Каб восень жыцця была залатой…

У першы кастрычніцкі дзень у нашай краіне адзначаецца цудоўнае свята – Дзень пажылых людзей. Яно сведчыць пра павагу да ўсіх прадстаўнікоў залатога ўзросту, прызнанне іх заслуг і значнасці працы, а таксама дае магчымасць у чарговы раз агарнуць увагай, цеплынёй і пяшчотай прадстаўнікоў старэйшага пакалення.

Гэтае свята любяць і паважаюць у сям’і Валянціны Паўлаўны Сяліцкай з аграгарадка Любонічы. Да таго ж, 24 верасня жанчына адзначыла свой 85-ы дзень нараджэння. З віншаваннямі, падарункамі і кветкамі да Валянціны Паўлаўны завіталі шматлікія госці. Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пятроўская падзякавала жанчыне за шматгадовую добрасумленную працу, актыўную жыццёвую пазіцыю і неабыякавасць да людзей. Як высветлілася, да выхаду на заслужаны адпачынак Валянціна Паўлаўна працавала сацыяльным работнікам у Любонічах, дапамагала пажылым сяльчанам спраўляцца з хатнімі справамі, дарыла ім цеплыню сваёй душы. Віншаванні адрасавалі жанчыне прадстаўнікі раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама Любоніцкага сельвыканкама. Такая ўвага расчуліла юбіляршу да слёз. Нягледзячы на шаноўны ўзрост і праблемы са здароўем, Валянціна Паўлаўна ніколі не губляе аптымізму, з радасцю сустракае гасцей і ўдзячная за ўвагу і клопат. У яе доме і на прысядзібным участку шмат кветак: іх жанчына любіць усё жыццё. Праўда зараз пра расліны клапоціцца яе памочніца – сацыяльны работнік Вольга Шынкарэнка.
Пачуўшы гісторыю жыцця Валянціны Сяліцкай, у чарговы раз упэўнілася, што людзі старэйшага пакалення – моцныя духам, нягледзячы на ўсе цяжкасці, выпаўшыя на іх долю, яны не развучыліся радавацца кожнаму новаму дню, не ачарсцвелі душой, умеюць быць удзячнымі.

Валянціна Паўлаўна нарадзілася і вырасла ў Любонічах. Яна была чацвёртым познім дзіцяці ў сям’і. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ёй пайшоў дзясяты месяц. З гадоў ваеннага ліхалецця найбольш за ўсё запомніўся голад і холад, уцёкі разам з бацькамі ад нямецкіх карнікаў. Ім пашчасціла, уся сям’я выжыла. Няпроста было і ў пасляваенныя гады: акрамя недахопу ежы, былі праблемы з адзеннем. З маленства даводзілася цяжка працаваць, дапамагаць бацькам і па хатняй гаспадарцы, і на працы. Пасля заканчэння 7 класаў бацькі адправілі Валю працаваць на баваўняную фабрыку ў Бабруйск. У дзяўчынкі была з сабой толькі адна сукенка… І дагэтуль яна ўдзячная жанчыне, ў якой кватэравала: тая была швачкай і пашыла для яе некалькі новых рэчаў. Аб адчуванні радасці ад гэтага і дагэтуль Валянціна Паўлаўна ўспамінае са слязамі на вачах. Нягледзячы на тое, што праца на фабрыцы была даволі няпростай, дзяўчыне яна спадабалася, побач былі спагадлівыя людзі, якія заўсёды дапамагалі, падказвалі.

Калі Валі споўнілася 18 гадоў, бацькі вырашылі аддаць яе замуж. Пасля вяселля яны з мужам вярнуліся ў Любонічы. Праз год нарадзіўся сынок-першынец. Калі яму споўніўся месяц, жанчына выйшла на працу на цагляны завод: на той час у маладых матуль не было магчымасці сядзець з дзецьмі ў “дэкрэтным водпуску”. Дзіцяці гадавала матуля Валянціны, а карміць грудным малаком немаўлятку яна прыносіла на цагляны завод. Затым у сям’і Сяліцкіх нарадзіліся яшчэ два сыны і дачушка.
Валянціна Паўлаўна ўладкавалася прыбіральшчыцай у школу ва Уласавічах, пазней – у Любонічах, дзе адпрацавала больш за 20 гадоў. У 1990 годзе ёй прапанавалі стаць сацыяльным работнікам, каб дапамагаць пажылым сяльчанам спраўляцца з хатнімі справамі. Яна перайшла ў новую для сябе сферу, але адзначыла, што ніводнага разу аб гэтым не пашкадавала. Гады работы ў сацыяльнай сферы Валянціна Паўлаўна ўспамінае як адны з самых шчаслівых, напоўненых станоўчымі эмоцыямі і добрымі справамі.

