Калектыў рэдакцыі раённай газеты «Кіравец» віншуе з Днём друку!

За радком нумара…
Калектыў рэдакцыі раённай газеты «Кіравец» віншуе з Днём друку прадстаўнікоў усіх прафесій, якія маюць дачыненне да друкаваных выданняў, а таксама сваіх ветэранаў, чытачоў і падпісчыкаў. Жадаем усім натхнення, цікавых матэрыялаў і ўдзячных чытачоў. Хай слова застаецца значным, а газета – запатрабаванай! Здароўя вам і вашым блізкім, міру і дабра!
Дзень друку – гэта свята людзей, якія прывыклі працаваць «паміж радкоў»: чуць больш, бачыць далей, адказваць і за слова, і за давер.
«Кіравец» – гэта летапіс, напісаны не загалоўкамі, а штодзённасцю. У нас няма выпадковых герояў: вопытныя даяркі, маладыя настаўнікі, хлебаробы, кіраўнікі, вадзіцелі, дзеці і старыя – гэта ўсё героі нашых газетных палос…
Дарагія нашы чытачы, мне б хацелася пагаварыць пра калектыў раёнкі, людзей, якія ствараюць летапіс Кіраўшчыны сёння. І перш за ўсё хачу сказаць, што газета – гэта творчы, калектыўны прадукт, гэта заўсёды каманда. У нас няма вузкіх спецыялістаў: кожны з нас, творчых работнікаў, можа быць сёння на полі, заўтра – у школе, паслязаўтра – на ферме, а ўчора – у лесе… Наш творчы калектыў – гэта сплаў вопыту і маладосці: побач з вопытнымі журналістамі Людмілай Сямёнавай і Яўгеніяй Бялько працуюць маладыя спецыялісты Анастасія Алейнікава і Мая Гур’янава, а таксама Алеся Прыгажаева. Мы спадзяёмся, што моладзь возьме лепшае ў сваіх старэйшых калег і прыўнясе ў жыццё калектыву новую энергію і свежыя ідэі, захоўваючы пры гэтым павагу да назапашанага вопыту і традыцый. Прачытаць невялікую нататку можна за некалькі хвілін, а для яе падрыхтоўкі нашы журналісты часам марнуюць не адну гадзіну, а то і не адзін дзень. Знайсці інфармацыю, сустрэцца і пагутарыць з героямі публікацый, узяць каментарый…
Ні адзін нумар газеты не можа выйсці без рэдактара тэхнічнага. Лічу, што гэта не менш творчая пасада. Ірына Катушкіна і Мікіта Лапс у камп’ютары ўвасабляюць усе нашы творчыя задумкі, іх стараннямі нумар газеты набывае свой канчатковы выгляд. Яны ведаюць цану кожнаму радку, таму што ад іх умення размеркаваць напісаныя матэрыялы і фатаграфіі на газетнай паласе залежыць, ці зразумее чытач галоўнае, ці зацікавіцца матэрыяламі.
Спецыяліст па рэкламе Алена Жвырблеўская звязвае чытача з рэальнымі патрэбамі і прапановамі: хтосьці нешта купляе, прадае, шукае, тэлефануе, прыходзіць… І не толькі, таму што рэклама для газеты – гэта адна з крыніц даходу.
Вадзіцель Уладзімір Ярашэвіч. Магчыма, камусьці яго праца падасца простай, але без яго ў нас не было б жывога матэрыялу. Ён з’яўляецца сувязным звяном паміж рэдакцыяй і знешнім светам: забяспечвае бяспеку і дастаўку супрацоўнікаў да месца правядзення мерапрыемстваў.
Не менш важная і праца прыбіральшчыка. Каб выпусціць газету, трэба забяспечваць парадак у тым месцы, дзе гэты працэс адбываецца. З гэтай працай спраўляецца Алена Каранкевіч.
І, вядома ж, галоўны бухгалтар! Чалавек, без якога не было б, напэўна, нікога і нічога. Яўгенія Ліпоўская вядзе ўлік даходаў і выдаткаў, разлічвае заробкі, сочыць за тым, каб у рэдакцыі былі сродкі для працы і развіцця.
Галоўнай жа фігурай для калектыву рэдакцыі ва ўсе часы быў і застаецца чытач, падпісчык. Мы ўдзячныя тым, хто ў эпоху імгненных навін і бясконцых стужак застаецца верны газеце. Часта можна чуць: «Пакуль прыйдзе газета, мы аб усім даведаемся з вашага тэлеграм-канала». Вось мабыць для ўсяго гэтага мы і патрэбны. Мы ўжо гаворым на розных платформах, працуем у сацыяльных сетках, але галоўнае ўсё ж – гэта друкаванае слова, якое ўсё яшчэ мае вагу. Бо газета – гэта гісторыя ў асобах і дэталях. Пройдуць гады, і па нашых падшыўках будучыя пакаленні будуць пазнаваць, чым жыла Кіраўшчына сёння. І гэта, напэўна, самая важная частка нашай працы: быць патрэбнымі не толькі сёння.
«Кіравец» – гэта пра сувязь, якая не перарываецца, гэта наша сумесная праца. Дзякуй усім, хто мае дачыненне да нашай газеты: райвыканкаму – за падтрымку, тым, хто робіць яе сёння – за цярпенне і характар, хто рабіў калісьці – за адданасць справе, хто яе чытае – за ўвагу і патрабавальнасць.
За радком нумара…
Калектыў рэдакцыі раённай газеты «Кіравец» віншуе з Днём друку прадстаўнікоў усіх прафесій, якія маюць дачыненне да друкаваных выданняў, а таксама сваіх ветэранаў, чытачоў і падпісчыкаў. Жадаем усім натхнення, цікавых матэрыялаў і ўдзячных чытачоў. Хай слова застаецца значным, а газета – запатрабаванай! Здароўя вам і вашым блізкім, міру і дабра!
З павагай, Галіна Русецкая, галоўны рэдактар.