Кампетэнтны вадзіцель – камфорт для пасажыраў

Кожны год у апошнюю нядзелю кастрычніка адзначаецца Дзень аўтамабіліста і дарожніка. Яго святкуюць людзі розных прафесій і ўзростаў. Работнікаў філіяла “Аўтапарк №14” ААТ “Магілёўаблаўтатранс” аб’ядноўвае адно – праца на карысць людзей і іх камфорт, а таксама любоў і адданасць абранай справе.
Штодня адпраўляюцца ад аўтастанцыі нашага горада аўтобусы, кожны па сваім маршруце і згодна з раскладам. Для таго, каб пасажыры змаглі даехаць у патрэбны населены пункт, працуюць не толькі вадзіцелі, сочаць за спраўнасцю тэхнікі механікі і слесары, працуюць інжынеры, дыспетчары і касіры, іншыя работнікі прадпрыемства.
Філіял ажыццяўляе сваю дзейнасць па трох асноўных напрамках: прыгарадныя пасажырскія перавозкі ў рэгулярных і нерэгулярных зносінах, грузавыя перавозкі і перыядычны тэхнічны агляд транспарту.
Больш за 26 гадоў працуе ў Аўтапарку №14 Людміла Салянкіна. Пачынала касірам на аўтастанцыі, потым стала старшым касірам. У коле яе абавязкаў – работа з наяўнымі грашовымі сродкамі, якія паступаюць у Аўтапарк ад розных відаў дзейнасці: продажу білетаў, у тым ліку і вадзіцелямі аўтобусаў, аказання розных паслуг, а таксама кантроль за ўсёй фінансавай дакументацыяй.
Людміла Сяргееўна спецыяліст дысцыплінаваны і адказны, таму і ў касе, і ў дакументах – поўны парадак. Курыруючы работу касіраў аўтастанцыі, яна стараецца наладзіць рабочы працэс так, каб было зручна і работнікам, і пасажырам. А для таго, каб кампетэнтна адказваць на ўсе пытанні, неабходна ведаць правілы перавозкі пасажыраў, правы пасажыраў на льготны праезд і іншыя нарматыўныя дакументы. Жанчына заўсёды імкнецца да таго, каб кліенты аўтастанцыі заставаліся задаволены работай спецыялістаў. Калі ж узнікаюць нейкія няпростыя сітуацыі, яна ўмее размаўляць з людзьмі і знаходзіць кампраміснае рашэнне.
– Работа, звязаная з грашовымі сродкамі, патрабуе асаблівай адказнасці, бо касір павінен забяспечыць іх улік і захаванасць, – адзначыла Людміла Сяргееўна. – Але мне яна падабаецца, таму што дысцыплінуе і не дае расслабіцца. Ды і ўвогуле, калі на работу ідзеш з радасцю, азначае, што калісьці зрабіў правільны выбар і займаешся сваёй справай.
У Аўтапарку шмат гадоў працуюць вадзіцелямі муж і брат Людмілы Салянкінай.
Насельніцтва раёна забяспечваецца транспартным абслугоўваннем у адпаведнасці з даведзенымі сацыяльнымі стандартамі. Прадпрыемства мае на сваім балансе 15 аўтобусаў, якія абслугоўваюць 25 прыгарадных маршрутаў працягласцю 926 км, а таксама
8 МАЗаў і КАМаз, седлавы цягач.
Прадастаўляецца таксама транспарт па заяўках прадпрыемстваў і арганізацый раёна, прыватных асоб. Амаль круглы год задзенічаны МАЗы, на работах у сельгасарганізацыях раёна.
Не менш папулярная паслуга філіяла – праходжанне дзяржаўнага тэхнічнага агляду. На станцыі тэхабслугоўвання ўстаноўлена сучаснае абсталяванне, якое дазваляе хутка і дасканала праверыць спраўнасць любой тэхнікі.

Аксана Ставер з ліку тых работнікаў, якія ўсё працоўнае жыццё застаюцца верныя сваёй арганізацыі. Больш за 34 гады таму яна ўпершыню пераступіла парог Аўтапарка №14. За гэтыя дзесяцігоддзі жанчына прайшла шлях ад аператара і касіра да вядучага інжынера аддзела перавозак. Зараз Аксана Анатольеўна курыруе работу ўсяго аўтамабільнага транспарту, што знаходзіцца на балансе філіяла. Сярод яе падначаленых у асноўным мужчыны, якія з увагай і павагай ставяцца да выканання пастаўленых Аксанай Анатольеўнай задач. Бо ведаюць яе як вопытнага спецыяліста і прафесіянала сваёй справы.
Па словах вядучага інжынера, задачу па забеспячэнні насельніцтва зручнымі аўтобуснымі маршрутамі філіял выконвае дзякуючы рэгулярнаму маніторынгу колькасці насельніцтва і папулярнасці маршрутаў. Напрыклад, у выхадныя дні філіял робіць па 60 аўтобусных рэйсаў, у буднія крыху менш. Сярод найбольш запатрабаваных накірункаў –
Скачок, Жылічы, Барчыцы, Валосавічы.
