Кінатэатру “Кастрычнік” у Кіраўску — 45!










45-годдзе! Сёння — гэта месца прэм’ер айчыннага і замежнага кінематографа, культурна-масавых мерапрыемстваў, дыскатэк. А вось для мінулых пакаленняў кіраўчан ён так і застаўся кінатэатрам “Кастрычнік”, на экране якога трансліраваліся драматычныя, камедыйныя, дакументальныя кінастужкі, дзе адбывалася знаёмства з папулярнымі ў 70-я, 80-я гады мінулага стагоддзя індыйскімі фільмамі, замежнымі баевікамі і меладрамамі — у 90-я, а таксама наладжваліся канцэрты, фестывалі: “Мірныя зоры над Кіраўшчынай”, раённая “Юмарына”.
Бадай, многія карэнныя кіраўчане яшчэ памятаюць, як у 1971 годзе адкрываўся наш гарадскі кінатэатр, разлічаны на 400 пасадачных месцаў, пабудаваны па праекту беларускага архітэктара А.Кучарэнкі. Гэты вялізны будынак, заснаваны на спалучэнні глухой сцяны другога паверха і шкляной — першага, дзе было аформлена пано на тэму Кастрычніцкай рэвалюцыі, прыцягваў і знешнім выглядам, і рэпертуарам. У тыя гады з аншлагамі трансліраваліся кінастужкі “Свадьба в Малиновке”, “Возьму твою боль” і іншыя.
Першым дырэктарам кіраўскага кінатэатра быў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, І.А.Корзун. Шмат гадоў ён прысвяціў развіццю кінематографа на Кіраўшчыне. Працоўны шлях Івана Аляксандравіча быў адзначаны мноствам узнагарод, у тым ліку Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
У 1987 годзе калектыў кінатэатра ўзначаліў М.Я.Логвін. Ягоныя энергія, творчы запал і жыццёвы аптымізм дапамагалі калектыву спраўляцца з задачамі любой цяжкасці, папулярызаваць навінкі кіно.
Некалькі дзесяцігоддзяў развіваў кінапракат у раёне кінамеханік Р.Ц.Рудзько. За плённую працу Рыгор Цярэнцьевіч узнагароджаны Ганаровымі граматамі і значком “Выдатнік кінематаграфіі”.
У 2000 годзе будынак кінатэатра “Кастрычнік” рэканструявалі. Тады ж ён быў і перайменаваны ў Цэнтр вольнага часу. Паступова стаў паўнапраўным цэнтрам культурнага жыцця, асабліва для дзяцей і моладзі Кіраўшчыны.
У 2014 годзе ў межах падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2014” правялі капітальны рамонт з мадэрнізацыяй. Тут устанавілі сучасную праекцыйную апаратуру з функцыяй 3D і сістэмай аб’ёмнага гуку.
Падчас урачыстага мерапрыемства павіншаваць цяперашні калектыў Цэнтра вольнага часу з нагоды юбілейнай даты завіталі шматлікія госці.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэй Карпук уручыў шэраг узнагарод: за добрасумленную працу, прафесійнае майстэрства, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці начальнік аддзела кінавідэамерапрыемстваў Таццяна Бяляўская і дырэктар Цэнтра вольнага часу Наталля Карпенка ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі. Аб’яўлены падзякі супрацоўнікам аддзела кінавідэамерапрыемстваў: метадысту Але Гук, вядучаму інжынеру Віктару Стараставу, відэадэманстратару Наталлі Катлінскай, кінамеханіку Дзмітрыю Мельнічэнку, а таксама мастацкаму кіраўніку Цэнтра вольнага часу Дзянісу
Костку і хормайстру Наталлі Сакадынец.
Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі супрацоўнікі аддзела кінавідэамерапрыемстваў і Цэнтра вольнага часу
атрымалі ад абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры. Іх уручыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры Галіна Яскевіч.
Не засталіся без увагі ветэраны раённага кінематографа, якія на працягу многіх гадоў сродкамі кіно неслі кіраўчанам радасць, жаданне ствараць, прымалі ўдзел у эстэтычным выхаванні. Шчырыя словы падзякі за добрасумленную працу прагучалі ў адрас К.Д. Трысцянецкай, Т.А. Шамедзька, Т.І.Давыдовіч, К.Д.Гурэцкай, В.Г.Мядзведзевай, Л.І.Акуліч, Н.Ф.Рудзько, М.М.Васільковіча. Ім былі ўручаны сувеніры з нагоды юбілею.
А дбылося
ўзнагароджанне пераможцаў і ўдзельнікаў творчых конкурсаў. Так, галоўны інжынер Магілёўскага ВУП “Кінавідэапракат” Васіль Голад уручыў падарунак прызёру конкурсу дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Мой любімы мультфільм”, які праходзіў у Магілёве ў межах Міжнароднага дзіцячага фестывалю “Анімаёўка-2016”, — вучаніцы СШ №1 Настассі Ставер.
