Темы

Дапамагаць людзям быць здаровымі – высакародная справа

Дапамагаць людзям быць здаровымі – высакародная справа

Прафесія медыцынскага работніка спакон веку лічыцца адной з самых паважаных
і запатрабаваных і ў той жа час – неверагодна адказнай: ад рашэнняў, прымаемых людзьмі ў белых халатах, залежыць якасць здароўя, а часам нават і жыццё пацыентаў.

Шмат год прысвяцілі рабоце ў Кіраўскай ЦРБ медсястра агульнай практыкі Ірына Бяляўская (першая злева), старшая медсястра паліклінікі Алена Шэлянгоўская, медсястра псіханаркалагічнага кабінета Таццяна Рымарава і медсястра рэгістратуры Яна Канцавая. Прафесія медыцынскай сястры была запатрабаванай заўсёды. Медсёстры – і паўнацэнныя калегі дактароў, і надзейныя памочнікі для пацыента. Зыходзячы з асабістага шматгадовага прафесійнага вопыту, жанчыны сышліся ў меркаванні, што шчыраваць у медыцынскай вобласці чалавек павінен цалкам свядома. Работа медсястры – не рамантыка, а цяжкая фізічная і маральная праца, аднак вельмі патрэбная і карысная людзям.

Зараз у сістэме аховы здароўя насельніцтва Кіраўшчыны задзейнічана 40 урачоў і 179 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу. Спектр іх прафесійных абавязкаў даволі шырокі: штодзённы клопат аб здароўі насельніцтва, прафілактыка захворванняў, вяртанне пацыентаў да паўнавартаснага жыцця – усё гэта патрабуе ад медыкаў кампетэнтнасці, а таксама пачуцця высокага грамадзянскага абавязку. Па словах намесніка галоўнага ўрача ЦРБ па амбулаторна-паліклінічным абслугоўванні насельніцтва Таццяны Комар-Маскалёвай, у медыцыне не бывае выпадковых людзей: “Не памылюся, калі адзначу, што кожны з членаў нашага калектыву абраў сваю прафесію па закліку сэрца. Хтосьці марыў аб ёй з дзяцінства, для кагосьці прыкладам былі родныя – медыкі, іншыя ж імкнуліся дапамагаць людзям. Варта разумець, што прафесія медработніка – не з лёгкіх, нават з пункту гледжання навучання і станаўлення. Каб стаць добрым доктарам альбо медсястрой, неабходна шмат вучыцца і старанна працаваць. Акрамя таго, міласэрнасць, дабрыня, паважлівае стаўленне да людзей – якасці, якія павінны быць надзейным падмуркам у прафесіі для кожнага з яе прадстаўнікоў. Нездарма ж яна лічыцца самай гуманнай у свеце”.

На думку Таццяны Комар-Маскалёвай, акрамя кампетэнтнасці работнікаў установы аховы здароўя немалаважныя і ўмовы, у якіх пацыенты атрымліваюць меддапамогу і працуе персанал. На сённяшні дзень медыцынскія паслугі насельніцтву раёна прадастаўляюцца ў цэнтральнай райбальніцы на 119 ложкаў, у сельскай мясцовасці дзейнічаюць Любоніцкая бальніца сястрынскага догляду, Жыліцкая і Любоніцкая амбулаторыі ўрача агульнай практыкі і 14 фельчарска-акушэрскіх пунктаў.
Першасную меддапамогу жыхары атрымліваюць у цэнтральнай раённай паліклініцы, разлічанай на 250 наведванняў у змену. Яе маштабная рэканструкцыя, праводзімая на працягу некалькіх год і завершаная летась, стала значнай падзеяй: з’явілася магчымасць не толькі якаснага, але і больш камфортнага абслугоўвання.
Наогул, за мінулы год і з пачатку бягучага матэрыяльна-тэхнічная база райбальніцы значна палепшылася. Па ініцыятыве і з актыўным удзелам сельгасарганізацый раёна адрамантаваны палаты на другім паверсе хірургічнага корпусу; ва ўсіх кабінетах паліклінічнага аддзялення заменена офісная і медыцынская мэбля, набыты новы медінвентар; са сродкаў абласнога бюджэту закуплены сучасны апарат ультрагукавой дыягностыкі; аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі папоўнілася новай карэтай хуткай дапамогі; у хірургічным корпусе ўсталявалі новы ліфт, на якім перавозяць пацыентаў з аперацыйнай у рэанімацыйнае аддзяленне; абноўлена стаматалагічнае аддзяленне. Яшчэ адна прыемная падзея адбылася некалькі тыдняў таму: рэгіянальная дырэкцыя ААТ “Белаграпрамбанк” па Магілёўскай вобласці перадала райбальніцы падарункавы сертыфікат на 20 камп’ютараў.
Зараз вядзецца добраўпарадкаванне Мышкавіцкага ФАПа: абнаўляецца фасад, мяняюцца вокны, праводзіцца касметычны рамонт унутраных памяшканняў.