Аксана Анатольеўна адзначыла, што якасна аказваць аўтатранспартныя паслугі насельніцтву дазваляе наяўнасць надзейных і адказных кадраў.
– Многія з нашых работнікаў прысвяцілі вадзіцельскай справе дзесяцігоддзі, – адзначыла спецыяліст. – Гэта правераныя часам, аддадзеныя сваёй працы людзі. Для іх, як дарэчы і для мяне, аўтапарк стаў па-сапраўднаму роднай арганізацыяй. У нас выдатны калектыў, які эфектыўна працуе, аб чым яскрава сведчаць падзякі пасажыраў нашым вадзіцелям.
У рабоце вадзіцеляў аўтобусаў вельмі важна, каб работнік быў акуратным, уважлівым і цярплівым, бо на яго ўскладаецца сур’ёзная адказнасць: зрабіць усё магчымае, каб паездка для пасажыраў была прыемнай і бяспечнай. Менавіта такімі якасцямі ў поўнай меры валодае Дзмітрый Васілеўскі. У Аўтапарку №14 ён працуе больш за тры гады, а агульны вадзіцельскі стаж – больш за 20 гадоў. За яго плячыма тысячы кіламетраў дарог, у свой час ён займаўся міжнароднымі перавозкамі, працаваў у сельскай гаспадарцы. Вырашыўшы аднойчы паспрабаваць свае сілы ў пасажыраперавозках, зразумеў, што гэта справа яму вельмі падабаецца. Дзмітрый Віктаравіч ведае, што яго прафесія – не толькі кіраванне транспартным сродкам, не менш важна кантраляваць выкананне пасажырамі правілаў праезду, забяспечваць іх камфорт, а галоўнае – захаваць падчас паездкі жыцці людзей. Самым важным у сваёй прафесіі ён лічыць узаемапавагу, спагадлівасць і жаданне зрабіць усё магчымае, каб пасажыры засталіся задаволены паездкай.
– Сёння галоўнай задачай Аўтапарка застаецца забеспячэнне бесперабойных пасажырскіх перавозак, стварэнне камфорту і зручнасці для кіраўчан і гасцей Кіраўшчыны, якія карыстаюцца нашым транспартам, – адзначыў дырэктар Аўтапарка Яўген Марозаў. – Агульны поспех прадпрыемства, яго стабільнае развіццё залежаць ад добрасумленнай працы, дысцыплінаванасці і высокай адказнасці кожнага работніка. Вопыт ветэранаў і энергія моладзі даюць свае вынікі. У нас ёсць людзі, якія працуюць на прадпрыемстве шмат гадоў, прыходзіць і дастойная маладая змена, якая пераймае бясцэнны вопыт старэйшых калег. Ёсць у калектыве і свае працоўныя дынастыі.
Прафесія вадзіцеля патрабуе значных фізічных і эмацыянальных сіл, а праца вельмі адказная і напружаная. Але нягледзячы на гэта, на дадзеным этапе калектыў прадпрыемства поўнасцю ўкамплектаваны вадзіцелямі, што дазваляе бесперабойна выконваць пасажыраперавозкі і дастаўку грузаў. Закрыты вакансіі і па іншых пазіцыях. У значнай ступені садзейнічае гэтаму дастойная заработная плата.
Належная ўвага ў філіяле надаецца абнаўленню тэхнічнага парка, які за апошнія гады папоўніўся новымі аўтобусамі і аўтамабілямі. Зараз на маршрутныя лініі выходзяць камфортныя і сучасныя аўтобусы, у тым ліку і вялікай змяшчальнасці.
Філіял Аўтапарка больш за 67 гадоў
аказвае транспартныя паслугі жыхарам і гасцям Кіраўшчыны. За гэты час змянілася шмат, але нязменным застаецца адно – забеспячэнне бесперабойных маршрутаў пасажыраперавозак і перавозка грузаў, давер і падзяка кіраўчан работнікам гэтай галіны. І гэта, бадай што, самая галоўная ацэнка работы арганізацыі.
Традыцыйна да прафесійнага свята лепшыя работнікі за шматгадовую добрасумленную працу, значныя асабістыя дасягненні, высокае майстэрства ў прафесійнай дзейнасці, узорнае выкананне працоўных абавязкаў атрымалі ўзнагароды. Нагрудным знакам “Ганаровы транспартнік” Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь узнагароджаны Уладзімір Целяшоў, Ганаровай граматай Міністэрства – Аксана Ставер. Ганаровай граматай Магілёўскага аблвыканкама адзначаны Аляксандр Вішнеўскі. Падзячныя пісьмы райвыканкама атрымалі Людміла Салянкіна і Аляксандр Габрусь, раённага Савета дэпутатаў – Валерый Каранкевіч і Юрый Шапоткін. Ганаровай граматы ААТ “Магілёўаблаўтатранс” удастоены Ігар Маскалёў, Падзячным пісьмом адзначана Вольга Лук’янава.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.