Цырымонія ўручэння пашпартоў прайшла Жыліцкім палацава-паркавым ансамблі

Напярэдадні важнага дзяржаўнага свята 21 школьнік з розных куткоў Кіраўшчыны атрымаў пашпарт. Гэтыя юныя грамадзяне Беларусі – лепшыя прадстаўнікі навучэнскай моладзі раёна, якія дасягнулі пэўных вынікаў: маюць поспехі ў вучобе, спорце, грамадскай дзейнасці.
Галоўны дакумент у жыцці кожнага грамадзяніна маладым людзям уручыла старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава.
Урачыстая цырымонія адбылася ў сценах архітэктурнай жамчужыны Прыдняпроўскага краю – Жыліцкім палацава-паркавым ансамблі. Падзяліць з юнакамі і дзяўчатамі радасць ад важнай і асаблівай у іх жыцці падзеі на мерапрыемства прыбылі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Багель, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Сакадынец, кіраўнікі сілавых структур раёна, бацькі і педагогі.
«Дзень Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь – гэта сімвал моцнай краіны, надзейны гарант парадку і дабрабыту кожнага працоўнага калектыву, кожнай сям’і», – з такіх слоў пачала свой зварот да ўдзельнікаў цырымоніі кіраўнік раёна. Галіна Слабоднікава падкрэсліла, што замацаваныя ў Асноўным законе краіны каштоўнасці: патрыятызм і адзінства, абарона гістарычнай праўды, беражлівае стаўленне да роднай культуры, захаванне традыцый моцнай сям’і, выхаванне ў дзецях павагі да працы і старэйшага пакалення – аб’ядноўваюць беларускі народ.
Даючы наказ рабятам у дарослае жыццё, Галіна Паўлаўна адзначыла: «Упэўнена, кожны з вас выбярэ верную дарогу. Будучыня нашай роднай Беларусі – за вамі. Якім яно будзе, шмат у чым залежыць ад вашай грамадзянскай пазіцыі, жадання прыносіць карысць сваёй дзяржаве. Менавіта вам, маладому пакаленню, якое сёння ўступае ў дарослае жыццё, трэба будзе ў будучым накіраваць свой патэнцыял на развіццё грамадзянскай супольнасці і ўдзел у кіраванні дзяржавай».
Атрыманне пашпарта – першы важны і адказны крок маладых людзей у дарослае жыццё, якое поўнае розных напрамкаў, шляхоў і выбараў. У Беларусі для моладзі створаны ўсе ўмовы для атрымання якаснай адукацыі, працаўладкавання, стварэння сям’і, рэалізацыі патэнцыялу. Прынята больш за 50 нарматыўных прававых актаў у сферы маладзёжнай палітыкі, дзейнічаюць фонды па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі, прызначаюцца імянныя стыпендыі. Дзяржава клапоціцца аб тым, каб кожны малады чалавек, які жыве ў рэспубліцы, быў упэўнены: ён патрэбны сваёй краіне.
Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства для дзяцей і іх бацькоў адбылася экскурсія па Жыліцкім палацы.


Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.