Быць няўдзячнымі спажыўцамі — зневажальна
Апублікаваны ў раённай газеце матэрыял “Парк у засені бескультур’я”, пэўна, выклікаў у чытачоў шэраг разнастайных эмоцый. З гарадскім паркам звязаны ўспаміны не аднаго пакалення кіраўчан, і хочацца, каб ён працягваў заставацца прыгожым, утульным, любімым месцам адпачынку. А для гэтага патрэбны не толькі ўклад камунальнікаў, а і кожнага з нас: нават у тым, каб не быць раўнадушнымі да праяў бескультур’я, недастойных паводзін нашых суграмадзян на тэрыторыі парка.
Хачу прадоўжыць тэму бескультур’я некаторых жыхароў райцэнтра, пераважна маладых, звязаную з іншым месцам горада — скверам каля памятнага знака ў гонар 60-годдзя вызвалення Кіраўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — усім вядомай пушкі па вул.Гагарына. Парадак у скверы пад-трымліваецца работнікамі “Жылкамгаса”. Рабіць гэта ім штораніцы, думаю, не так проста, улічваючы запатрабаванасць гэтага месца і “забыўлівасць” некаторых бавячых тут вольны час юнакоў і дзяўчат у тым, каб прыбраць за сабой. Увечары сюды амаль штодня “падцягваюцца” кампаніі моладзі, якія пакідаюць пасля сваіх “пасядзелак” далёка не джэнтльменскі набор: пустыя бутэлькі, пачкі з-пад цыгарэт, чыпсаў, рыбы, налепленыя на лаўкі жавальныя гумкі і г.д. “Апафеозам” стала аднойчы ўбачаная аўтарам гэтых радкоў (і ім жа знятая) пустая бутэлька з-пад піва, стаячая на пастаменце пушкі. А плітку нярэдка “ўпрыгожваюць” кучкі напляванага семкавага шалупіння.
Маладыя людзі, якія выбіраюць сквер для вячэрняга адпачынку, пэўна ж, не дзікуны, лічаць сябе адукаванымі, сучаснымі і, безумоўна, культурнымі. Але апісаныя вышэй іх паводзіны прымушаюць думаць зусім наадварот. Ці не час “уключыць мазгі” і падумаць аб тым, што быць толькі няўдзячным спажыўцом таго, што зроблена іншымі, у тым ліку і тваімі — бацькамі, для твайго ж камфорту, — недастойна і зневажальна. А дастойна і ганарова быць культурным, цывілізаваным чалавекам, сапраўдным патрыётам роднага краю, дбаючым аб яго прыгажосці і працвітанні. А ўсё гэта пачынаецца з чысціні і парадку ў доме, на падвор’і, на вуліцы, у грамадскіх месцах — парадку, які трэба наводзіць і падтрымліваць кожнаму, у тым ліку і табе, малады жыхар горада!
Дзмітрый
КАЛМЫКОЎ, г.Кіраўск.