– Калі я была сацыяльным работнікам, шчыра скажу, што на працу хадзіла з радасцю, – адзначыла жанчына. – Мне вельмі падабалася штодня спяшацца да сваіх падапечных бабуль. Гэта так прыемна, калі цябе чакаюць, сустракаюць з усмешкай і шчыра дзякваюць за дапамогу. Яны заўсёды імкнуліся мяне чымсьці пачаставаць, я бачыла, што ім гэта прыемна. Дапамагала ім ва ўсіх хатніх справах, а на вёсцы іх заўсёды шмат: прыбірала ў доме, гатавала ежу, палола агарод, аплачвала камунальныя паслугі і купляла неабходныя прадукты і рэчы. Размаўляючы з падапечнымі, бачыла, што часцяком пажылым людзям патрэбна не столькі фізічная дапамога, колькі чалавек, з якім можна пагаварыць, пачуць добрае слова. У кожнай з маіх бабуль за плячыма было нялёгкае пражытае жыццё, свой характар, погляды на навакольны свет, свае патрабаванні. Таму часта даводзілася быць не проста памочніцай па дому, але і ўважлівым псіхолагам. Старыя людзі, як дзеці, таму да кожнага быў патрэбен індывідуальны падыход. Ужо зараз, са свайго прыкладу, магу сказаць, што самае складанае ў жыцці – гэта адзінота. Пажылыя маюць вялікую патрэбу выгаварыцца, расказаць пра набалелае, свае праблемы. Цудоўна, што ў нашай краіне ёсць такая служба, якая не пакідае сталых людзей, прадастаўляе паслугі сацыяльных работнікаў.
Па стане здароўя Валянціна Паўлаўна сама ўжо больш за 14 гадоў мае патрэбу ў дапамозе, якую ёй аказвае сацыяльны работнік Вольга Шынкарэнка. Жанчына адзначыла, што Вольга Віктараўна стала для яе вельмі блізкім чалавекам, яна заўсёды побач.

– Мае дзеці вельмі добрыя, дагледзелі б мяне, але я не хочу нікуды ехаць са сваёй хаты, – кажа Валянціна Сяліцкая. – Два сыны жывуць у Маскве, адзін у Бабруйску, дачка ў Магілёве. Яны наведваюцца да мяне, пастаянна тэлефануюць. Да таго ж, дачка пайшла на заслужаны адпачынак і купіла дом у Любонічах, пастаянна бывае ў мяне.
Азіраючыся на пражытае жыццё, Валянціна Паўлаўна ні аб чым не шкадуе, вось толькі раіць маладым па магчымасці больш падарожнічаць, у тым ліку па нашай прыгожай Беларусі. Свае паездкі да сыноў у Маскву і Санкт-Пецярбург і экскурсіі па гістарычных мясцінах яна памятае і зараз да дробязей.
Што тычыцца прафесіі сацыяльнага работніка, то Валянціна Паўлаўна ўпэўнена, гэтыя спецыялісты павінны любіць людзей, мець чулае сэрца. Асабліва, калі гаворка ідзе пра пажылых, хворых, нямоглых, тых, хто па розных прычынах не можа сам сябе абслугоўваць. Зразумела, характар у людзей бывае розным, аднак у кожным чалавеку трэба знаходзіць нешта добрае, светлае і шчыра жадаць яму дапамагчы.
У Беларусі сёння пражывае каля 600 чалавек, якім споўнілася 100 год і больш. Больш за ўсё доўгажыхароў у Мінску – 118.
Самым старэйшым мінчанкам зараз па 107 гадоў. Пры гэтым людзей старэйшых за 90 гадоў у горадзе налічваецца 7324. Сярод іх 17 чалавек да гэтага часу працуюць: 14 мужчын і 3 жанчыны. А самай узроставай працуючай пенсіянерцы Мінска – 96 гадоў.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.