З чэрвеня па снежань бягучага года на Кіраўшчыне праходзіў конкурс відэаролікаў “Я здесь живу, и край мне этот дорог!”. Было прадастаўлена мноства работ. Журы ацэньвала адпаведнасць відэаролікаў тэматыцы, творчую навізну, арыгінальнасць, наяўнасць гукавога суправаджэння, відэаэфектаў, эмацыянальнасць. Пераможцай стала вучаніца Паўлавіцкай СШ імя Р.А.Худалеева Дарына Юхноўская, на другім месцы — гімназісты Мікіта Сурыновіч і Сафія Жураўлёва, на трэцім — настаўнік Дабаснянскай СШ С.С.Суглобаў. Дыпломы ўдзельнікаў конкурсу атрымалі педагогі з Мышкавіцкай СШ Т.А. Казлова і Н.А.Шчэрбіч, Станіслаў Вароніч, Данііл Елісеенка і Вадзім Арцюхоў з гімназіі, Анатоль Нароўшвілі з Дабаснянскага ВПК ДС-СШ.
С ярод цяперашніх
наведвальнікаў Цэнтра вольнага часу ёсць сапраўдныя аматары кіно, якія не прапускаюць ніводнай прэм’еры, — гэта кіраўчане Аляксандр Лук’янаў з сынам Цімошам, Фарыда Халатава і Ілья Бойка. Яны былі запрошаны на сцэну і расказалі аб фільмах, якія любяць глядзець. Спонсар мерапрыемства, прадстаўнік кампаніі “Фаберлік” Таісія Асецкая ўручыла актыўным наведвальнікам кіназалы сувеніры.
Завяршылася ўрачыстасць праглядам кінафільма, а пасля была магчымасць пацікавіцца стэндам, на якім размясціліся фотаздымкі мінулых гадоў на фоне кінатэатра “Кастрычнік” і ў яго інтэр’еры. Было цікава паглядзець на выявы аднаго з сімвалаў нашага райцэнтра мінулых часін.
Гавораць удзельнікі мерапрыемства:
Андрэй КАРПУК, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
— Думаю, знойдзецца няшмат карэнных кіраўчан, у якіх не было б успамінаў, звязаных з кінатэатрам “Кастрычнік”. Асабіста я памятаю аншлагі на індыйскае кіно, калі ў зале не хапала месцаў для гледачоў і нават прыстаўлялі стулы.
Моладзь 2000-х памятае кінатэатр як месца правядзення дыскатэк. Тады паміж сабой юнакі і дзяўчаты называлі гэты будынак “акварыўмам”, дзякуючы шкляному ніжняму паверху. Да слова, сваю жонку я сустрэў менавіта ў сценах кінатэатра “Кастрычнік”, на дыскатэцы.
На мой погляд, нягледзячы на наяўнасць у многіх сучасных кватэрах сістэм 3D-выявы, аб’ёмнага гукавога гучання, масавы прагляд фільмаў у зале кінатэатра ніколі не страціць сэнсу, бо гэта — іншыя атмасфера, эмоцыі і ўспрыманне.
Васіль ГОЛАД, галоўны інжынер Магілёўскага абласнога ВУП “Кінавідэапракат”:
— Мы актыўна супрацоўнічаем з Кіраўскім аддзелам кінавідэамерапрыемстваў: аказваем калегам метадычную дапамогу, курыруем пытанні па пракаце і рэкламаванні фільмаў, прадастаўляем рэпертуар.
Ад імя нашага кіраўніцтва выказваю ўдзячнасць калектыву за плённае супрацоўніцтва ў справе папулярызацыі айчыннага кінамастацтва, фарміраванні эстэтычнага густу ў падрастаючага пакалення.
Няхай у кіраўчан будзе як мага больш творчых поспехаў, рэалізуюцца цікавыя ідэі і праекты!
Наталля КАВАЛЁВА, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў:
— Былы кінатэатр “Кастрычнік”, а зараз Цэнтр вольнага часу, — гэта сапраўдны цэнтр кінапрэм’ер, дыскатэк, святочных мерапрыемстваў, месца актыўнага адпачынку моладзі. Сёння — гэта сучасны будынак з вялікімі тэхнічнымі магчымасцямі і шырокімі накірункамі дзейнасці.
Хочацца, каб тут заўсёды панавалі бязмежныя эфекты ад кінапаказаў, было мноства ўдзячных гледачоў, надзейных партнёраў.
Няхай кожны сеанс у гэтай утульнай зале будзе для кіраўчан і гасцей райцэнтра сапраўдным святам кіно!
Эма КАЛМЫКОВА, дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна:
— Дагэтуль памятаю, колькі цікавых мерапрыемстваў розных узроўняў і маштабаў прайшло на сцэне цяперашняга Цэнтра вольнага часу, у якіх я сама прымала ўдзел. Колькі апладысментаў ад удзячных гледачоў чулі гэтыя сцены, колькі вачэй, напоўненых радаснымі эмоцыямі бачылі! Не злічыць!
Хочацца, каб у гэтым прыгожым, добраўпарадкаваным будынку, на гэтай сцэне, у гэтай зале заўсёды было шматлюдна, панавала атмасфера свята, душэўнай цеплыні і радасці. Думаю, цяперашняму зладжанаму калектыву аддзела кінавідэамерапрыемстваў і Цэнтра вольнага часу гэта па сілах.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.