Чыгірынскія працаўнікі завяршылі сяўбу ранніх яравых культур
Нягледзячы на неўстолівае надвор’е, аграрыі Кіраўшчыны працягваюць сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур, выкарыстоўваючы кожную сонечную хвілінку.
Актыўна ўключыліся ў веснавую палявую кампанію працаўнікі СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”, на сельгаспалетках, дзе мы пабывалі ў аўторак, 11 красавіка. На полі каля Борак сейбіт Анатоль Кузьмін (на фота), да слова, адзін з вопытнейшых і адказных механізатараў сельгасфіліяла, на магутным трактары “Беларус-3022” з пасяўным агрэгатам гектар за гектарам спрытна засейваў гарохам. Яркае веснавое сонца падбадзёрвала працоўны настрой. Літаральна праз пару дзён надвор’е пагоршылася: пахаладала і пайшоў дождж. Аднак, як адзначыў галоўны аграном філіяла Юрый Смятана, чыгірынцы паспелі цёплымі дзянькамі завяршыць сяўбу ранніх яравых культур: 100 га заняў гарох і 20 га авёс. Адразу ж прыступілі да падрыхтоўкі глебы і адначасовай сяўбы адналетніх культур на зялёны корм. У комплекс веснавых палявых работ уваходзіць закрыццё вільгаці у глебе з дапамогай культыватараў. Значная ўвага надаецца падкормцы азімых усходаў і ўгнойванню глебы – каб парадаваў будучы ўраджай. Варта нагадаць, што падчас леташняй палявой кампаніі працаўнікі СГФ “Чыгірынка” атрымалі адзін з лепшых намалотаў збожжавых і зернебабовых у раёне, да таго ж, сельгасфіліял заняў першае месца сярод аднатыпных гаспадарак у канцэрне “Белнафтахім”. Ёсць стымул да новых працоўных перамог!
Яўгенія БЯЛЬКО. Фота аўтара.