Летась калектыў медработнікаў значна папоўніўся маладымі спецыялістамі. Шлях у прафесію ў Кіраўскай ЦРБ пачалі 18 чалавек. Таццяна Комар-Маскалёва адзначае, што гэтыя маладыя ўрачы і медсёстры – зацікаўленыя ў абранай справе, цярплівыя, жадаюць развівацца ў прафесіі і шчыра дапамагаць людзям. Вядома ж, арганізацыя аказання медыцынскай дапамогі абапіраецца на вопыт і напрацоўкі спецыялістаў, якія не адзін дзясятак год прысвяцілі рабоце ў райбальніцы.
На сённяшні дзень у ЦРБ вядуць прыём 7 урачоў агульнай практыкі, неўролаг, 2 хірургі, ЛОР-урач, дэрматавенеролаг, 2 гінеколагі, інфекцыяніст, 2 псіхіатры, псіхолаг, 3 педыятры, а таксама ўрач-тэрапеўт – загадчык аддзялення дзённага знаходжання. У жніўні чакаюць прыбыцця ўрача-афтальмолага – яшчэ аднаго маладога спецыяліста.

З кагорты тых, для каго наша ЦРБ стала адпраўной кропкай у самастойнае плаванне ў медыцыне, – ураджэнка Магілёва Марыя Карытка. Летась яна – выпускніца Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта – прыступіла да выканання абавязкаў урача агульнай практыкі. Стаць доктарам яе падштурхнуў прыклад сястры, якая таксама знайшла прызванне ў медыцынскай справе. Вядома ж, пандэмія COVID-19 значна ўскладніла работу маладога медыка. Аднак, як падкрэс­ліла Марыя Сяргееўна, праца ў такіх умовах садзейнічала хуткай адаптацыі ў прафесіі і стала моцным штуршком для далейшага развіцця. Зараз Марыя Карытка шчыруе ў саставе каманды медыкаў, якія праводзяць вакцынацыю насельніцтва супраць каранавіруснай інфекцыі. Разам з ёй у прышчэпачным кабінеце працуе медсястра аддзялення дзённага знаходжання з 28-гадовым стажам Ала Костка. Жанчына – карэнная кіраўчанка – з дзяцінства марыла быць медработнікам. Як пазней пацвердзілася, – невыпадкова: веды і навыкі, набытыя ёй падчас навучання ў Бабруйскім медыцынскім вучылішчы, а таксама напрацоўваемы вопыт спатрэбіліся, калі захварэла яе маці, Алла Андрэеўна магла аказваць дапамогу роднаму чалавеку. Яна прызналася, што вельмі любіць сваю прафесію і ніколі не пашкадавала аб выбары. Самае складанае для ее – перажыванне за пацыентаў, па прызнанні медсястры, амаль за кожнага яна хвалюецца, прыкладвае максімум асабістых намаганняў, каб дапамагчы.

У мінулым жніўні педыятрычную службу раёна папоўніў малады ўрач, выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Дзяніс Мацюшонак. Нарадзіўся ён у суседнім Клічаве, з дзяцінства перад вачамі быў прыклад маці, якая шчыруе старэйшай медсястрой у рэанімацыйным аддзяленні Клічаўскай ЦРБ, таму з выбарам будучай прафесіі вызначыўся адразу. Па словах Дзяніса Генадзьевіча, лячыць самых маленькіх пацыентаў – вельмі адказна, для гэтага варта быць выдатным дыягностам, які падчас першаснага агляду здольны беспамылкова ацаніць стан дзіцяці і неадкладна ака­заць патрэбную кваліфікаваную дапамогу.
На замацаваным за ім участку малады педыятр працуе з вопытнай медсястрой Анастасіяй Калеснікавай, якая ў медыцынскай справе – больш за 15 год, і ўвесь гэты час яна – у педыятрычным аддзяленні. У прафесію Анастасія Пятроўна таксама трапіла невыпадкова: з маленства “лячыла” цацкі, хатнюю жывёлу і марыла насіць на будучай рабоце беласнежны халат – асноўнае адрозненне медработнікаў, сімвал служэння людзям. Да выканання сваіх абавязкаў медсястра ставіцца з пачуццём высокай адказнасці і лічыць, што акрамя добрай кампетэнцыі медработнікі павінны быць добразычлівымі і ўважлівымі, умець вы­слухаць і падтрымаць пацыента ў цяжкую для яго хвіліну.

Урачы агульнай практыкі Марына Рудзянкова і Таццяна Цыбуля – таксама з ліку маладых спецыялістаў. У засваенні прафесіі яны ў тым ліку карыстаюцца парадамі старэйшай калегі Марыны Котавай, якая працуе ў райбальніцы з 2014 года, і памочніка ўрача агульнай практыкі Марыны Араевай – у райбальніцы з 2015-га.
Дапамагаць людзям быць здаровымі – высакародная справа. Часам, медыцынскія работнікі лечаць не толькі наша цела, але і душу, напаўняючы яе надзеяй і верай. Ну а самай галоўнай узнагародай за сваю працу лічаць здаровых удзячных пацыентаў, якія, нягледзячы ні на што, працягваюць жыццё і радуюцца кожнаму новаму дню.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Последние новости

Актуально

Августовская педагогическая конференция

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Опасный макияж: шаг до трагедии

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Скрыжавалі ракеткі

28 августа 2026
Читать новость
Физкультура и спорт

Триумф на велотрассе

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Прафесія, ад якой залежыць жыццё

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Как защитить телефон?

28 августа 2026
Читать новость