікі, Тыдні прававых ведаў, інтэлектуальныя гульні на прававую тэматыку даюць свой плён. Рабяты вучацца паважаць сваю краіну, любіць малую радзіму, шанаваць і захоўваць гістарычную спадчыну беларусаў.
Марыя АКАЛАТОВІЧ, настаўнік біялогіі СШ №1 г.Кіраўска:
— Упершыню з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь я пазнаёмілася ў школе на ўроку грамадазнаўства. Лічу правільным, што з юнага ўзросту грамадзяне пачынаюць вывучаць Асноўны закон, даведваюцца, якія правы маюць. Падобная падрыхтоўка ў будучыні дазволіць любому чалавеку паспяхова ажыццяўляць сваю дзейнасць і існаваць па законах грамадства.
Канстытуцыя тычыцца многіх аспектаў жыцця сучаснага беларуса, і ў цэлым забяспечвае само права на яго жыццё. Дзякуючы галоўнаму закону Рэспублікі Беларусь, мы можам вучыцца, працаваць, рэалізоўваць сябе ў любімай справе, мяняць месца жыхарства, уступаць у шлюб, маем права на недатыкальнасць прыватнага жыцця і іншыя правы, якія забяспечваюць нашу свабоду. Гэта закон, які упарадкавае адносіны паміж чалавекам і дзяржавай, а таксама людзей паміж сабой, забяспечваючы ў грамадстве парадак і стабільнасць, калі мы можам спакойна жыць і ведаць, што знаходзімся пад надзейнай абаронай і маем пэўныя гарантыі.
Клопат аб пажылых грамадзянах, інвалідах, падтрымка моладзі і дзяцей, прававая абарона працоўных — гэта і многае іншае сведчыць пра тое, што наша дзяржава сацыяльна арыентаваная, галоўнае — ведаць свае правы і ў патрэбны момант умець іх выкарыстоўваць.