Будучае – у нашых руках!

Суверэнітэт – гэта асноватворны атрыбут дзяржавы – незалежнасць, самастойнасць. Ключавым фактарам захавання і ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці краіны з’яўляецца адзінства народа. Дзень народнага адзінства прымеркаваны да адной з найважнейшых падзей беларускай гісторыі – уз’яднання ў 1939 годзе Заходняй Беларусі і БССР. Зацверджаны яшчэ ў 1939 годзе як «Дзень вызвалення працоўных Заходняй Беларусі ад польскіх паноў», апошні раз на агульнасаюзным узроўні ён быў адсвяткаваны ў 1949 годзе. На першае месца выйшлі меркаванні палітычнай мэтазгоднасці – тэрытарыяльныя пытанні не павінны былі азмрочваць дружалюбныя адносіны паміж СССР і Польшчай унутры адзінага сацыялістычнага блока. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2021 №206 у нашай краіне заснавана дзяржаўнае свята Дзень народнага адзінства.
Дата 17 верасня 1939 года з’яўляецца сімвалам аднаўлення гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора, і назаўжды замацавалася ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі.
Уз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР у 1939 годзе мае вялікае гістарычнае значэнне. У выніку гэтага працэсу беларусы атрымалі і выкарыстоўвалі гістарычную магчымасць жыць разам, абараняць свае інтарэсы, будаваць сваё жыццё адзінай сям’ёй. Быў завершаны працэс тэрытарыяльнай, этнаграфічнай кансалідацыі беларускай нацыі. Цяперашняе і будучыя пакаленні беларусаў абавязаны ведаць і захоўваць памяць аб шматгадовай гераічнай барацьбе нашага народа за сваю нацыянальную годнасць, за права быць паважанай нацыяй.