Кіпіць работа на рассветаўскім бульбяным палетку
Задаволены ўраджаем “другога хлеба” вопытны механізатар Юрый Бяляўскі
Аляксандр Печань
Віталь Бабіч
З раніцы і да позняга вечара не змаўкае гул тэхнікі на сельгаспалетках ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. Яно і нядзіўна: у гаспадарцы сёлета вырасцілі важкія ўраджаі бульбы, цыбулі, морквы, іншай агародніны, яблыкаў. Таму і шчыруюць руплівыя працаўнікі, імкнуцца хутчэй сабраць вырашчанае.
У мінулую пятніцу шырокім фронтам разгарнулася ўборка “другога хлеба” на полі перад уездам у Мышкавічы, куды і накіраваўся рэдакцыйны аўтамабіль. Карэспандэнтаў тут сустрэў начальнік участка “Мышкавічы” Сяргей Бяляўскі, які назіраў за ходам работ. На першае пытанне карэспандэнта: “Як ураджай?”, спецыяліст задаволена адзначыў: “Вельмі радуе!”. І сапраўды, бункер бульбаўборачнага камбайна быў даверху напоўнены вялізнымі клубнямі, якія хутка пасыпаліся ў кузаў пад’ехаўшага аўтамабіля. Яшчэ імгненне — і ўраджай накіроўваецца ў бульбасховішча.
Як адзначыў Сяргей Бяляўскі, поле, дзе зараз вядуцца работы, займае 80 га, расце тут бульба сярэдняспелага галандскага гатунку “фабула”, які сёлета асабліва радуе ўраджайнасцю, бо дае на круг пад 400 ц. Агульны ж бульбяны клін займае плошчу ў 323 га.
Акрамя “фабулы”, на рассветаўскіх палетках спее “рэд скарлет”. Дарэчы, гэта два самыя ўраджайныя гатункі, а ёсць таксама “скарб” і “брыз”. Варта адзначыць, што ў “Рассвеце” заўсёды надаецца ўвага насеннаму матэрыялу, ці то збожжа, рапс, морква ці капуста. Агранамічная служба пастаянна эксперыментуе, высаджвае па некалькі гектараў розных гатункаў раслін і пасля збору ўраджаю аналізуе, ці ёсць сэнс павялічваць плошчы пад тую ці іншую культуру, альбо яна не заслугоўвае ўвагі.
Варта адзначыць, што кіраўніцтва сельгаставарыства ніколі не эканоміць ні на насенным матэрыяле, ні на сродках для яго абароны і падкормкі. Адсюль і вядомыя важкія рассветаўскія намалоты і ўраджаі. Вось і сёлета на эксперыментальных плошчах чакаюць рашэнне, расці ім ці не на палях у “Рассвеце”, гатункі бульбы “каралева Ганна” і “санціна”.
Копка бульбы вядзецца трыма камбайнамі: двума нямецкай і адным айчыннай вытворчасці. Чыстае ад пустазелля поле дазваляе агрэгатам штодня выкапваць клубні на плошчы 4-5 га.
За штурваламі камбайнаў — не проста вопытныя механізатары, а спецыялісты вышэйшага класу: Юрый Бяляўскі, Аляксандр Печань, Валерый Юркавец, ён у дзень прыезду рэдакцыі на палеткі быў задзейнічаны на ўборцы цыбулі. Дарэчы, камбайны прыстасаваны і для ўборкі бульбы, і для копкі цыбулі, толькі мяняецца прыстаўка.
Механізатары дасканала падрыхтавалі сваю тэхніку, таму зараз пільна назіраюць, каб падчас копкі бульбы ў стужку не захапіла каменне ці якую жалязяку, што прывядзе да выхаду механізму машыны са строю.
На адвозцы “другога хлеба” з палеткаў задзейнічана пяць аўтамабіляў. З-за таго, што ўборачныя рассветаўскія плошчы вельмі вялікія, і ўвосень адначасова вядзецца вялікі ланцуг работ, тут прыцягваюць тэхніку з іншых арганізацый. Вось і сёлета на трох машынах працуюць мясцовыя вадзіцелі: бацька і сын Аляксандр і Віталь Бабічы, Сяргей Крапіўніцкі, а дзве адзінкі тэхнікі прыкамандзіраваны з аўтапарка №14.
Убраць бульбу з поля — гэта толькі палова справы, пакуль гэты любімы беларусамі прадукт дойдзе да спажыўца. Клубні з поля накіроўваюцца ў бульбасховішча, дзе ідзе іх пераборка, сарціроўка і фасоўка. Нягледзячы на вялікую колькасць прыстасаванняў і агрэгатаў, гэта ў асноўным ручная праца, якая патрабуе ад людзей адказнасці і пільнасці.
Надвор’е пакуль спрыяе бульбаводам, гектар за гектарам, тона за тонай напаўняюцца засекі агароднінасховішча, праз гандлёвыя аб’екты смачныя клубні рассветаўцы прапануюць пакупнікам.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.